Наверх
Слоним
ясно
16 °C
Зельва
ясно
16 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
14 °C
Мосты
облачно с прояснениями
14 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
14 °C
Барановичи
небольшой дождь
15 °C
EUR 2.6172
USD 2.3986
RUB(100) 3.3424
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 246,78 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

На жыццёвых скрыжаваннях: У Лістападах

6 января 2019 10:20
Поделиться:

Малюнак Яўгена іванова

Прыбіральшчыца з аўтастанцыі ў невялікім раённым гарадку Анфіса Суховіч пасастаўляла ў кладоўку свае рабочыя прычындалы, узяла сумку з прадуктамі, якія зранку купіла ў мясцовым буфеце, і ўжо наважылася ісці дадому. Раптам на лаўцы ля ўваходу заўважыла кабету сярэдніх гадоў. З першага погляду зразумела, што яна не размінаецца з чаркай: азызлы твар, зашмальцаваная шэрая куртка, на галаве сіняя канаплянка з дробнымі дзірачкамі.

— Авохці! Адкуль жа ты тут узялася, боскае стварэнне? Так ціхенька ўсунулася, што я і не пачула.

— У мяне лёс такі, што ўсюды трэба ціхенька ды непрыкметна, каб не назаляць людзям, — усміхнулася кабета бяззубым ротам. — Не маю дзе жыць, а тут восень, то і шукаю цёплага кутка, каб хоць пагрэцца. Вядома ж, бамжыха, адусюль гоняць, усім папракаюць… — Яна дастала з пацёртай цэлафанавай торбы напалову выпітую пляшку таннага віна-барматухі і прысмакталася да рыльца. Выжлукціла ўсё да кропелькі. Выцерла бруднай далонню рот, а бутэльку паклала назад у торбу.

— Закусіць маеш чым? — пацікавілася Анфіса.

— Не-а, — пахітала галавой. — Такая дробязь — віно, гэта ж не каньяк, які трэба закусваць лімонам, — засмяялася.

Анфіса засунула руку ў сваю сумку, выцягнула піражок і дала бамжысе.

— На паеш, а то мо сёння і не ела нічога? Але, мяркуючы па тваім таўсматым твары, не галадаеш.

— Людзей добрых на свеце шмат. Як жабрую ў вялікім магазіне, то даюць грошы, а некаторыя і прадукты, як во ты.

— Біць цябе няма каму! Мне хутка семдзесят гадоў, а працую, а ты — жабраваць!

Маленькая худзенькая Анфіса, у акуратнай куртцы чорнага колеру і зялёным берэціку, была вельмі абурана. Яна дастала з кішэні звязку ключоў, пакруціла ў руцэ і паклала назад.

— Цярпець не магу гультаёў і п`яніц! Каб вас з вадой павыносіла! Цябе ў плуг можна запрагаць, а ты жабруеш, у добрых людзей грошы выпрошваеш. Працаваць ішла б, маладая ж яшчэ.

— Працаваць? Ды я век не працавала. Некалі вельмі ўдала выйшла замуж. Муж быў начальнікам і не хацеў, каб я абцяжарвала сябе работай. Усё казаў: «Дзеткі народзяцца, то хопіць табе работы»… А дзеткі не нарадзіліся. Муж памёр у маладым веку. Трэба было самой зарабляць на хлеб, а я нічога не ўмею. Ды і не хачу…

— Ну, а кватэра твая дзе?

— Нейкія злыдні абкруцілі-абвярцелі ды забралі сабе, а мяне прывезлі ў вёску ў хібарку. Патрэбна мне тая хібарка як у мосце дзірка.

— Ну вядома, апоек, цябе можна вакол пальца тры разы абвесці, дурніцу такую. Мабыць, п`яная была, як згоду давала?

— Няўжо ж цвярозая?! Грошай далі на віно столькі, што я амаль паўгода не прасыхала. Вясной і летам піла, жыла дзе прыйдзецца, а восенню грошы закончыліся. Крыху ачомалася ад п`янства, гляджу — ні кала ні двара. Я ж сама з Маладзечна, а прыблукала ў вашы Лістапады жабраваць. Во як…

— Уставай і вымятайся! — са злосцю мовіла Анфіса. — Тут з табой да поўначы прастаю, будзеш мне казкі расказваць. Я таксама адна жыву, але ж не ўпусцілася ў сабачую скуру. І пенсію маю, і працую. А яна, бачыце, не працавала ні дня. Прыйдзе час, то таксама пенсію дадуць, не пакінуць на волю лёсу. Што я працавала, што ты не, адзін, выходзіць, чорт…

Рыпнулі дзверы, і ў залу ўвайшоў мужчына сталага веку. З той жа кагорты, што і гэта баба-апоек. Быў ён сярэдняга росту, шыракаплечы, на галаве вязаная шапачка сіняга колеру, акурат як і твар.

— Здаровы, бабы! — павітаўся гучна, весела. Па ўсім было відаць, што добра заклаў за каўнер і ўсё яму цяпер трын-трава. І заплямленая нечым шэрым чорная куртка, і чаравік, які разявіў рот, нібы хацеў каго ўкусіць.

Ён плюхнуўся на лаву побач з кабетай-апойкам.

— Маеш што выпіць? — паляпаў рукой па торбе, намацаў бутэльку, вывалак. — Пустая… — скрывіўся. — А на поўную грошай няма? А то я збегаю ў гарадок, тут жа метраў дзвесце.

— Няма…

— Слухайце, апойкі, вымятайцеся адсюль, а то я міліцыю паклічу! — прыгразіла Анфіса.

— Міліцыяй страшыць! Ды я гэтай міліцыі за сваё жыццё столькі бачыў, што і не пералічыць. Першы раз загрымеў у калонію для непаўналетніх, калі меў пятнаццаць гадоў. Разам з сябруком абакралі і падрэзалі чалавека. Здаецца, і не бачыў ніхто, бо справа была на лясной дарозе, аднак жа расследавалі, даказалі нашу віну. Ну і пачалося… Пасадзілі. Выйшаў ужо дарослым чалавекам.Зноў прыляпіўся да такіх, як сам. Цяпер, праўда, без нажа рабавалі. Зноў пасадзілі. А потым зноў і зноў. Заморышся лічыць, колькі гадоў я шліфаваў нары. О, бачылі?! — працягнуў уперад рукі і закасаў рукавы. — Колькі тут розных турэмных знакаў. Каб яшчэ трохі, то быў бы злодзей у законе, а так не пашанцавала, захварэў. Вырашыў жыць цішэй вады ніжэй травы. Не гаджуся ўжо я для сур`ёзных спраў.

— Ну, а ў Лістапады чаго прыцёгся?

— На радзіму пацягнула… Тут недзе матка мая жыве, калі не памерла. І то сказаць, не бачыліся даўным-даўно. Як загрымеў першы раз, так і не бачыліся.

— Цётка, ты цвярозая, мо падкажаш, дзе шукаць Анфісу Суховіч?

— Не-а, не ведаю… — дрыготкім голасам мовіла Анфіса. — Я ў недалёкай вёсцы жыву, — зманіла.

А ў галаве стукала: «Што я тут выкручваюся? Усё адно знойдзе, тады будзе яшчэ горш. Прыстукне як клапа. Вунь якія кулакі, мядзведзя можа забіць…»

— Зманіла, сынок. Гэта я твая матка…

— Во як добра, і шукаць не трэба! — абрадаваўся. — Ну, пайшлі дадому. Гуляць будзем, сын да цябе вярнуўся!

Баба-апоек устала з лаўкі і хуценька выкулілася за парог, а мужчына ўзяў у Анфісы ключы, замкнуў аўтастанцыю, і яны пайшлі да гарадка. Ён радасны, а яна ледзь жывая ад страху.

— Што ж гэта будзе?! — шаптала нячутна. — Я ўжо і забылася, што ён ёсць на свеце…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание