
Аповесці-казкі «Металічны чалавек» і «Робат і Вірус» распавядаюць пра неверагодныя прыгоды Робата з добрым сэрцам, які шукаў сабе сяброў. Неспадзяваныя, часам небяспечныя сустрэчы са зласлівым панам Спіцай і яго памагатымі вучаць галоўнага героя знаходзіць выйсце з любых абставінаў.
Прапануем Вашай увазе першы раздзел з аповесці «Металічны-чалавек».
Кручкоў
У гэты дзень бухгалтар Кручкоў прачнуўся з усходам сонца і адразу ж накіраваўся на ўзлесак, дзе стаяў цагляны склад. Пад пахай ён трымаў драўляныя лічыльнікі, якімі карысталіся даўней. Ён прывык да іх і на нішто іншае ніколі не памяняў бы, нават на сучасную электронна-вылічальную машыну. Праўда, сёння Кручкоў нёс не толькі лічыльнікі, але і зладзейскую адмычку ў кішэні. На днях заказаў яе ў знаёмага каваля. Каваль сказаў на развітанне, што яна любы замок адамкне.
Вось і склад за павароткай дарогі. Узвышаецца, як непрыступная белая крэпасць.
Кручкоў азірнуўся, дастаў з кішэні зладзейскую адмычку і накіраваўся да дзвярэй склада. Ён быў упэўнены, што ў такі ранні час ніхто яму не перашкодзіць здзейсніць задуманае.
«Ф`юіць-трр, ф`юіць-трр…» — данеслася з кустоў песня салаўя.
Ад неспадзеўкі бухгалтар уздрыгнуў і паслізнуўся, ледзь не ўпаў на ўтравелай сцяжынцы, мокрай ад расы.
А салавей шчоўкае, заліваецца, радасць хоча падарыць: «Ф`юіць-трр, ф`юіць-трр, ф`юіць-трр…»
Кручкоў павярнуўся ў напрамку кустоў і закрычаў, размахваючы рукамі:
— Бадай цябе кот убрыкнуў! Бадай цябе бадай! Бадай цябе бадай!..
Спеў салаўя заціх, перапыніўся.
— Бадай цябе бадай! — задаволена прагаварыў Кручкоў і, наблізіўшыся да дзвярэй, узяўся рукою за вялікі замок, які звычайна вешаюць на свіран, напоўнены адборным зернем.
Зараз ён адамкне гэты замок, зойдзе ў склад і возьме квадратны чамадан пана Спіцы. У чамадане ляжыць амаль мільён даляраў. Значыць, праз некалькі хвілін ён, звычайны бухгалтар Кручкоў, стане амаль мільянерам. Па-іншаму зажыве, як сыр у масле будзе качацца.
Бухгалтар заплюшчыў вочы і ўявіў чамадан пана Спіцы. На ім зборшчык металалому прымацаваў налепку з уласным фотаздымкам і надпісам: «Пан Ігнатус Спіца». Каб усе бачылі, каму ён належыць. Каб ніхто яго не ўкраў.
«Наіўны пан Спіца! Не ведае, што чамадан з грашыма ні ў адным складзе не схаваеш», — падумаў бухгалтар і, расплюшчыўшы вочы, прамовіў уголас:
— Ад мяне!
«Ф`юіць-трр, ф`юіць-трр, ф`юіць-трр…» — зноў заліўся ў кустах нябачны салавей.
«Гэты пяюн за мною сочыць, дзівіцца. Няхай. Мне ён не перашкодзіць», — падумаў Кручкоў і ўставіў адмычку. Але прыемнага шчаўчка, які засведчыў бы, што адамкнуўся, паддаўся яму замок, не пачуў. Адмычку быццам заклінавала. Яна зусім не паварочвалася.
«Падмануў мяне каваль, кепскую адмычку зрабіў», — прамільгнула ў Кручкова ў галаве.
«Пан Спіца выйшаў з дому, расспяваўся!» — здагадаўся бухгалтар. Пісклявы галасок свайго гаспадара ён пазнаў бы сярод мільёна галасоў, нават калі б ноччу разбудзілі.
Твар Кручкова пакрыўся буйнымі кроплямі поту. Вырваўшы з замка адмычку, ён кінуўся ў кусты, туды, дзе сядзеў маленькі аліўкава-буры салавей.
Працяг аповесці Вы можаце прачытаць, калі набудзеце кнігу ў кніжных магазінах або закажаце ў аддзеле маркетынгу выдавецтва «Пачатковая школа».