Наверх
Слоним
легкий дождь
10 °C
Зельва
легкий дождь
10 °C
Волковыск
пасмурно
10 °C
Мосты
пасмурно
10 °C
Дятлово
пасмурно
10 °C
Барановичи
легкий дождь
9 °C
EUR 2.2585
USD 2.0412
RUB(100) 3.198
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Мова і некалькі прыкладаў з жыцця, альбо Нялёгка дома быць канём у палоне

20 декабря 2018 10:25
Поделиться:

Аляксей Якімовіч

Іду па горадзе Слоніме і на шыльдачцы дома №13/3 чытаю: "Пр-кт Независимости».

І вось толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу.

Янка Купала

«На якой мове нас, грамадзян Беларусі, прадстаўнікі нашай улады прымушаюць думаць?» — міжволі задаю сабе пытанне. Кароткі адказ можна прачытаць на гэтай самай шыльдачцы.

Потым успамінаю, што і ў сталіцы Беларусі ёсць аднайменны праспект, але там на шыльдачках напісана «Праспект Незалежнасці».

«Чаму так? — зноў задаю сабе пытанне і не знаходжу на яго адказу, сяджу за сталом, як у тупіку, высачэзную непраходную сцяну, пабудаваную знішчальнікамі беларускага духу, бачу перад сабою. А шыльдачка «Пр-кт Независимости» крычыць, узняўшыся нада мною: «Тут русский дух, тут Русью пахнет!»

«Чаму?» — паўтараю ўголас і пачынаю разважаць, стараючыся зразумець логіку (А. Я.: логіка — унутраная заканамернасць) нашага чынавенства. Магчыма, яно найперш у правінцыі стараецца падрэзаць крылы мове, каб не даляцела птушкай да сталічнага Мінска. Менавіта ў глыбінцы ў нешматлікіх вясковых школах яшчэ захавалася даўняя гаворка беларусаў. І малым школьнікам, якія ўпершыню (усё бывае ў жыцці ўпершыню) разам са старэйшымі прыязджаюць у горад, надпісам «Пр-кт Независимости» чынавенства падказвае, каб не цешыліся з вясковай мовы, бо ў шматлюдным горадзе даўно пануе, гаспадарыць «великий и могучий русский язык», які звысоку, размясціўшыся на шыльдах, глядзіць на іх.

Да чаго вядзе такі дыскрымінацыйны (А. Я.: дыскрымінацыя — абмежаванне ў правах, пазбаўленне раўнапраўнага становішча) падыход? Толькі мова выцясняецца на задворкі, становіцца хутаранкай на  ўласнай зямлі?

У газеце «Народная воля» ад 12 кастрычніка 2018 года ў артыкуле  Дашы Паўлоўскай «Это будет мой последний концерт…» чытаю прызнанне заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь спявачкі Іны Афанасьевай (А. Я.: прыводжу ў перакладзе на беларускую мову): «Мне балюча глядзець на беларускіх артыстаў. Нас ператварылі ў нейкіх выканаўцаў караоке (А. Я.: просценькіх песенек для забаўляльнасці пад раней запісаную музыку), мы як быццам выконваем нейкія заданні. Напрыклад, адзначаецца 100 год нейкай арганізацыі — на канцэрт запрашаюць Мікалая Баскава і Таісію Павалій — шыкарна, я люблю гэтых артыстаў. Але ў гэты час беларускія выканаўцы робяць тэматыку вечара — спяваюць песню пра пяць хвілін, пра разведчыкаў, песні Абадзінскага. А расійскія прыязджаюць са сваімі шлягерамі (А. Я.: моднымі, папулярнымі мелодыямі), якія спяваюць гадамі! А беларускія артысты — як быццам міма прайшлі. І гэта пры тым, што ў кожнага ёсць свае песні, і добрыя! Проста іх не даюць спяваць, яны не гучаць з тэлеэкранаў, не гучаць толкам на радыё, і не таму, што «нефармат», а проста таму, што да сваіх такія адносіны…».

Тут ужо, як разумею, з урадлівага поля разам з мовай на ўзбочыну выцясняюцца і людзі — грамадзяне Рэспублікі Беларусь (як рускамоўныя, так і беларускамоўныя).

За што змагаліся — на тое і напароліся? Так выходзіць?

Цяпер прывяду другі прыклад, звязаны з развіццём беларускага спорту.

У газеце «Народная воля» ад 23 кастрычніка 2018 года Алесь Сівы (артыкул «Ля разбітага карыта») прыводзіць горкае прызнанне беларускай біятланісткі Анастасіі Ануфрыевай, якая ў 21 год прыняла рашэнне завяршыць спартыўную кар`еру: «Навошта сваіх расціць (А. Я.: маецца на ўвазе спартсменаў-біятланістаў), калі можна ўзяць чужых з Расіі?! Я разумею дзяўчат (А. Я.: расійскіх): яны прыязджаюць да нас у краіну і адразу выступаюць за нацыянальную каманду. У Расіі не могуць прабіцца, а тут трапляюць на заробак, на зборы і на ўсё астатняе. А што рабіць нашым юніёркам? Некаторыя з іх не ведаюць, як даехаць да Раўбічаў, — няма грошай. У выніку дзяўчаты не знаходзяць выхаду, завязваюць са спортам і ідуць працаваць у іншыя сферы. Калі я пачынала займацца біятлонам, нас збіралася па 25 чалавек на спаборніцтвах. Канкурэнцыя была сур`ёзная. Зараз «жывымі» засталіся чатыры дзяўчынкі 1996 года і адна 1997-га. Вось прыехалі расіянкі на прагляд у нацыянальную каманду. Чаму і беларусак не паглядзець? Чаму ўсіх не адправіць на рэспубліканскія спаборніцтвы і па іх выніках вызначыць, хто мацнейшы? Але чамусьці бегла толькі Іна Касцючэнка. Чаму сёстры Кручынкіны (А. Я.: яны прыехалі з Расіі) не беглі? Няхай трэніруюцца і праходзяць адбор. А то атрымліваецца, што расіянкі прыязджаюць на ўсё гатовае, а нашы павінны прабівацца  скрозь слёзы».

Ёсць цудоўная беларуская прыказка «чый бераг, таго і рыба». На жаль, разам са стратай мовы, якая гуртавала, абараняла нас, яна цяпер пачынае страчваць для беларусаў (магчыма, ужо і страціла) свой спрадвечны сэнс.

І яшчэ адзін прыклад.

У газеце «Народная воля» ад 6 лістапада 2018 года Марына Коктыш у інтэрв`ю «Женщина всегда права…» (А. Я.: прыводжу ў перакладзе на беларускую мову) задае наступнае пытанне Анатолю Шумчанку, які займаецца абаронай правоў прадпрымальнікаў: «Не так даўно стала вядома, што кампаніі «Энерго-Оил», падкантрольнай маскоўскаму бізнесмену Аляксею Алексіну (А. Я.: рускамоўны варыянт прозвішча «Олексину»), далі магчымасць стварыць на працягу двух гадоў у Беларусі амаль 2500 гандлёвых кропак па продажу цыгарэт. З іх каля 500 аб`ектаў будуць у сталіцы. Чаму Алексіну (А. Я.: рускамоўны варыянт прозвішча «Олексину») можна, а нашым — не?»

Сапраўды, чаму чужым можна, а нашым забаронена? Ці не вінаваты мы самі ў  гэтым?

Ёсць такі народны выраз: «Косю, косю – і ў аглоблі».
Ужо запрэглі нас, чужамоўных, пагладзіўшы па неразумнай галоўцы?

Цягнем цяжкі воз,

Напружваем жылы.

Не бачым, што мова

Выбілася з сілы.

Хто мы?

Людзі?

Коні?

Нялёгка

Дома

Быць

Канём,

У палоне.

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание