Слоним
weather
9
Зельва
weather
9
Волковыск
weather
17
Мосты
weather
15
Дятлово
weather
15
Барановичи
weather
10
EUR 2.4663
USD 2.1261
RUB(100) 3.2227
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 305 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 206,58 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 34 руб.
Базовая величина: 24,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10,5%

Мова і начальнічкі

28 сентября 2018 19:53
231
Поделиться:

Выйшаў ранкам з хаты,

Уздыхнуў Іван:

«Ох, як надакучыў

Нам гэты обман!»

Як тыповы беларускі начальнічак адносіцца да беларускай мовы? Не адкрыю Амерыкі, калі скажу: з пагардай.

З-за гэтай пагарды наша абяздоленая мова стала сірацінкай, якая не мае прытулку ў роднай краіне.

А тыповы беларускі начальнічак, узвёўшы шыкоўны катэдж, узнёсся не толькі над мовай, але і над яе носьбітам – народам. Да народа, як і да мовы, ён таксама адносіцца з пагардай. Паглядзіце на твар тыповага начальнічка: ён вечна злосны, жорсткі, незадаволены. Сыты, дагледжаны, недаступны выгляд тыповага начальнічка-пана кажа простаму чалавеку з народа: «Ты нішто для мяне, цябе няма, як і тваёй мовы».

Жахлівы характар начальнічка ствараўся і стварыўся не сёння і не ўчора. У далёкую гісторыю цягнецца нядобры ланцуг жорсткасці, пагарды. Некалі Якуб Колас пісаў пра начальнічкаў-паноў у паэме «Новая зямля» (раздзел «Панская пацеха»):

Сядзяць паны, як страхі тыя,

А міны важныя такія,

Ўсе непрыступны і ўсе горды,

Рашучы погляды і цвёрды…

Просты чалавек, прыгнечаны штодзённымі праблемамі, не заўважае гэтага, як не заўважае неразумная кузурка, калі на яе націскаюць і душаць. Таму і глядзіць ён у рот начальнічку, усё спадзяецца на нейкі цуд.

Цуду не будзе: тыповы беларускі начальнічак даўно стаў феадалам і хоча жыць па-панску. Цуд будзе здзяйсняць толькі для сябе рукамі пазбаўленага правоў простага чалавека.

Сённяшні тыповы беларускі начальнічак адкрыта, не баючыся, хлусіць кожны дзень. Напэўна, лічыць, што хлусню даўно ператварыў у праўду. Нядаўна я сам сутыкнуўся з падобным выпадкам, калі праўду хацеў зрабіць праўдай.

Цяжка дабіцца справядлівасці, праўды ў асяроддзі нашых начальнічкаў. Упэўненыя ў сваёй уседазволенасці, яны будуць ганяць цябе па крузе, прысылаючы бязглуздыя, не маючы ніякага сэнсу адпіскі. Самі іх не складаюць, для гэтага ў іх ёсць служкі, чыноўнічкі, пісцы.

Сядзяць пісцы, як гною кучкі,

Скрыпяць іх пёрцы, ходзяць ручкі,

Трашчаць, як конікі на сене

Ці тыя шашалі ў палене… — пісаў пра такіх Якуб Колас у паэме «Новая зямля» (раздзел «Дзядзька ў Вільні»).

Жорсткасць, зласлівасць у душы начальнічкаў нарастала паступова, сфарміраваўшы з іх нягоднікаў і эгаістаў. Спачатку яна праявілася ў адносінах да мовы, а потым, як небяспечны мікроб, перакінулася і на простага чалавека, які для начальнічка — пылінка. На гэтую пылінку ён у патрэбную яму хвіліну з радасцю дзьмухне.

Міжволі нагадваецца факт з жыцця маёй бабулі Марысі. Вельмі цяжка ёй, салдатцы, муж якой загінуў на фронце, жылося пасля вайны. Адной прыходзілася гадаваць сына Васіля і маю будучую маму дачку Надзею. Неяк суседзі параілі бабулі Марысі: «Схадзі да начальства ў Слонім. Няхай акажуць табе дапамогу як салдатцы». Паслухаўшы добрых людзей, прыйшла яна ці то ў раённы камітэт камуністычнай партыі (тады ён меў найбольшую ўладу), ці то ў райвыканкам (гэтага добра не ведаю) да начальніка. Той выслухаў яе і запытаўся: «Ваш муж загінуў?» «Загінуў на вайне», — адказала мая бабуля. «Яго ўжо няма. Значыць, і ніякай карысці для нас ад яго няма», — прамовіў начальнік. Што заставалася рабіць беднай удаве? Выціраючы на твары слёзы, пайшла пяшком у родную вёску Парэчча.

Нешта падобнае прыйшлося пачуць і мне, калі, пакрыўджаны несправядлівасцю, сказаў аднаму начальнічку: «У гады вайны абодва мае дзяды загінулі ад рук фашыстаў!» Той начальнічак тады прамаўчаў, крыва ўхмыльнуўся. А вось іншы мой знаёмы начальнічак, крыху меншы па рангу, выслухаўшы мяне, даў такі красамоўны адказ: «І трэці дзед можа загінуць».

Гляджу на сучасных беларусаў і бачу, як шмат робяць яны памылак, як жаданне выжыць любой цаной і спрадвечная вера і мара ў добрага начальніка, у добрага цара ўсё больш і больш прыніжае іх, робіць баязлівымі, абыякавымі.

Ужо птушкі пяюць усюды,

Ужо кветкі зацвілі…

«Вясна прыйдзе», — кажуць людзі…

Ды скуль прыйдзе і калі?

І нашто ж вясна нам, Божа?

Мы адвыклі ад вясны…

Елкі ў лесе, мох на стрэсе

Зелянеюць заўсягды… — напісаў на нашай слаўнай роднай мове паэт Уладзіслаў Сыракомля (гады жыцця: 1823 – 1862).

Што чуеш у гэтых словах, беларус?

Ці не набліжаеш ты імкліва той час, калі начальнікам над табою стане сённяшні кітайскі селянін ці рабочы?

2018 г.

Блог Слонімскага пісьменніка Аляксея Якімовіча — https://jakimovic.blogspot.com

Scroll Up