Слоним
weather
6
Зельва
weather
6
Волковыск
weather
5
Мосты
weather
5
Дятлово
weather
5
Барановичи
weather
5
EUR 2.4365
USD 2.1066
RUB(100) 3.221
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 305 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 206,58 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 34 руб.
Базовая величина: 24,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10,5%

На жыццёвых скрыжаваннях: Дзве ўдавы

13 октября 2018 19:34
190
Поделиться:

Малюнак яўгена іванова

— Можа б, ты да якой багацейшай дзеўкі пасватаўся, сынок, — Кацярына Вікторык сядзела ля стала і прала кудзелю на верацяно, назіраючы, як Сцяпан апранаецца ў свято­чнае, каб ехаць у сваты да Стасі Савоська ў вёску Бунары. — Вайна нядаўна закончылася, мы ледзь канцы з канцамі зводзім, бедная і твая Стася.

— Мама, хопіць ужо гэтых размоў пра беднасць. Я люблю Стасю, і больш нікога мне не трэба.

Вінцук Вікторык, родны брат Кацярынінага Пятра, што загінуў на фронце, сядзеў і маўчаў, да пары да часу не ўмешваўся ў іхнія спрэчкі, але нарэшце не вытрымаў:

— Не перашкаджай сыну, у яго свой лёс. Няхай робіць, як хоча. Будзе любоў ды лад у сям`і, то і багацце нажывецца.

Пакуль выбіраліся ды выехалі за вёску, усчалася мяцеліца. Снег круціла і перла так, што свету не відаць, а тут яшчэ і цямнець пачало: у студзені дні кароткія.

— Ты ж ці ведаеш, з якой сям`і твая нарачоная? — спытаў дзядзька. — Які лёс яе напаткаў?

— Так, збольшага…

— То я раскажу. Стася з бацькамі жыла ў дабротнай хаце, што пабудавалі да вайны. Ну, як пачалася на свеце гэта калатнеча, бацька яе пайшоў на фронт і не вярнуўся. А ягоны брат Аркадзь, якога не ўзялі ў войска з-за хворай нагі, застаўся ў вёсцы. Скажу табе, гультай з гультаёў. Бацькі паўміралі, хата, дзе жылі, была старая і ўжо развальвалася. Аркадзь перайшоў жыць да братавай удавы Мані. Спачатку ўсе думалі, што ў прымы, ажно не. Нібыта кватарантам стаў. Стася ўжо падлеткам была, надрывалася з мацерай у рабоце, а яму хоць бы дзічкі. Заробіць якую капейку ў цагельні і зараз жа прап`е. А неўзабаве прывёў сабе жонку — тоўстую, няспрытную, та­кую ж гультаяватую, як сам, Яню Скорбік. І пасыпаліся ў іх дзеткі як бульба з мяшка. Так бы мовіць, што гадок, то раток. Пяцёра ўжо маюць. Стася з мацерай працуюць не пакладаючы рук, а ядуць усе з аднаго гаршчка. Так што замужжа ёй будзе сапраўдным паратункам.

— Ну гэтага я не ведаў, а каб і ведаў, то нічога не змянілася б.

Калі пад`ехалі ў Бунарах да Савоськавай хаты, то ўбачылі: іх тут чакаюць. Ва ўсіх вокнах гарэў агонь. Стася, убачыўшы, што на падворак заехала падвода, вынесла стары кажух, каб накрыць каня, запрасіла гасцей у хату.

— Прабачце, у нас тут няма асаблівага парадку, — прамовіла вінавата. — Вядома ж, дзяцей шмат, а за імі хіба
ўгледзіш? Усё раскідаюць, не паспееш прыбіраць.

Пераступіўшы парог, госці ўбачылі сапраўдны вэрхал: пасярод вялікага пакоя валяліся паленцы, на якіх былі завязаны анучкі. Гэта ў дзяцей, пэўна, былі такія лялькі. Для нейкай гульні яны параскідалі па падлозе бульбіны. Убачыўшы незнаёмых людзей, два хлопчыкі і тры дзяўчынкі схаваліся за вялікую печ і з цікавасцю пазіралі адтуль. Вінцук дастаў з кішэні марынаткі пяць драбочкаў цукру і хацеў пачаставаць малых, але тыя не выйшлі са сваёй схованкі. За іх пачастунак узяла маці — тоўстая і неахайна апранутая кабета гадоў сарака.

— Саромеюцца, — патлумачыла.

— А дзе ж твой Аркадзь? — спытаў Вінцук.

— Паехаў да брата ў Маладзечна. Яго брат вельмі хворы. Прыйшоў з вайны паранены і цяпер мучыцца…

Стася з Маняй сабралі на стол пачастункі, запрасілі сесці з гасцямі і Аркадзеву жонку Яню. Размова была кароткай. І Стася, і Маня былі не супроць замуства. Пра пасаг не гаварылі, бо які тут пасаг? Не адбярэш жа ад дзяцей апошнюю карову. Вяселля таксама рабіць не збіраліся. Распішуцца ў сельсавеце, возьмуць шлюб у касцёле — і дасць Бог маладым шчасця і добрую долю.

Выпраўляючы дачку ў чужую вёску, Маня аблівалася слязамі, нібыта не спадзявалася яе больш убачыць. Плакала наўзрыд і Стася.

— Мы ж будзем прыязджаць, не за мора вязу цябе, — супакойваў Сцяпан.

— Будзем-то будзем, але ж дзядзька Аркадзь са сваёй жонкай замардуюць маму работай, будуць папракаць кавалкам хлеба. Я ж ведаю… Жывуць у нашай хаце, а адносяцца так, нібыта мы іхнія служанкі.

Пра жончыну трывогу Сцяпан расказаў мацеры.

— Мама, падумай, як там жыць маёй цёшчы? Нібыта ў якім рабстве.

— А што тут думаць, сынок? Растане снег, падсохне дарога, то і перавозь сваю цёшчу да нас. Мы дзве ўдавы, адной доляй звязаны, то хіба не ўжывёмся, не падзелімся кавалкам хлеба? А неўзабаве, дасць Бог, народзяцца ў вас дзеткі, то як мы будзем рады няньчыць унукаў!

Расказалі пра гэта рашэнне Стасі. Як жа засвяціліся шчасцем яе сінія вочы, як заружавелі шчочкі!

— Сцяпанка, мамачка, і гэта праўда, што мая мама будзе жыць з намі? Проста не магу паверыць! Мы ж з ёй думалі, што гэта пакута навек: працаваць у калгасе, потым на ўласнай гаспадарцы, гадаваць Аркадзевых дзяцей. А замест падзякі толькі кпіны ды папрокі…

У канцы сакавіка Сцяпан папрасіў у калгасе каня і яны са Стасяй паехалі ў яе родныя Бунары. Для Мані гэта было вялікай нечаканасцю, радасцю, пра якую яна і марыць не магла.

— Дзякуй, дзеткі! — плачучы, казала кабета.

— Толькі нічога з хаты не бяры! — папярэдзіла Яня.

— Як захачу! — асмялела Маня. — Тут нічога твайго няма, усё мы з мужам ды Стасяй нажывалі. Насіце, дзеці, з шафы на воз посцілкі, абрусы, звязвайце маё адзенне, бацькавы кажухі. А праз нейкі час прые­дзем і шафу забяром, бо не паеду ж я да людзей нібыта якая жабрачка. І жыта з засекаў частку вазьму, лёну ды пшаніцы. Тут шмат маёй працы ўкладзена, маёй і Стасінай. А не аддасце па-добраму, то ў суд падам!

Уся вёска тады радавалася за Маню, што хоць на старасці ёй выпала людская доля…

Scroll Up