Наверх
Слоним
пасмурно
22 °C
Зельва
пасмурно
22 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
22 °C
Мосты
облачно с прояснениями
22 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
22 °C
Барановичи
небольшой дождь
21 °C
EUR 2.7311
USD 2.4214
RUB(100) 3.4359
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 246,78 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Эдуарду Арочку — 90!

16 января 2019 9:37
Поделиться:

Эдуард Арочка падпісваецца на «Газету Слонімскую» падчас выязной падпіскі рэдакцыі ў Міжэвічы, 11.06.2010

16 студзеня святкуе свой 90-гадовы юбілей ветэран сельскагаспадарчай вытворчасці Слонімшчыны, нязменны старшыня колішняга калгаса «Рассвет» Слонімскага раёна цягам 21 года, а таксама сталы чытач і аўтар «Газеты Слонімскай» Эдуард Іосіфавіч Арочка.

Эдуард Арочка ўвасабляе сабой цэлую эпоху ў гісторыі Слонімшчыны, а ў нейкіх момантах і ўсёй Заходняй Беларусі.

Нарадзіўся ён 16 студзеня 1929 года ў вёсцы Вецявічы на Слонімшчыне, якая ў той час уваходзіла ў склад Другой Рэчы Паспалітай. У вялікай сям`і бацькі Іосіфа Якаўлевіча Арочкі была добрая сялянская гаспадарка, а сам бацька з`яўляўся аўтарытэтным чалавекам не толькі для сваёй сям`і, але і сярод аднавяскоўцаў.

Эдуард Арочка паспеў да пачатку Другой сусветнай вайны закончыць 5 класаў польскай школы і 6-ы клас савецкай. У час нямецкай акупацыі ў юным узросце ўдзельнічаў у партызанскім руху. Адразу пасля вызвалення Слонімшчыны ў 1944 годзе пачаў працаваць у Сялявіцкім сельсавеце і адпрацаваў там агулам 15 гадоў, 10 з якіх — на пасадзе старшыні сельсавета. Пра той цяжкі пасляваенны час Эдуард Іосіфавіч напісаў успаміны, якія раней друкаваліся ў нашай газеце.

«Самымі цяжкімі былі першыя пасляваенныя гады — пагарэльцы, пахаронкі, удовы, сіроты, бескароўныя, бясконныя гаспадаркі. Часам з`яўляліся банды. Прыходзілася насіць пры сабе зброю. Разам з тым кожная сялянская гаспадарка павінна была выканаць каля 20 розных абавязкаў: падаткаў, паставак, лесанарыхтовак, дарожных работ і гэтак далей. Усім гэтым займаліся і арганізоўвалі сельсаветы. Акрамя гэтага, сельсаветы павінны былі шукаць памяшканні для школ, бібліятэк, ФАП­аў, чырвоных куткоў, дапамагаць сем`ям, якія пацярпелі ад вайны… Вельмі цяжка было сялянам у першыя 5-6 гадоў пасля калектывізацыі», — успамінае той час Эдуард Арочка.

Эдуард Арочка

Працуючы ў сельсавеце, Эдуард Іосіфавіч завочна скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію і атрымаў дыплом вучонага агранома-эканаміста. Папрацаваўшы пасля гэтага на розных пасадах у Слонімскім райвыканкаме і ўпраўленні сельскай гаспадаркі, Арочка ўзначаліў калгас «Рассвет» і на пасадзе старшыні гэтага калгаса адпрацаваў 21 год, да самага свайго выхаду на пенсію. Пры Арочку калгас «Рассвет» стаў высокарэнтабельнай гаспадаркай з высокімі заробкамі калгаснікаў. Тады былі пабудаваны новы машынны двор, збож­жасушыльныя комплексы, фермы, цялятнікі, амбары — усё, што сёння, на вялікі жаль тых, хто яшчэ помніць лепшыя часы гэтай гаспадаркі, стаіць пакінутым і апусцелым. А тады па выніках сацспаборніцтва «Рассвет» пастаянна ўзнагароджваўся пераходнымі сцягамі раённага і абласнога значэння. Дзясятак калгаснікаў атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды. Калгас двойчы наведваў тагачасны кіраўнік БССР Пётр Машэраў. Не абмінула дзяржава ўвагай і самога старшыню. Эдуард Арочка ўзнагароджаны трыма ордэнамі, мае дзве Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР, шмат медалёў. Рашэннем Гродзенскага аблвыканкама прозвішча Эдуарда Арочкі і яго біяграфічныя дадзеныя ўнесены ў «Кнігу Гонару Гродзенскай вобласці».

…Цяпер Эдуард Арочка жыве ў горадзе Кобрыне Брэсцкай вобласці. Не зважаючы на ўзрост, цікавіцца палітычнымі і гістарычнымі падзеямі ў краіне, пастаянна слухае Першы канал беларускага радыё і выпісвае шмат перыядычных выданняў, у тым ліку і «Газету Слонімскую», каб ведаць аб падзеях на сваёй малой радзіме. Дачка Эдуарда Іосіфавіча Ірына Эдуардаўна, якая таксама жыве ў Кобрыне і апякуецца бацькам, у тэлефоннай размове з аўтарам гэтых радкоў прасіла перадаць юбіляру праз яго любімую газету, што яго дзеці, унукі і праўнукі, блізкія і сябры ганарацца сваім сябрам, бацькам і дзядулем, вельмі яго любяць і шануюць ды жадаюць здароўя, радасці ў вачах і сэрцы і добрага настрою.

Мы, калектыў рэдакцыі «ГС», далучаемся да віншаванняў юбіляру ды зычым яму быць такім жа нястомным і нязломным, якім мы яго заўсёды ведалі.
90 — гэта моцна!

Фота з архіва «ГС»

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание