Наверх
Слоним
легкий дождь
11 °C
Зельва
легкий дождь
11 °C
Волковыск
дождь
11 °C
Мосты
дождь
11 °C
Дятлово
дождь
11 °C
Барановичи
легкий дождь
11 °C
EUR 2.275
USD 2.058
RUB(100) 3.1945
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Прафесар Павел Сцяцко: «Няма мовы — няма нацыі, няма нацыі — няма дзяржавы…»

27 декабря 2018 14:19
Поделиться:

Павел Сцяцко

Сёння мы прапануем вашай увазе гутарку кіраўніка Гродзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянціна Дубатоўкі з моваведам, доктарам філалагічных навук, нашым земляком прафесарам Паўлам Сцяцко пра беларускую мову, сучасную беларускую адукацыю, пра родны край і нас у сённяшнім часе.

— Павел Уладзіміравіч, скажыце, калі ласка, у якім, на Вашу думку, стане сёння знаходзіцца наша родная беларуская мова?

— Наша мова знаходзіцца сёння ў вельмі няпростым стане. Чыноўнікаў, якія валодаюць мовай, больш за палову. Яны свабодна маглі б размаўляць па-беларуску. Але не гавораць, бо няма на тое волі ў самых вярхах улады. Таму мова на дзяржаўным узроўні не гучыць. А няма мовы — няма нацыі, няма нацыі — няма дзяржавы… Хто ж тады мы? Родная мова — найважнейшы атрыбут нацыі. Мова выяўляе душу чалавека, яго Богам дадзеныя ўласцівасці ва ўсіх сферах жыцця. Без гэтага атрыбуту ніякага развіцця нацыі быць не можа. Сёння тут пэўныя захады робяцца, але з вялікай асцярожнасцю і аглядкай на Усход. Бо ў эшалонах улады, і самай высокай улады, працэнтаў 20 людзей ненавідзяць мову. У сваёй дзейнасці яны кіруюцца пэўнымі дэкрэтамі з Усходу… Наш кіраўнік часам выказвае правільныя рэчы пра мову, пра культуру беларускую, але далей гэтага справа не рухаецца.

— Пра мову Вы сказалі так, што сёння варта ўсім, асабліва чыноўнікам нашым, прыслухацца да Вашых слоў, каб зрабіць адпаведныя высновы. Павел Уладзіміравіч, а як Вам бачыцца стан нашай сённяшняй адукацыі?

— Адукацыя наша ў вельмі кепскім стане. Мы кідаемся то ў адзін, то ў другі бок. Мяняем міністраў адукацыі, а яны нічога лепшага не даюць… Сто гадоў прайшло амаль, як у нас зноў зразумелі, што школа павінна быць набліжана да жыцця і мець два ўхілы. Адзін ухіл — праца навукоўцаў, другі ўхіл — праца на эканоміку, на сельскую гаспадарку і гэтак далей… А ў вышэйшай школе сёння ўстаноўка, каб студэнт абавязкова давучыўся, атрымаў дыплом, хоць карысць з яго вельмі малая. Большасць паступаюць вучыцца ва ўніверсітэты — абы паступіць. Як прафесар універсітэта, я ўсё гэта бачу і добра ведаю. Нашу адукацыю патрэбна карэнным чынам мяняць.

— Павел Уладзіміравіч, я ведаю, што Вы працавалі за мяжой, у Празе. Скажыце, іх адукацыя можа быць параўнальна з нашай ці гэта абсалютна розныя рэчы?

— Так, я адпрацаваў там прафесарам на кафедры беларускай мовы чатыры гады. Іх сістэма адукацыі і наша — гэта розныя рэчы. Галоўнае, яны не губляюць сваіх нацыянальных і духоўных каранёў. Таму і адукацыя, і выхаванне трымаюцца на высокім узроўні. Калі я прыехаў у Карлаў Універсітэт, то зусім не ведаў чэшскай мовы, але мяне адразу прынялі вучыцца на другі курс, бо я ведаў польскую, рускую, украінскую, беларускую мовы. Таму хутка вывучыў і чэшскую. Усе славянскія мовы, а іх 12, маюць недзе тры тысячы агульных слоў, якія адрозніваюцца толькі фанетычна… У адукацыі нам патрэбна арыентавацца на заходні вопыт, дзе не было такога вынішчэння ўсяго нацыянальнага і рацыянальнага, як у нас.

— Наш агульны сябра і зямляк Міхась Скобла працяглы час хоча выдаць Ваш слоўнік зэльвенска-дзярэчынскай гаворкі. Скажыце, Павел Уладзіміравіч, а чым адметная, на Ваш погляд, наша зэльвенская, дзярэчынская зямля?

— Я сам родам з вёскі Грабава на Зэльвеншчыне, дзе пражыў толькі два гады. А потым мы пабудавалі вялікі мураваны дом на два канцы на хутары Нябойкі за грошы, якія дзед прывёз з заробкаў у Амерыцы. Недзе за кіламетр ад нас быў ранейшы панскі двор, дзе жылі нашы суседзі: Міхась Рыбак, які прыехаў з Вострава на Слонімшчыне, Доста з Украіны і Серада, які родам недзе адсюль. Да двара належаў кавалак зямлі, недзе 300 га. Гэту зямлю польскі памешчык Дудар і прадаў нашым суседзям. Паколькі зямлю купілі людзі з розных месцаў і нават краін, то на гэтай тэрыторыі ўтварылася такая адметная гаворка, у якой гучалі словы з розных моў. Напрыклад, мая маці казала не левая, а лівая рука, на ўкраінскі манер. Яшчэ мова на зэльвенска-дзярэчынскай зямлі адметная тым, што ў ёй захавалася шмат старажытных слоў.

Мне, як этымолагу, гэта дапамагае расшыфроўваць значэнне прозвішчаў. У мяне ёсць каля 50 розных слоўнікаў для працы, але, акрамя слоўнікаў, патрэбна яшчэ і галава на плячах, каб параўноўваць і рабіць правільныя высновы. У нашай мове вельмі шмат запазычаных з літоўскай мовы словаў. Напрыклад, наша пісьменніца Альжбета Кеда. Слова Кеда паходзіць ад літоўскага кгеда — усмешлівы, той хто ўсміхаецца… Наша мова мясцовая сапраўды вельмі адметная. Таму калі ў Міхася Скоблы ёсць яго кніга «Дзярэчынскі дыярыуш», то чаму б не быць «Дзярэчынскаму слоўніку»? Я падрыхтаваў вельмі адмысловы «Дзярэчынскі слоўнік». Там, акрамя лексікі, шмат сабрана назваў вёсак (анамастыка) і прозвішчаў Зэльвеншчыны. Гэты слоўнік складаецца з трох частак. Там фактычна ўсё падрыхтавана да друку.

— Я Вам абяцаў, што гэты слоўнік выдадзім, і я сваё абяцанне выканаю. Ужо ёсць зрухі ў гэтай справе, і, мяркую, да лета ён будзе надрукаваны. Цікава, што такія нашы словы, як дзяжыць (біць), вайцяць, беларусы ў Мінску, напрыклад, не ведаюць. Як такія словы можна назваць?

— Гэта рэгіяналізмы. Словы, якія ўжываюцца толькі ў пэўных рэгіёнах. Дзяжыць — адбіць дзягай (папружкай). Вайцяць — ад польскага слова войт. Некалі польскія каланізатары не размаўлялі з намі, а вайцялі, абгаворвалі. У маім слоўніку больш як дзве тысячы слоў, але ўсе нашы адметныя словы ў яго, канечне, не трапілі. Тым не менш гэта будзе адметны, сапраўды арыгінальны слоўнік.

— Павел Уладзіміравіч, што б Вы напрыканцы нашай гутаркі хацелі б пажадаць зэльвенцам, слонімцам і ўсім нашым землякам на Каляды і ў наступным годзе?

— Раство Хрыстова, Каляды — гэта заўсёды вялікія святы, гэта абнаўленне душы, абнаўленне ўсёй нашай існасці. Таму зычу землякам здароўя, зычу ў наступным годзе вялікіх перамен у нашым духоўным жыцці, у тым ліку кіраўнікам нашым рэгіянальным і ўсіх узроўняў. Хай усё, чаго мы чакаем, збываецца, хай перамены спрыяюць нашаму жыццю, нашаму даўгалеццю. «Наша Слова» сёлета надрукавала віншаванне з 90-годдзем вучонага і пісьменніка Радзіма Гарэцкага. Праз год і мне будзе афіцыйна 90 гадоў. Хаця, як казала маці, а бацька запісваў на драўлянай перагародцы ў хаце, нарадзіўся я перад праваслаўнымі Калядамі 1928 года. Значыць, сёлета ў пачатку студзеня мне ўжо споўнілася 90 гадоў.

— Павел Уладзіміравіч, дзякуй за гэтую гутарку! Саюз беларускіх пісьменнікаў і я асабіста віншуем Вас з надыходзячым Новым годам і Раством Хрыстовым! А Ваш юбілей мы абавязкова яшчэ адзначым.

— Дзякую!

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание