Наверх
Слоним
weather
0
Зельва
weather
0
Волковыск
weather
0
Мосты
weather
0
Дятлово
weather
0
Барановичи
weather
0
EUR 2.3904
USD 2.1141
RUB(100) 3.2817
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Першыя пісьмовыя згадкі пра вёскі Слонімшчыны

15 января 2019 13:15
410
Поделиться:

Дом у в. Дзярэчын

У 1413 годзе ў складзе Вялікага княства Літоўскага былі ўтвораныя першыя ваяводствы — Віленскае і Троцкае. У склад апошняга з іх увайшоў і Слонімскі павет. Ён ахопліваў тэрыторыю былога Слонімскага княства: ад ракі Моўчадзь на ўсходзе да ракі Зяльвянкі на захадзе, ад Нёмана на поўначы да Ясельды на поўдні.

Слонімскія лоўчыя
Гэтая мясцовасць, багатая лясамі, выдатна падыходзіла для палявання вялікіх князёў. Для арганізацыі гаспадарскага адпачынку і нагляду за лясамі была ўведзена адпаведная пасада — лоўчы. Наколькі яна была значнай, сведчыць тое, што адзін са слонімскіх лоўчых, Мішка Вештортавіч, у далейшым стаў слонімскім намеснікам. Яго імя ўпершыню згадваецца ў грамаце вялікага князя Казіміра ад 13 мая 1440-1444 гадоў, калі той падараваў лоўчаму сяло Даннічкі з вёскамі Бартновічы і Асовікамі паблізу Здзітава. Яшчэ адным слонімскім лоўчым, імя якога захавалася ў дакументах, быў Ян Мішкавіч. За сваю службу 9 лютага 1486 года ён атрымаў ад вялікага князя 15 коп грошай «з корчмаў слонімскіх».

Літва і Вострава
У сярэдзіне XV стагоддзя з надыходам спакою ў Вялікім княстве Слонімшчына актыўна засяляецца, што нярэдка прыводзіла да спрэчных момантаў. Менавіта з імі звязаныя першыя пісьмовыя згадкі вясковых паселішчаў у дакументах дзяржаўнага архіву — Літоўскай Метрыкі. Так, у 1468 годзе слонімскі намеснік Мішка Вештортавіч разглядаў справу паміж панам Васілём Капачэвічам, уладальнікам Дзярэчына, і жыхарамі вёсак Літва і Вострава Слонімскага павета. Васіль Капачэвіч сцвярджаў, што «Острава», дзе пражывалі Бесак і Ян Дойлід з яго братамі, гэта «звечныя ловы і хмелішча» яшчэ бацькі Капача. Для пацверджання былі выслуханыя сведкі з ліку слонімскіх мяшчан на чале з войтам, а таксама жыхароў ваколіц Дзярэчына. У выніку гэтыя землі былі прызнаныя ўласнасцю Капачэвіча.

Царква ў в. Дзярэчын

«Па рацэ Зэльве да Дзярэчына і ўніз і ўверх»
Па меры інтэнсіўнага асвойвання зямель Слонімскага павета ўзнікаюць канфлікты паміж суседзямі за спрэчныя землі. У 1478 годзе адзін з такіх выпадкаў, паміж спадарынямі Васільевай Капачэвічавай і Міхайлавай Начэвічавай (іх імёны прыводзіліся па мужах) — быў перададзены для разгляду гродзенскім намеснікам Янам Кучуком і дарагіцкім намеснікам Івашкам Ільінічам.

Васільева абвінавачвала Міхайлаву ў тым, што людзі апошняй з маёнтка Зэльва пераходзілі за мост, касілі яе сенажаці, білі баброў і нават дралі бортнае дрэва. Міхайлава ж заявіла, што яшчэ пры вялікім князю Свідрыгайлу (1430-1432), калі яе муж Нац хрысціў свайго сына Яцка ў пана Васіля Капачэвіча, апошні дазволіў ездзіць «у будоване, у дрэва, сенажаці».

Васільева ж звярнулася да сведак — жыхароў вёсак Ярыева і Сынкавічы. Таксама супраць Міхайлавай сведчылі азернічане, мілашэвічы, валчковічы, слонімцы, івашкаўцы і клепачы: «З намі сугранічнікі Валчкевічы і Івашкаўцы і Клепачы, пушчы нам, ловы, дрэва бортнае з аднаго». Былі задзейнічаныя і дадатковыя сведкі з ліку баяраў, якія пацвердзілі словы Васільевай, што ёй належыць «па рацэ Зэльве да Дзярэчына і ўніз і ўверх і тое поле Малееўскае».

Царква ў в. Парэчча

Парэчча
Нярэдкімі выпадкамі з`яўляліся і ўнутрысямейныя канфлікты з-за маёмасці. У 1488 годзе адзін з іх, з-за маёнтка Парэчча, трапіў у поле зроку вялікага князя Казіміра. Слонімскі баярын Талька Некрашэвіч хацеў уступіць у валоданне Парэччамі, але пры гэтым адмаўляўся прызнаваць правы сваіх нявестак (Міхайлавай і Андрушкавай) і мачыхі. Вялікі князь, разглядзеўшы справу, загадаў «сплаціць нявесткам за дзяльніцы братоў яго — адной 30, а другой — 40 грывен». А таксама Талька павінен ўтрымліваць у Парэччы сваю мачаху, «як пры айцы яго была і домам валодала». Дарэчы, у 1486 годзе сярод тых, каго Казімір адарыў за дзяржаўную службу, названы і Андрэй Парэцкі, якому было выдзелена «5 коп з корчмаў слонімскіх, і 5 коп з мыта берасцейскага».

У 1494-1495 гадах з-за Парэччаў узнікла спрэчка вакол справядлівасці продажу трэцяй часткі маёнтка Парэчча Талькам Некрашэвічам слонімскаму намесніку Яну Літаўру Храптовічу. Прызнаць продаж адмовіўся Войцех Нарыбутовіч, жонка якога паходзіла з сям`і Талькі. Разгляд справы адбываўся ў Вільні 22 студзеня 1495 года ўжо новым вялікім князем Аляксандрам. Справа ў тым, што Талька прадаў трэцюю частку Парэччаў «без дазволу сыноў сваіх». У сувязі з гэтым у якасці сведак, якія пацвярджалі продаж, было выкліканае ўсё тагачаснае кіраўніцтва Слонімскага павета: плябан слонімскі Станка Некрашэвіч, князь Гневаш, служка пры папярэднім слонімскім намесніку Солтану Александровічу, пры якім і была заключаная здзелка, войт слонімскі Сенка, мяшчане Сак, Васіль Барздзіловіч і Мась Багдановіч. Суд не задаволіў пазоў Войцеха Нарыбутовіча, і продаж трэцяй часткі Парэччаў быў прызнаны. Якія паселішчы ўваходзілі ў маёнтак Парэчча і якія менавіта з іх былі прададзеныя — аб гэтым гаворка не ідзе. Але цікава тое, што недалёка ад Парэччаў маецца вёска Талькаўшчына, назва якой, хутчэй за ўсё, паходзіць ад імя Талькі Некрашэвіча, і Міцькавічы — ад імя Мацка Некрашэвіча, сына Талькі.

Пячатка Яна Мішкавіча

Жамайдзякі і Белавічы
Узнікненне населеных пунктаў ад назваў іх гаспадароў — з`ява ў нашай гісторыі звычайная, аб чым сведчыць прыклад вёскі Жамайдзякі Слонімскага павета (сёння Івацэвіцкі раён). Яе назва пайшла ад імя Жамойціна, які ажаніўся з жыхаркай Белавіцкага абруба. Жанчыне ў спадчыну ад двух памерлых мужоў — Адрыяна і Дзяка, якія служылі спачатку мясцоваму пану Юшку Гайцевічу, а затым і вялікаму князю, перайшоў ва ўласнасць луг пад назваю Ладзейніца. Аднак яе суседзі-белавічане не прынялі чужака, аб чым сведчыла і імя — Жамойцін, якога «з тае зямлі выганяюць вон». 28 сакавіка 1490 года Жамойцін звярнуўся па дапамогу да вялікага князя Казіміра, які перанакіраваў справу слонімскаму намесніку Солтану Александровічу. З таго часу і бяруць пачатак вёска Жамайдзякі, на тэрыторыі якой людзі жылі і пры ранейшых уладальніках — Адрыяну і Дзяку. Але ў гісторыю гэтае паселішча ўвайшло менавіта па нетыповым для тутэйшага жыхара імю — Жамойцін.

Жамайдзякі сёння знаходзяцца на паўночным захадзе ад Косава, на ўсход ад якіх, адразу за каталіцкімі могілкамі, месціцца поле, якое называюць Ладзейніца. А за пяць кіламетраў на поўдзень ад Косава маецца вёска Белавічы.

Читайте также
Обратите внимание