Наверх
Слоним
пасмурно
5 °C
Зельва
пасмурно
5 °C
Волковыск
пасмурно
7 °C
Мосты
пасмурно
7 °C
Дятлово
пасмурно
7 °C
Барановичи
пасмурно
5 °C
EUR 2.383
USD 2.1986
RUB(100) 3.4651
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

На жыццёвых скрыжаваннях: Графіня

28 октября 2018 12:14
Поделиться:

Малюнак Яўгена Іванова

Калі аўдавеў Марцін Ліпчык, то ў многіх кабет з іхняй вёскі Растаропкі ў душы зацеплілася надзея выйсці замуж. Ды гэта і зразумела, бо і дзеўкам-векавухам, і ўдовам прыходзілася нялёгка. Тады яшчэ жалі сярпамі, палолі дзялкі буракоў ды кукурузы, уласная гаспадарка таксама мела патрэбу ў мужчынскіх руках. А Марцін быў жаніх хоць куды: і не стары, бо хіба гэта ўзрост для мужчыны — пяцьдзясят два гады, і працавіты, і прыгожы. А хата ў яго была не такая, як усе вясковыя — дабротная. Узорыстыя вокны з аканіцамі, ашалявана. А нядаўна прыбудаваў да яе веранду. І ўсё сваімі рукамі.

Марцін быў добры цясляр і сталяр, і яго часта наймалі людзі на будоўлю. Праўда, грошы браў немалыя і не ўсе маглі заплаціць, затое ўжо каму зробіць хату — залюбуешся.

Гады ішлі, а гэты ўдавец усё не жаніўся, не спяшаўся зноўку ўладкаваць свой лёс.

— Баіцца, — выказалася на гэта яго суседка Ядзя Брыська. — Падлабуніцца якая, каб толькі ўзяў, а потым і пакажа зубы. Усядзецца на яго дабро — кіем не згоніш. А як жа, законная жонка. Ён працавацьме, а яна толькі грошы траціць. Такіх жа хапае.

— Ну то няхай бярэ спраўную бабу, каб такая, як сам, — не згадзілася з ёй Ванда Крупік. — Хапае ж у нас усякіх.

Яны неслі з лесу па вядру чарніц і гэтак самі сабе разважалі, не ведаючы, што Марцін учора ўжо пасылаў сватоў да Сабіны Абалёк у суседнюю вёску Даўгаполле. А як назаўтра даведаліся, былі вельмі здзіўлены, між іншым, як і ўсе ў іхніх Растаропках.

У Сабіны была мянушка Графіня, ёй таксама пераваліла за пяцьдзясят. Старая дзеўка, яна жыла ў канцы вёскі і славілася на ўсю ваколіцу гультайствам.

— Чаму ты якой казы не купіш ці курэй? — пыталі вясковыя бабы.

— Я буду трымаць казу ды курэй?! Ці мо яшчэ пра парасят скажыце? Я — графіня! У мяне род знакаміты да дзясятага калена, каб вы ведалі! Не тое што вы, мужычкі!

— Жартуе, цану сабе набівае, — смяяліся ў вёсцы.

Самазваная Графіня, так бы мовіць, за халодную ваду не бралася. Жыла прыпяваючы. На ўсе зімовыя месяцы знікала з вёскі. Чаго і куды — пра тое ніхто не ведаў.

— У багатых людзей у Мінску служыць, падлогу ім мые ды есці варыць, а то і малых дзяцей гадуе, — меркавала Ядзя. — Бачылі, якіх убораў панавозіць кожны раз? Адно слова, Графіня.

— Ну і ўборы ж! Нечыя абноскі прывалачэ, перашые ў швачкі і фарсіць тут перад намі, — з пагардай мовіла Маня Бурачэўская. — Яна ж нават есці дома не варыць, а ходзіць у сталоўку у суседні пасёлак.

Бабы абураліся і спрачаліся, а ўбачыўшы, як па вуліцы ідзе Графіня ў крэпдэшынавай сукенцы з капялюшыкам на кучаравай галаве, гатовы былі кінуцца ўслед і сарваць той капялюшык, сцерці са шчок румяны.

І вось да гэтага зломка-гультаіны пасылаў сватоў Марцін! Як тут не абурацца, калі свае дзеўкі-перастаркі ды ўдовы з мазолістымі, парэпанымі ад работы рукамі чакалі-чакалі таго сватаўства, а ён, бачыце, куды стрэліў! Ажно не верылася. Думалі, погаласку нехта пусціў, пажартаваў.

Аднойчы ў нядзелю, калі Графіня нечага прыйшла ў Растаропкі, бабы запынілі яе на вуліцы:

— Ці ж праўда, Сабінка, што наш Марцін да цябе пасватаўся?

— Ага, хочам ад цябе даведацца, бо ці мала што наплятуць?

Графіня села да іх на лаўку, абцягнула на стройных нагах прыгожую сукенку, паправіла на галаве капялюш і толькі потым адказала:

— Праўда. Вы што, думаеце, я горшая за вашых вясковых бабаў? Сватаўся ды яшчэ як прасіў, каб згадзілася.

— Канец свету… — ажно прастагнала Ядзя. — І ты, канешне, згадзілася?

— Я сказала, што падумаю. Не дурная, нябось, каб гэтак з бухты-барахты замуж перціся за ўсякага стрэчнага-папярэчнага. Я ж Графіня, а ён мужык мужыком. Сказала, што тыдзень падумаю, а тады няхай прыязджае, дам канкрэтны адказ.

Гэты тыдзень бабы скарысталі для таго, каб адгаварыць Марціна ад такой няўдалай жаніцьбы. Проста ў хату хадзілі і ўсяляк бэсцілі нявесту.

— Навошта табе гэта заваліна, якая толькі і ўмее, што шчокі мазаць ды капялюшыкі насіць?

— Навошта браць, каб потым выганяць гультайку?

Спачатку ён слухаў, а потым як убачыць, што ідзе каторая, то зачыняў на засаўку дзверы.

Графіня згадзілася, але паставіла Марціну ўмову: каб было шыкоўнае вяселле, каб вазкі прыбраныя і коні з шалестунамі, каб дружына…

— Ашалела! Я ж удавец, якія вазкі ды шалестуны, дружына?! Каб былі ў мяне дзеці, то палкамі прагналі б са двара. Распішамся, павянчаемся — і ўсё!

— Не хочаш, то як хочаш! Я, лічы, у рабства да цябе іду, жыццё сваё пускаю пад адхон, а ты нармальнага вяселля зрабіць не можаш?! Плётак бабскіх баішся?!

Марцін зрабіў усё, як казала Графіня. Калі ехалі вянчацца, то на вуліцу высыпала ўся вёска, ад старога да малога. А Графіня ў вэлюме і белай сукенцы ўсміхалася ўсім і сыпала направа і налева поўныя жмені цукерак.

Дзіва дзіўнае было вясковым бабам, калі раніцай пасля вяселля Графіня, узяўшы вядро, пайшла ў хлеў даіць карову, а потым выгнала яе на пашу. Праз нейкі час насіла свінням мешанку, карміла курэй, што таўкліся ля ганку, не давалі ступіць. Завіўку схавала пад хустку. З ненамаляванымі шчокамі ў нейкай аблезлай сукенцы яна нічым не адрознівалася ад усіх кабет з вёскі Растаропкі.

— Ну ты і перамянілася, Графіня! — здзівілася суседка. — Што ж такое зрабілася?!

— Не выпытвай, а як пойдзеш палоць кукурузу, то клікні, і я разам пайду. Пакажаш, дзе наша дзялка…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание