Слоним
weather
4
Зельва
weather
4
Волковыск
weather
12
Мосты
weather
11
Дятлово
weather
11
Барановичи
weather
7
EUR 2.4197
USD 2.0988
RUB(100) 3.2132
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 305 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 206,58 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 34 руб.
Базовая величина: 24,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10,5%

На жыццёвых скрыжаваннях: Гора з бядою

7 октября 2018 12:35
223
Поделиться:

Малюнаак Яўгена Іванова

Усе ў вёсцы казалі, што Ніне Куронак Бог не даў шчасця. І сапраўды, якое там шчасце, калі дзеўка не мела ні кропелькі прывабнасці: твар доўгі, нібы кабачок, кірпаты нос, вялікія, навыкаце, вочы, да таго ж рэдкія валасы ледзь прыкрывалі цемя, постаць нязграбная. Жыла яна з мацерай — старой Аленай, якая ніколі не была замужам. Алена на пенсіі даглядала такую-сякую гаспадарку: курэй, двое свіней, гусей, якія гарланілі на падворку, лічы, круглы год, бо кабета пакідала гусака і некалькі гусак для новага прыплоду.

Ніна працавала даяркай на мясцовай ферме. Спачатку на старой, а як пабудавалі новую, перайшла туды.

— Магла б твая дачка якую іншую прафесію набыць, каб у горадзе зачапіцца, — сказала аднойчы Алене сястра Клаўдзя. — Мо там і жаніх знайшоўся б.

— Ага, у горадзе жаніхі проста на дарозе валяюцца. Для маёй Ніны ні ў вёсцы, ні ў горадзе ніхто не знойдзецца. Бачыш жа, якая яна непрыгожая. Акурат як я, ну проста крошачкі падабрала. От, бу­дзем жыць як жывецца і няма чаго тут разважаць, — Алена махнула рукой і горка ўздыхнула.

Калі Ніне пераваліла за трыццаць, у іхняй вёсцы Акрошкі пачалі прыкмячаць, што яна часта бывае залішне вясёлая.

— Цётка Алена, паўшчувайце сваю дачку, — сказаў загадчык фермы Іван Паска. — Выпіваць яна пачала, іншы раз на работу прыходзіць з пахмелля.

— З пахмелля, але ж не п`яная. І на рабоце п`янай не бывае. Ці не праўду кажу?

— Праўду, працуе яна добра, прэтэнзій не маю, але ж гэта алкагольная багна можа зацягнуць так, што потым і не вылезе.

— Ведаю, сынок… Казала ёй не раз і сварылася, па-добраму. Маўчыць як сцяна, хоць бы слова ў адказ.

У канцы восені, калі ўжо ўсе птушкі паляцелі ў вырай і над зямлёй пачалі гу­ляць сцюдзёныя вятры, абяцаючы хуткую зіму, у вёску вярнуўся сын удавы Яні Бурачэўскай Косцік. Ён доўгі час жыў у Мінску, працаваў на будоўлі мулярам. Таксама не размінаўся з чаркай. Аднойчы вечарам ішоў па горадзе на добрым падпітку і трапіў пад машыну, моцна пакалечыў нагу. Дактары не далі рады вылечыць, і левую ступню прыйшлося адняць. Вядома, што з пратэзам працаваць на будоўлі Косцік ужо не мог. Звольніўся і прыехаў у вёску да маці, як яна казала, гора гараваць.

— Добра, што не жанаты, а то як жыць, каб былі жонка і дзеці, — разважала паштальёнка Соня, прынёсшы Яні пенсію. — А так з табой будзе.

— Не тое кажаш, Сонечка, — на вочы кабеты навярнуліся слёзы. — Каб былі жонка і дзеці, то, можа, і не распіўся б. А так, вядома, гарэлка да дабра не даводзіць, пакалечыўся во…

Пад сорак падбіраецца, а ні кватэры, ні сям`і. Ды і то сказаць, жывуць людзі і не з такім калецтвам, калі не п`юць…

Амаль два месяцы Косцік сядзеў без работы, нудзіўся, стаў яшчэ больш піць. Тады маці пайшла да старшыні калгаса Сяргея Церанкова і слёзна папрасіла
даць сыну хоць якую справу:

— Ён не будзе піць на рабоце, не ўсе ж мазгі высахлі, — ледзь не галасіла кабета. — А так загіне ад гэтай праклятай га­рэлкі. Адзін жа ён у мяне… Пашкадуйце, Сяргей Фёдаравіч!

— Добра, але няхай толькі заўважу ці хто скажа, што ідзе па крывой дарозе, звольню і больш нікуды не вазьму. Вартаўніком у стары цялятнік пойдзе? Дзед Ахрэмчык, што там працаваў, захварэў і сказаў, што на работу больш не выйдзе.

— Чаму ж, пойдзе! — абрадавалася Яня.

Напрадвесні, калі пачаў раставаць снег, Косцік сустрэў на вуліцы Ніну Куронак. Яна мела выхадны і расслабілася як мае быць. Не ў меру вясёлая, ішла ад сяброўкі Каці Прышчэпка. Яны ў чарговы раз святкавалі нейкі дзень календара.

— І не надакучыла табе заліваць вочы? — спытаў. — Так жа нецікава жыць.

— А сам даўно перастаў? Лічы, пару месяцаў як не п`еш, а ўжо павучаеш, — па твары Ніны прабегла грымаса болю, знікла п`яная весялосць. У Косцікавай душы заварушылася нешта падобнае на шкадаванне, спагаду да гэтай няшчаснай дзяўчыны. З яе сініх вачэй градам пакаціліся слёзы. Прыхіліўшыся да яго грудзей, плакала наўзрыд. Усё адно як малая дзяўчынка, якую моцна пакрыў­дзілі.

— Ну што ты, Ніначка? — абняў за плечы.

— Думаеш, я для радасці п`ю? — яе плечы ўздрыгвалі. — Загрызае адзінота… Я ж нікому не патрэбна, такая непрыгожая… Ты вунь які, статны, кучаравы, і з твару — глядзець не наглядзецца. Ну і што, як пакалечаны? Гэта з кожным можа быць…

— І ты прыгожая… Вочы якія ў цябе — сінія-сінія. А засмяешся, то ўсё адно як сонейка засвеціць…

— Праўда?! Такіх слоў мне ніхто ніколі не казаў, нават мама.

— Давай пажэнімся, Ніна. Я ведаю цябе з маленства, ты мяне таксама. Ты і піць перастанеш, праўда?

— Перастану, Косцічак! З гэтай мінуты і кроплі ў рот не вазьму. Вось пабачыш!

За вясельным сталом сабралася шмат людзей, бо калгасная сталовая прасторная. Побач з маладымі сядзелі мамы нявесты і жаніха.

— Гора з бядою сходзяцца, — неўпрыкмет выціраючы слёзы, шапнула сваньцы Алена.

— Яшчэ невядома. Можа, і радасць у нас будзе, не ўсё ж гараваць.

І як наваражыла: праз год у Ніны з Косцікам нарадзіліся два сыночкі-блізняткі. Іхняя мама нібы расцвіла, засвяцілася нейкім унутраным святлом. Мінулі і забыліся дні адзіноты, калі яна шукала збавення ў гарэлцы. Здавалася, што на змену халоднаму лістападу ў яе душы заквітнеў май…

Обратите внимание
Scroll Up