Наверх
Слоним
пасмурно
14 °C
Зельва
пасмурно
14 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
15 °C
Мосты
облачно с прояснениями
15 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
15 °C
Барановичи
облачно с прояснениями
13 °C
EUR 3.1436
USD 2.6411
RUB(100) 3.4298
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Чытайце «Сем гісторый пра Воўка і Вожыка» ад слонімскага пісьменніка

19 декабря 2018 12:03
Поделиться:
У выдавецтве "Пачатковая школа" выйшла кніга апавяданняў і казак слонімскага пісьменніка Аляксея Якімовіча "Сем гісторый пра Воўка і Вожыка".

Апавяданні і казкі раскажуць пазнавальныя, цікавыя гісторыі пра людзей і казачных жывёл, навучаць мудрасці, дабрыні і ўзаемавыручцы.

Прапануем Вашай увазе апавяданне «Бабуля і яе ўнукі» і казку «Чаму Заяц летам шэры, а зімою белы?»

Бабуля і яе ўнукі 

У бабулі Алены гасцююць унукі: трэцякласнік Мікола і першакласнік Змітрок. Нялёгка бабулі. І ўнукаў трэба дагледзець, і градкі на агародзе прапалоць. Морква дык зусім пустазеллем зарасла. Красуе на градцы пустазелле, затуліла ад сонца кволыя сцяблінкі морквы, не дазваляе ім падняцца, падрасці.

— У хату схаджу. Крыху адпачну і прапалю моркву! — прамовіла бабуля і пайшла з агарода.

А Мікола і Змітрок на агародзе засталіся.

— Цяжка нашай бабулі! — сказаў Мікола.

— Старэнькая яна! — пагадзіўся з братам Змітрок.

— Давай дапаможам ёй! — загарэўся Мікола.

— Моркву праполем? — прагаварыў Змітрок і задумаўся. Магчыма, не спадабаецца бабулі Алене, што самі за работу ўзяліся. Аднаго дня ён разам з Міколам дровы каля хлява хацеў паскладваць. Іх тата на мінулым тыдні пакалоў. А бабуля не дазволіла, запярэчыла: «Знайду час, сама паскладваю. А вы адпачывайце, гуляйце. Лета як адзін дзянёк прабяжыць».

— Скажам бабулі Алене, што мы такую гульню прыдумалі, каб не сумаваць, — быццам адгадаў думкі Змітрака Мікола.

— Думаеш, што паверыць яна нам?

— Паверыць! — цвёрда сказаў Мікола.

Хлапчукі прыселі на кукішкі і ўзяліся за працу. Моркву нялёгка палоць. Разам з пустазеллем тоненькія сцяблінкі можна павыцягваць.

Стараюцца браты, зелле з зямлі асцярожна вырываюць, пасля сябе роўныя радочкі морквы пакідаюць. Хоць і стаміліся, але ўсю моркву прапалолі.

— Хутка наша бабуля на агарод прыйдзе. Давай схаваемся і паназіраем за ёю, — прапанаваў Мікола.

— Давай! — пагадзіўся Змітрок.

Браты прыселі за вялікім кустам парэчак, бабулю Алену чакаюць, выглядаюць.

Неўзабаве прыйшла яна на агарод і ўсклікнула:

— Пакуль я ў хаце адпачывала, нехта моркву прапалоў!

Мікола і Змітрок выйшлі з-за куста, на бабулю нясмела пазіраюць, смяшынкі на вуснах хаваюць.

— Вы тут папрацавалі, маю моркву прапалолі? — звярнулася да ўнукаў бабуля Алена.

— Бабулька, мы не працавалі, мы такую гульню прыдумалі! — азваўся Мікола.

— Гэтая гульня называецца «Хто хутчэй». Яна нам вельмі спадабалася, — уступіў у размову Змітрок і апусціў галаву. Чакае, што скажа бабуля.

Бабуля Алена абняла ўнукаў і сказала:

— Родныя вы мае!

Светла стала на душы ў бабулі.

Чаму Заяц летам шэры, а зімою белы? 

Калісьці Заяц быў стракаты, як папугай. Вельмі ганарыўся сваім стракатым адзеннем. Неяк падышоў ён да Воўка і запытаўся:

— Як жывеш, шэры?

— Чаму называеш мяне шэрым? — буркнуў Воўк. Ён не любіў, калі яго гэтак называлі. «У мяне ёсць імя — Воўк».

— У цябе і нагавіцы шэрыя, і пінжак, і кашуля, — стаў пералічваць Заяц.

Воўк скрыва паглядзеў на Зайца.

— Па-твойму, маё адзенне непрыгожае?

— Такое я і бясплатна не ўзяў бы! — зарагатаў Заяц.

Воўк скрывіўся, быццам яму сам Мядзведзь на лапу незнарок наступіў. А Заяц рагоча, узяўшыся лапамі за жывот.

— Зараз я твой стракаты каптан зніму і на хвойку закіну! — узлаваўся Воўк і накіраваўся да Зайца.

Спалохаўся Заяц, наўцёкі пусціўся. А Воўк гукнуў яму наўздагон:

— У сваім стракатым каптане нідзе не схаваешся ад мяне, Заяц!

«Сапраўды, у гэтым адзенні ён за самым густым кусцікам мяне заўважыць», — падумаў Заяц і накіраваўся ў магазін. Там новае адзенне сабе купіў: шэрае.

А Воўк ходзіць па лесе, шукае Зайца. Цэлы дзень цягаўся.

— Куды ідзеш, кумок? — сустрэўшы Воўка, пацікавілася Ліса.

— Зайца шукаю, хачу пакараць!

— Не знойдзеш ты Зайца.

— Знайду. Стракатае адзенне яго выдасць.

Заяц сядзіць непадалёку пад густой елачкай і пазірае на Лісу і Воўка.

— Стракатае адзенне ён даўно на шэрае памяняў, — усміхнулася Ліса.

Моцна тупнуў лапай Воўк. Асінка, што стаяла побач, аж задрыжала ўся.

— Замаскіраваўся, значыць?

— У шэрым адзенні летам ты яго нават на паляне не заўважыш, — ухмыльнулася Ліса.

— Дачакаюся зімы! — прагаварыў Воўк.

«Зімою я белае адзенне куплю», — падумаў Заяц і сцяўся ў камячок.

З таго часу так і ходзіць ён: летам — у шэрым, а зімою — у белым. Баіцца, каб Воўк не схапіў і не пакараў. 

Усе апавяданні і казкі Вы зможаце прачытаць, калі набудзеце кнігу ў кніжных магазінах або закажаце ў аддзеле маркетынгу выдавецтва «Пачатковая школа».

Наш канал в Telegram