Платное объявление

Comments

Платное поздравление

Слоним
weather
2
Зельва
weather
2
Волковыск
weather
4
Мосты
weather
4
Дятлово
weather
4
Барановичи
weather
2
EUR 2.395
USD 2.1102
RUB(100) 3.1973
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 305 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 206,58 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 34 руб.
Базовая величина: 24,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10,5%

Упарты жаніх

4 ноября 2018 11:50
191
Поделиться:

Малюнак Яўгена Іванова

Міхайлаўна, на маім гарызонце з`явіўся жаніх! — радасна паведаміла паштальёнка Сабіна начальніку пошты.

— Пасватаўся? Ну нарэшце, бо ў твае трыццаць два даўно пара замуж.

— Не пасватаўся. Проста ў пустую суседскую хату прыехаў сын гаспадароў Васіль, які служыў у арміі прапаршчыкам і нядаўна звольніўся ў запас. Адзінокі, пяцьдзясят гадоў з гакам.

Тут я ўжо яго акручу, быць не можа! А прыгожы які, каб вы бачылі! Рост пад два метры, чуб кучаравы, твар смуглы. Не дапушчу, каб якой іншай дастаўся.

— Ну і як ты гэта зробіш?

— Зраблю! — прамовіла з упэўненасцю.

Вечарам, прыйшоўшы з работы і ўбачыўшы, як Васіль Тышкевіч вытрасае на надворку паласатыя ходнікі, сказала:

— Ну што ж вы самі займаецеся жаночай работай? Давайце памагу.

— Я чалавек ваенны і прывык да ўсякай работы. А вы накіроўвайцеся туды, куды задумалі! — у голасе быў жалезабетон.

— Трасі, каб цябе трасца трэсла! — прабубніла сабе пад нос і пайшла ў агарод палоць моркву. Адным вокам сляпілася на малюсенькія парасткі, а другім сачыла за суседскім дваром.

Васіль тым часам узяў цэлафанавы пакет і пайшоў у магазін. Яна хуценька кінулася ў хату, памыла рукі, пераапранулася ў чыстае і ледзь не подбегам падалася следам. Пакуль дабегла, сусед ужо купіў што трэба і сыходзіў з ганку.

— Васіль, пачакайце мяне! Хачу зрабіць такія-сякія пакупкі, а несці будзе цяжка. Мо дапамаглі б?

— Хутчэй варушыся, то дапамагу, бо па тэлевізары неўзабаве футбол пакажуць.

— Я зараз! — абрадавалася.

Хоць той солі ды цукру ў Сабіны былі поўныя паліцы ў кладоўцы, але набрала яшчэ.

— У вас, можа, маленькі тэлевізар, то прыходзьце да мяне, у мяне крысталічны, будзе лепей відаць? — спытала з надзеяй.

— Убачу і па сваім, не сляпы нябось.

Замаўчалі. І так маўчалі да самых двароў. Васіль паставіў пакет з пакупкамі на Сабінін ганак і, не развітаўшыся, пайшоў.

— Васілька, зайдзіце хоць чаю папіць! — крыкнула наўздагон. — У мяне з мятай, вельмі карысна!

— Дома пап`ю.

“Во стальны нейкі! — падумала з горыччу. — Нічым яго не прыманіш”.

Ішоў час, а жаніх ніяк не завабліваўся. Што яна, бедная, не рабіла! І ляску ў плоце сама з сілай адарвала ды папрасіла, каб прыбіў, і дровы секла, лічы, у яго пад вокнамі, хоць тых дроў была цэлая павець.

— Ну і як вам не сорамна, сусед? Жанчына з сякерай надрываецца, а вы нібыта не бачыце, не спяшаецеся дапамагчы.

— Усё адно як у мяне і спраў болей няма, толькі на вашым падворку калупацца, — сказаў незадаволена. — Заўтра пасяку, а сёння ёсць чым займацца і без вашых дроў.

— Ну што, прывабіла жаніха? — спытала аднойчы раніцай Міхайлаўна.

— Дзе там! Гэта такі бастыён, такая крэпасць, што ніяк не ўзяць. Я да яго і так, і сяк, а ён як скала.

— І будзе як скала! Ты на сябе ў люстэрка зірні. Стрыжка даўно адрасла, бровы шырокія, як у дзеда Мазая. А сукенка… Што гэта за сукенка на табе?.. На агародным пудзіле ў бабы Мані і то прыгажэйшая. Дам табе заўтра выхадны, едзь у горад. Там у цырульні на вуліцы Паркавай працуе мая малодшая дачка Светка. Яна модніца, і цябе прыгожа падстрыжэ, параіць, як харашэй прыбрацца.

Сабіна вярнулася з горада зусім другім чалавекам. Валасы ўкладзены ў прыгожую прычоску, на твары макіяж, лёгкі летні касцюмчык аблягае талію, басаножкі на абцасах вельмі пасуюць да яго.

— Ой, ці гэта ты, Сабінка?! Глянь, якая прыгожая дзеўка стала! — здзіўляліся вясковыя бабы, што ішлі ў магазін.

— Ёй трэба, у яе такі слаўны жаніх за плотам жыве, — пажартаваў дзед Панас. Ён-то пажартаваў, але гэта была чыстая праўда: для Васіля старалася.

І ён заўважыў:

— Няйначай Папялушка ператварылася ў прынцэсу? Але ж яшчэ да поўначы далёка, — мовіў, стоячы на сваім ганку.

— Бязмен ты! — слёзна сказала Сабіна і захітала прыгожай галавой. — Пры чым тут Папялушка, пры чым тут поўнач?! Я ж для цябе стараюся!

— Дарэмна. Я жаніцца не збіраюся, мне і аднаму нядрэнна жывецца.

— Ну і чорт з табой! — злосна бразнула дзвярамі.

Міхайлаўна проста ахнула, убачыўшы назаўтра сваю падначаленую:

— Здасца цяпер крэпасць, быць не можа!

— Дзе там! Бачыў учора, то яшчэ пасмяяўся, Папялушкай абазваў.

— Нічога, яшчэ не вечар!

У канцы жніўня Сабіна ўзяла водпуск, каб выкапаць бульбу ў агародзе. Яна па прывычцы назірала за суседавай сядзібай, але там было ціха.

— Дзе ж ён дзеўся? — занепакоілася. — Можа, паехаў куды?

Аднойчы пад вечар у яго хату пайшла фельчарка з ФАПа, пажылая і тоўстая Сідараўна. Прабыла там з паўгадзіны, а выйшаўшы, папракнула Сабіну:

— Калупаешся тут як курыца, а сусед твой хварэе, прастудзіўся вельмі. Яму трэба якога супу зварыць. Нічога другога не з`есць, бо вельмі баліць горла. Памагла б паправіцца.

У Сабіны якраз быў суп, зранку варыла. Яна памылася, пераапранулася, пагрэла яго і пайшла да Васіля.

— Вось ежу прынесла, — мовіла, пераступіўшы парог. Знайшла на паліцы міску, лыжку, наліла з каструлі і панесла да ложка.

— Дай, можа, пару лыжак з`ем… І куртку падай, ахіну плечы, а то холадна.

Ён са смакам з`еў суп і, ласкава глянуўшы прыгожымі чорнымі вачамі, прамовіў:

— Трэба ўзяць цябе ў жонкі, буду як у Бога за пазухай. Згодна?

— Ага! — усміхнулася шчасліва.

— Паздаравею, і распішамся.

Сабіна не ішла, а нібы на крылах ляцела на свой надворак: крэпасць здалася!

Обратите внимание
Scroll Up