Наверх
Слоним
пасмурно
11 °C
Зельва
пасмурно
11 °C
Волковыск
небольшой дождь
12 °C
Мосты
пасмурно
11 °C
Дятлово
пасмурно
11 °C
Барановичи
пасмурно
10 °C
EUR 2.485
USD 3.9333
RUB(100) 2.8874
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 400 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 273,27 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 41 руб.
Базовая величина: 29 руб.
Ставка рефинансирования: 8,5%

Таямніца сіняй торбы

18 ноября 2018 11:02
Поделиться:

Малюнак Яўгена Іванова

Маня Гузік больш за дзесяць гадоў працавала прыбіральшчыцай у пасялковай хлебапякарні. Яна перажыла трох загадчыкаў, спадзявалася, што і чацвёртага перажыве, бо яны тут асабліва доўга не затрымліваліся. Хто на любошчах пагарэў, хто на дробным крадзяжы. І Антось Сыпка, меркавала, таксама ненадоўга.

Ён быў не мясцовы, аднекуль прыслалі, таму Маня пра яго нічога толкам не ведала. А ведаць хацелася. Невысокі, тоўсценькі, як каларадскі жучок, лысы. Строгі. І не піў спіртнога. Калектыў запрашаў падняць чарку за знаёмства. Армянскага каньяку купілі. Нават за стол не сеў. Гэта насцярожвала, бо як працаваць з такім загадчыкам, што грэбуе чаркай?
Маня па ўласнай ініцыятыве вырашыла сачыць за Антосем. Яна і наогул за ўсімі сачыла і ўсё пра ўсіх ведала. Бабы за работай чаго толькі не мелюць пра сябе, а яна, шоргаючы анучай па падлозе, нібыта і не слухае іхняй балбатні, а ўсё чуе.

Аднойчы пад вечар памыла падлогу ў калідоры, дзе быў кабінет загадчыка, памяняла ваду і, падняўшы вядро ды швабру з анучай, пасунулася прыбіраць у ягоным кабінеце. Тоўстая, як дзяжа, ледзь пралезла ў дзверы, бо перашкаджала швабра, і ўбачыла, што Антось стаіць перад люстэркам і прыгладжвае расчоскай сіваватыя рэдзенькія валасы. Аглянуўся на крокі і раптам падскочыў да шафы, куды вешаў сваю куртку. Манін погляд прабег хутчэй, чым Антосевы ногі, і яна заўважыла там сінюю, нечым напакаваную торбу. Велікаватую, відаць, цэлафанавую, бо адлівала бляскам. Антось зачыніў дзверы шафы і замкнуў на ключ.

«Не паспеў абагрэцца на месцы загадчыка, а ўжо нешта наважыўся красці, — пранеслася ў Манінай галаве. — Шустры!» А ўслых сказала:

— Можаце на ключ не замыкаць, Макаравіч, я звычкі такой не маю — красці.

— Пахвальна, — незадаволена буркнуў ён і паклаў ключ у кішэню пінжака, потым замкнуў шуфляду стала і выйшаў з кабінета.

Калі крокі сціхлі, Маня прыставіла пры сцяне швабру, падышла да шафы. Дзверы былі скасабочаны, і праз шчыліну між створкамі ўбачыла тую самую торбу. Ды хіба пазнаеш, што ў ёй?

«Напэўна, цукру хоча сперці? Ці мукі? — гублялася ў здагадках. — Вось каб каму са сваіх сказаць, то разам пакумекалі б, што да чаго».

Але вырашыла маўчаць, бо з пякарні паціху кралі ўсе, што там грахі таіць. Яна сама тады-сяды, бывае, засуне за пазуху то батон, то булку хлеба. Ёй проста, тоўстая ды тоўстая, неўпрыкмет, а худым цяжэй. Ды і баяліся. Калі што прыхопіш, то лазілі ў дзірку ў плоце, бо на прахадной часта стаяла міліцыя. Зазяваешся, а цябе цап за руку. Тут ужо не выкруцішся. Праўда, вялікага пакарання ніхто не меў, а штраф плацілі. І Маня плаціла, бо яе на прахадной жартам прыціснуў да сябе вусаты міліцыянер і вызначыў, што за пазухай нешта ёсць, акрамя таго, што там павінна быць заўсёды.

«Набраў Макаравіч торбу і чакае зручнага выпадку, каб вынесці», — разважала.

Яна кожны дзень заглядвала праз шчыліну ў шафу і сачыла, ці груз на месцы. Ён стаяў як стаяў.

На душы смылела, язык свярбеў, і яна вырашыла пра ўсё сказаць мужу Казіку, бо хіба баба ўтрывае?

— Ну, а якая твая справа? — буркнуў Казік. — Ля калодзежа ды не напіцца.

— Ну то не торбамі ж цягаць!

— А гэта па рангу. Табе за пазухай, а яму і торбай можна. Знайшоўся тут народны кантроль!.. Маўчы, бо як даведаецца пра тваю вялікую цікаўнасць, то з работы выпра. І вокам не паспееш міргнуць! Такіх спецыялістаў, як ты, што ўмеюць анучай па падлозе вэдзгаць, у пасёлку хоць гаць гаці. Тры гады, якія засталіся да пенсіі, будзеш у сажалцы за плотам жабаў пасвіць. Так што маўчы! Каб больш нікому ні слова!

Маня маўчала, але з загадчыкам пачала паводзіць сябе смялей, заводзіла размовы пра несуноў, з якімі змагаліся яшчэ пры Саюзе і якіх ніяк не маглі звесці.

— Звядзём! — запэўніў Антось. — Пры мне красці не будзеце.

«Ага, толькі табе можна!» — ледзь не сарвалася ў яе з языка, бо сіняя торба па-ранейшаму стаяла ў шафе.

— Ну-ну, — толькі і сказала.

На пякарні ўсё было па-ранейшаму. Людзі працавалі, выносілі за пазухай хто батон, хто булку хлеба. Словам, усё як заўсёды.

Аднойчы лістападаўскім вечарам, калі цемра напаўзала на пасёлак ужо ў пяць гадзін, Антось зрабіў засаду каля дзіркі ў плоце і, калі Маня і другая прыбіральшчыца, Вера Крот, ішлі з работы, прыхапіўшы па батоне, заспеў іх на гарачанькім. Ён выскачыў з цемры як чорт з табакеркі і прымусіў выцягнуць з-пад каптаноў яшчэ цёплыя пульхныя батоны.

— Ніякая міліцыя так не можа змагацца з несунамі, як магу я, — пахваліўся, кладучы батоны ў мяшок, што меў з сабой. — На квартальную прэмію не разлічвайце, шаноўныя пані. Як і тыя, што будуць лезці ў дзюрку следам за вамі.

Кабеты былі ўражаны. Па-першае, што знянацку, а па-другое, свой чалавек! Пры ранейшых загадчыках ніколі не было, каб яны, так бы мовіць, шманалі, бо самі былі не лепшыя.

Крыху адышліся ад плоту, па сцяжынцы скіравалі да вуліцы, як раптам у Маню нібы пярун стрэліў:

— А ты, Макаравіч, лепшы?!

— Не зразумеў…

— А што тут разумець? Ужо колькі часу ў тваім кабінеце ў шафе стаіць нечым напакаваная сіняя торба. Усё ніяк не падбярэш часу, каб вынесці?

— Што?! А ну пайшлі ў кабінет!

Бабы зноў прашчаміліся ў дзірку і пашкандыбалі за ім. Пераступіўшы парог, Антось адамкнуў шафу, дастаў сінюю торбу і кінуў на падлогу. Развязаў і выцягнуў прыгожае жаночае футра.

— Жонцы купіў у падарунак да юбілею, а ён акурат перад Новым годам. Дома ж ад яе не схаваеш, то вырашыў тут…

Наш канал в Telegram