
Малюнак Яўгена Іванова
У прыватнай фірме па рамонце пыласосаў і чайнікаў, што ў раённым гарадку Васовічы, шукалі, на чым яшчэ можна зарабіць. Дырэктар Віцька Гамак сабраў падначаленых і, акінуўшы іх строгім поглядам, горка ўздыхнуў:
— Давайце думайце, я не буду адзін за ўсіх упірацца.
— А што тут прыдумаеш? — гультаяваты Сымон Пята, пакручваючы ў пальцах незапаленую цыгарэту, тупа ўставіўся на дырэктара. — Хіба яшчэ прасы ў рамонт браць? — ягоны рабаваты твар скрывіла нешта падобнае на саркастычную ўсмешку.
— А вось ты, Пята, памаўчы, бо твой лёс ужо вырашаны: адразу пасля Новага года пойдзеш за вароты. Ты першы кандыдат на звальненне.
Сымон схаваў у пачак цыгарэту і сеў роўненька, як першакласнік на першым уроку. Усмешка сцерлася з твару, нібы яе там і не было, бо вылецець за вароты ў Васовічах — гэта не жарты. Дзе потым работу знойдзеш?
Усе напружыліся. Усе тры. Здаецца, было чуваць, як скрыпяць іхнія мазгі. І раптам Сымон Пята ажно падскочыў на табурэтцы:
— У мяне ёсць ідэя!
— Няўжо?! — Віцька вушам не паверыў. Каб у Сымона ды з`явілася ідэя?..
— Вось набліжаецца Новы год, і кожны хоча павіншаваць сваіх дзяцей ды ўнукаў. Давайце мы гэтым і зоймемся, без адрыву ад вытворчасці, канешне.
Апранемся ў Дзядоў Марозаў ды Снягурак і з падарункамі пойдзем па хатах. Але найперш трэба развесіць аб`явы, няхай людзі ідуць са сваімі заяўкамі і платай.
— Ды ты, Сымон, геній! Я б і сам да такога не дадумаўся, — на круглым твары дырэктара заззяла ўсмешка.
Абрадаваліся і ўсе: думаць больш не трэба.
— Стоп, хлопцы! — астудзіў іхні пыл Казік Шнюрок. — Ну з Дзядамі Марозамі прасцей, мы самі імі будзем, але дзе ўзяць Снягурак?
— Дзе-дзе, баб сваіх апраніце, бо не шукаць жа старонніх. І так каса пустая.
— Не-а, — пахістаў галавой таўсматы Казік. — Якая з маёй Ядзі Снягурка? Яна ж худая і высокая як сухастоіна. Ды і старая…
— А мая тоўстая як бетонамяшалка. Да таго ж двух слоў не звяжа, — мовіў Толік Рэпа. — Трэба старонніх браць.
— Ну, прыйдзецца плаціць, — не хацеў адмаўляцца ад сваёй ідэі Сымон.
— Ды не пойдуць мясцовыя бабы ў Снягуркі. Гэта каб у вялікім горадзе, а тут пасаромеюцца са сваёй вясковай псіхалогіяй… — засумняваўся Казік.
— Во! — зноў ускочыў з табурэткі Сымон. — Гляньце ў акно. Хлопца таго паклічам, што ідзе па вуліцы. Бачыце, які ў яго твар прыгожы? Ну чыста дзеўка! Апранем Снягуркай, заплацім…
— Кліч! — даў адмашку дырэктар.
Усё было як трэба: і касцюмы набылі, і заявак — хоць адбаўляй, і Снягурка з доўгай касой выглядала як артыстка.
У пераднавагодні вечар тры Дзяды Маразы і прыгожая Снягурка адправіліся па хатах. Яна раздавала падарункі, а яны загадвалі загадкі, самі чыталі вершы, нават песенькі спявалі. І ўсюды задаволеныя гаспадары налівалі ім чарачку, а то і дзве. Усім было добра, усе былі рады. І Снягурка, бо ёй гаспадары, адпіхнуўшы сваіх жонак, налівалі поўненькую.
Віцька Гамак сядзеў у канторы і чакаў, пакуль хлопцы вернуцца з задання. Яны з`явіліся бліжэй да поўначы. Усе ледзь пералезлі праз парог.
— Апойкі! — зазлаваў дырэктар. — Ці ж хоць усё добра зрабілі?
— Усё ціп-топ! — далажыла Снягурка і плюхнулася на зэдлік. — Давай плату, і я пайшоў.
— Снягурачка, золатца, ці як тут цябе называць?! — узмаліўся Гамак. — Вунь ляжыць яшчэ адзін падарунак. І як мы яго не ўбачылі?! Занясі, больш няма каму!
— Самі заўтра занясіце…
— Міленькая, без нажа рэжаш! Гэта такія скандальныя людзі, што свет не бачыў! На ўвесь гарадок праславяць. Больш нам ніхто ніколі не закажа Дзеда Мароза ды Снягурку. Нават чайніка ржавага ў рамонт не прынясуць.
— Далёка ісці?
— Не! Па марозіку на маладых нагах. Раз-два — і там! Толькі ў размовы ні з дзіцем, ні з дарослымі не ўступай, бо зразумеюць, што ты не баба і што гэта не баба, мякка кажучы, нецвярозая.
Снягурка ўзяла падарунак, паклала ў сіні мяшок і выкулілася за парог.
Яе чакалі. Ва ўсіх вокнах гарэла святло. Нават дзверы былі не замкнёны. Зайшла смела як у сваю хату і, ні слова не прамовіўшы, падала малому хлопчыку падарунак.
— Свінаватая нейкая Снягурка, нават не павіталася, з Новым годам не павіншавала! — стала бубнець пажылая баба з бігудзі на сівой галаве. — І каго толькі прысылаюць?!
— Праўда што! — высунулася з другога пакоя маладзіца. — Ходзяць тут усякія, дрэнны ўплыў на дзіцёнка робяць. Ніякай культуры!
І раптам як іерыхонская труба зароў хлопчык:
— Яна мне дала машыну, а я хацеў кран! — слёзы ліліся з вочак, як вясной са страхі капеж.
— Што ты прывалакла?! — баба падышла да Снягуркі, і яе нюх улавіў пах гарэлкі. — Свалата п`яная! — крыкнула са злосцю і пацягнула бедную за касу. Разам з касой з галавы паляцела шапка, што была нацягнута да самых броваў. Нават густа намазаная памада на шчоках і губах не магла схаваць аблічча былога зяця
Антося Кубаркі, які ўжо некалькі гадоў не плаціў аліментаў на сына. Хаваўся.
— Вось гэта сюрпрыз! — абрадавалася старая, а маладая няўцямна пазірала на суджанага-разведзенага.
— Расскажи, Снегурочка, как дела? Расскажи-ка, милая, где была? — заскакала перад ім былая цешча.
— Адэля, звані ў міліцыю! — загадала дачцэ. — Цяпер ён ужо не выкруціцца! Цёпленькім узялі, сам прыйшоў проста ў рукі!
Антось сядзеў на падлозе і русай касой сціраў памаду са шчок і вуснаў. І ў страшным сне ён не мог прысніць, што трапіць у такі нерат.
— Вы ж раней у вёсцы жылі… І ў другім раёне…
— Жылі ў другім, а цяпер у першым… — ухмыльнулася цешча. — Спецыяльна перасяліліся, каб цябе падлавіць, пустадомак!..
Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь