Наверх
Слоним
переменная облачность
9 °C
Зельва
переменная облачность
9 °C
Волковыск
небольшая облачность
9 °C
Мосты
облачно с прояснениями
9 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
9 °C
Барановичи
переменная облачность
8 °C
EUR 3.0029
USD 2.5399
RUB(100) 3.3212
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

За сцяной

30 декабря 2018 11:59
Поделиться:

Малюнак Яўгена іванова

— Ты храпеш нібы трактар, які едзе праз балота! — Іна Купальчык піхнула пад бок мужа Сяргея, потым схапіла коўдру з падушкай і пайшла спаць у другі пакой.

— Толькі цяпер заўважыла? — буркнуў ён спрасонку. — Пятнаццаць гадоў жывём разам, і да гэтага часу я цябе не раздражняў.
Іна вярнулася і стала ў дзвярах:

— Ды ты мяне даўно раздражняеш! Сорак гадоў нядаўна споўнілася, а чаго ты дабіўся ў жыцці? Як быў слесарам у аўтабазе, так і застаўся. Капейкі там атрымліваеш, сядзіш, можна сказаць, на маёй шыі.

— Надта ты дабілася! — мовіў з сарказмам. — З афіцыянткі ў раённым рэстаранчыку ператварылася ў гандлярку з кірмашу. Цягаеш свае торбы то з Польшчы, то з Турцыі. Важная фігура, што і казаць.

— Ах ты нягоднік! Ды за торбы я дом пабудавала на дзве паловы, а то і сядзелі б у тваім рабочым інтэрнаце. З-за гэтага і дзяцей не нарадзіла…

— З-за гэтага ці з-за другога, яшчэ трэба падумаць. Як толькі цяжарнасць, так і пазбаўлялася ад яе. Усё грошай хацела, усё табе мала.

Пакуль сварыліся, пачало віднець. Іна снедання не гатавала, бо было пара на кірмаш: кастрычніцкі дзень кароткі, а гандаль у апошні час не вельмі ладзіўся. Ды і не заслугоўваў Сяргей яе клопатаў.

— З сённяшняга дня я буду жыць у другой палове дома, за сцяной! — крыкнула, выходзячы за парог.

— А хоць за дзвюма сценамі! Адны згрызоты з табой, а не жыццё!

Яна не прызналася мужу, ды і нікому не адкрылася б, што на сэрцы быў другі чалавек, усе думкі цяпер былі пра яго. Пазаўчора звольніла з работы цельпукаватага вадзіцеля Віцьку Лышко, а ўчора прыняла прыгожага чарнабровага і чарнавокага Армэна Кузаўлёва.

— А ты дакументы яго бачыла, Армэн ён ці хто іншы? — з недаверам спытала каляжанка Сонька Змошчык, якая трымала дзве палаткі побач.

— А навошта мне яго дакументы? Будзем працаваць на даверы. Трэба калі па тавар пад`ехаць, то пад`едзе, а так няхай і не круціцца тут, зайздроснікам вочы не мазоліць.

— Ну-ну, табе ўжо, мабыць, намазоліў, калі прамяняла на Віцьку.

Хоць Іна і казала, што Армэн не будзе круціцца побач, на самай справе ён ад яе не адыходзіў. Седзячы на цюку з таварам, напаўголаса расказваў нешта смешнае, і кабета рагатала так, што было чуваць на ўвесь кірмаш. Мясцовыя гандляркі толькі пераглядваліся ды пераміргваліся.

Не мінула і двух тыдняў, як новы шафёр, прывёзшы з Польшчы тавар, застаўся ў Іны начаваць. Вечарам яны на ўсю моц уключылі магнітафон, заставілі стол бутэлькамі з пітвом і талеркамі з рознымі далікатэсамі, пілі-гулялі ледзь не да рання.

— Твая баба цябе кінула, ці што? — спыталі Сяргея на рабоце ў аўтабазе.

— А чорт яе ведае. На развод не падавала, але нейкага мужчыну сабе прывяла. Начуе ў нас.

— А ты што?

— Нічога. Няхай водзіць каго хоча. Я ў другой палове дома жыву, яна мне па законе належыць. Буду яшчэ з імі ваяваць, сабе нервы трапаць.

— Ну ўсё роўна ж…

— Адчапіцеся, сваіх жонак пільнуйце! — незалюбіў ён.

Больш яго не чапалі, не лезлі ў душу.

Армэн стараўся не трапляць Сяргею на вочы. Яны з Інай рана ехалі на кірмаш, а Сяргей выходзіў са сваёй паловы толькі тады, як яны знікалі з вачэй.

Нягледзячы на непрыязнасць, якая, што ні кажы, усё ж жыла ў ягонай душы, іншы раз назіраў праз акно і з зайздрасцю заўважаў, што Армэн па-каўказску ці па-цыганску прыгожы, нібы намаляваны таленавітым мастаком. Калі яго густыя, крыху кучаравыя чорныя валасы прысыпаў малады сняжок, калі ён усміхаўся, аб нечым гаворачы Іне, не было ніякага дзіва, што яна памяняла дробненькага худзенькага Сяргея на гэтага Апалона. Любая б перад такім не ўстояла, не тое што яго тоўстая, як гандлёвая палатка, Іна, з пакляй жоўтых валасоў на галаве, з чырвонымі, нібы брушка ў снегіра, вуснамі, нафарбаванымі да брыдкасці.

— То мо ўжо разводзіцца будзем, ці як? — спытаў, сустрэўшы яе адну ў двары.

— А што табе не падабаецца ў цяперашнім жыцці?

— То і я ажаніўся б, прывёў бы сабе бабу. Толькі не гэдак, як ты, а па-людску, каб распісацца, прыпісаць яе да сябе.

— Маеш хіба каго на прыкмеце? — буркнула незадаволена.

— Ну зараз, буду табе спавядацца! Ты ж у мяне не спытала, калі пусціла ў хату Армэна.

— Я не думала аб гэтым…

Набліжаліся святы. Сяргей вырашыў сустракаць Новы год адзін у сваёй палове хаты. Купіў прадуктаў, бутэльку шампанскага і да глыбокай ночы сядзеў перад тэлевізарам, скакаў з канала на канал. Як нарэшце змарыў сон, пайшоў спаць. Ды хіба тут заснеш, калі за сцяной гудзела музыка, пішчала Ініна сяброўка з кірмашу, худая, як сухастоіна, Зінка? Грымеў, нібы гром з каўказскіх гор, Армэнаў бас.

«Іна, мусіць, ужо адрубілася, бо не чуваць яе голасу, — падумаў Сяргей. — Піць не можа, дурніца, а ўсё туды ж. Чарку кульне і з ног валіцца».

Прачнуўся апоўдні. За сцяной было ціха, як у склепе. І раптам па вушах рэзнуў голас былой жонкі, нібыта ёй наступілі на балючы мазоль.

«Трэба ісці глянуць, што там такое», — вырашыў.

Дзверы былі незамкнёныя, і, пераступіўшы парог, ён убачыў, як на падлозе сядзіць раскудлачаная Іна са спітым тварам. Ля яе валяецца шкатулка, дзе заўсёды хавала дарагія ўпрыгожванні.

Яна была пустая. Побач — касметычка, раней запоўненая еўра, доларамі, рублямі… І тут пуста.

— Абакралі! Усё паперлі! І футры, ніводнага ў шафе не засталося, і грошы, банкаўскія карткі. Ён жа ведае ўсе коды!

— Затое прыгожы быў, твой Армэнчык! Не мне раўня, — ціха мовіў Сяргей і зачыніў дзверы…

Наш канал в Telegram