Слоним
weather
9
Зельва
weather
9
Волковыск
weather
18
Мосты
weather
18
Дятлово
weather
18
Барановичи
weather
12
EUR 2.4365
USD 2.1066
RUB(100) 3.221
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 305 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 206,58 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 34 руб.
Базовая величина: 24,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10,5%

Не забі

10 октября 2018 9:52
111
Поделиться:
З 5 да 10 кастрычніка ў Беларусі праходзіў трыдыцыйны Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Свае мерапрыемствы з гэтай нагоды ладзілі праваабарончыя арганізацыі краіны, але не толькі яны. У гэтым годзе тэма 16-га Міжнароднага дня — умовы ўтрымання зняволеных у камерах смяротнікаў

Праваабаронцы і музыкі — супраць смяротнага пакарання ў Беларусі
Сёлета супраць смяротнага пакарання выказаліся такія вядомыя беларускія музыкі і музычныя гурты, як Зміцер Халяўкін з папулярнага гурта Nizkiz, Ілля Чарапко-Самахвалаў з гурта «Петля пристрас­тия», вакаліст мінскага гурта Teleport Яўген Цярэнцьеў, лідар вядомага гурта «Мутнаевока» Яўген Змушка і некаторыя іншыя.

Раней сярод музыкаў ідэю адмены смяротнага пакарання ў Беларусі падтрымлівалі Лявон Вольскі, Уладзімір Пугач, Юрый Стыльскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр
Памідораў, Алесь Дзянісаў, Ганна Хітрык, Анастасія Шпакоўская, і гэты спіс можна доўжыць.

Калі праваабаронцы, выступаючы супраць пакарання злачынцы смерцю, апелююць да парушэння ў такім выпадку дзяржавай права на жыццё, замацаванае ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека, то ў музыкаў тут больш просты падыход.

Ілля Чарапко-Самахвалаў

— Я супраць смяротнага пакарання таму, што потым ужо нічога не выправіць, — сказаў у інтэрв`ю «Нашай Ніве» Ілля Чарапко-Самахвалаў.

Практычна такімі ж меркаваннямі кіраваліся ў сваіх выказваннях супраць смяротнага пакарання і пералічаныя вышэй калегі Іллі. Нездарма ж адзін з фестываляў беларускага року, які праводзіцца падчас Тыдня супраць смяротнага пакарання, называецца «Рок за жыццё». Сёлета беларускія музыкі спявалі «за жыццё» ў Віцебску і Мінску.

У чаканні смерці
Выкананне прысуду да вышэйшай меры пакарання з жахам чакаюць не толькі асуджаныя, але і іх родныя.

Адзенне смяротніка

Праваабаронцы з «Вясны» да сёлетняга Тыдня супраць смяротнага пакарання падрыхтавалі адмысловы ролік, у якім маці асуджанага да расстрэлу ў ліпені 2017 года Ігара Гершанкова расказвае пра пакуты, праз якія яна праходзіць разам са сваім сынам, пра ўмовы яго ўтрымання, катаванні і абмежаванні яе сына ў СІЗА №1 у Мінску. Але найбольшыя пакуты — у іншым.

Кармушка ў камеры

«Кожны раз баімся правяраць паштовую скрыню», — прызналася маці смяротніка пра іх з мужам страх атрымаць са сталічнага СІЗА №1 паведамленне пра выкананне прысуду.
Праваабаронцы «Вясны» 5 кастрычніка традыцыйна выйшлі ў цэнтр Мінска з раздачай спецвыпуску газеты «Народ­ная Воля». Гэтай масавай інфармацыйнай акцыяй актывісты кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» распачалі Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Спецвыпуск газеты прысвечаны праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі. Упершыню матэрыялы спецвыпуску склалі творы вядомых пісьменнікаў, публіцыстаў і паэтаў, такіх як Уладзімір Някляеў, Алесь Бяляцкі, Сяржук Сыс, Сяргей Дубавец, Галіна Дубянецкая і Паліна Сцепаненка.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі раздае спецвыпуск «Народнай Волі» ў Мінску

Больш за дзве тысячы асобнікаў «Народнай Волі» раздалі за некалькі гадзін. Людзі ахвотна бралі іх і цікавіліся тэмай смяротнага пакарання, інфармуе ў сваім рэпартажы сайт http://spring96.org.

Паэт і праваабаронца Сяржук Сыс

Паэт і праваабаронца Сяржук Сыс вельмі пераканаўча перадаў стан чакання смерці вязня-смяротніка ў сваім вершы «Адмоўлена», які таксама быў надрукаваны ў сёлетнім спецвыпуску «Народнай волі».

Адмоўлена
А ты не верыш, думаеш, што сніцца,
Што вось, расплюшчыш вочы і міне…
«Адмоўлена ў жыцці», прысуд, вязніца,
І ў сэрцы боль пякучы палыхне.

Як чуйна слых свідруе сутарэнне,
Жахаецца, пачуўшы крок цяжкі,
Ці ляск дзвярэй, ці ветру шум вясенні…
Ідуць за мной, каб звесці на вякі?

Ды не, ня можа быць! Яшчэ надзея
Ледзь кволіцца ў загубленай душы.
Дарэмна… Кат аплёўся партупеяй,
Каб зноў зрабіць сваё і зноў зграшыць.

Трымціць душа ў бетоннай дамавіне,
Халодных слёз зіхценне з-пад павек.
У дрогкім сне — крывавая каліна,
Ды маці, што сышла адсюль навек.

У асвятленні цьмяным павуцінне
Раптоўна выхапіць на столі зрок.
Там нехта ёсць жывы… ага, скажы мне:
«І ты бяссоннем хворы, павучок?»

А ты не верыш, думаеш, што сніцца,
Што вось, расплюшчыш вочы і міне…
«Адмоўлена ў жыцці», прысуд, вязніца,
І ў сэрцы боль пякучы палыхне.
2018 год

Турма на вуліцы Валадарскага ў Мінску, дзе раней чакалі выканання прысуду смяротнікі

Даведка
Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання адзначаецца 10 кастрычніка. Ён заснаваны Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання — аб`яднаннем прафсаюзаў, мясцовых і рэгіянальных органаў улады, юрыдычных асацыяцый, а таксама праваабарончых арганізацый з мэтай паўсюднай забароны на гэты від вышэйшай меры пакарання. Прыхільнікі руху выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцця асуджанага. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, абвешчанае ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.
Беларусь дагэтуль застаецца апошняй еўрапейскай і адзінай постсавецкай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне.
Паводле звестак праваабаронцаў, за апошнія 20 гадоў у краіне пакарана смерцю больш за 300 чалавек.

Фота: spring96.org

Scroll Up