Наверх
Слоним
пасмурно
9 °C
Зельва
пасмурно
9 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
7 °C
Мосты
облачно с прояснениями
7 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
7 °C
Барановичи
пасмурно
8 °C
EUR 3.0138
USD 2.5708
RUB(100) 3.2999
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

На жыццёвых скрыжаваннях: Дармаед

10 февраля 2019 11:55
Поделиться:

Малюнак Яўгена іванова

Цёплым майскім вечарам, калі Сабіна Часноўская, управіўшыся па гаспадарцы, паела і збіралася класціся спаць, у дзверы пастукалі. Накульгваючы на правую нагу, яна пайшла адчыняць і незадаволена бубніла:

— Цягаюцца тут усякія, дня ім мала. Не даюць добрым людзям адпачыць.

— Здарова, мамка! — бадзёра прамовіла дачка Каця. — Рыхтуй пачастункі, зяця табе прывезла! Завуць Арцём Вікторык.

Вясёлая і загарэлая, дачка вярнулася з курорта, бо заўтра ўжо на работу ў аўтабазу, дзе працавала бухгалтарам. Побач з ёй з вялікай сумкай стаяў і ўсміхаўся прыгожы малады мужчына. Ён павітаўся і следам за Кацяй пераступіў парог.

— А што гэта ў цябе за лапата такая ў мяшку? — незадаволена буркнула старая.

— Якая ж гэта лапата? Гэта гітара. Потым пайграю вам.

— Яшчэ чаго! Я за цэлы дзень так натупалася то ў хаце, то ў агародзе, што ніякай музыкі не трэба.

— Дарэмна, мамка. Ён добра іграе. Нават у ансамблі ўдзельнічаў, як нейкі час жыў у Расіі. А цяпер будзе жыць у нас.

— Чаму не! Ты, старая, упірайся з рання да змяркання, а яна толькі ўсякіх дармаедаў прывозіць. Той, ранейшы, хоць худзенькі, здохленькі быў, а гэты пад два метры, здаравенны, ледзь у дзверы прашчаміўся. Не ўкарміць будзе. І дзе ў цябе, Кацька, розум?

— Не турбуйцеся, мама, больш яна зяцёў вазіць не будзе. Я апошні.

— Ды яна ж, Арцёмчык, усіх з хаты павыжывала, поедам ела, і праз які месяц збягалі без аглядкі. Надта хацела, каб мы з ёй удзвюх засталіся, мужчынскага духу ў хаце не пераносіла.

— Кажы праўду! Усе былі гультаі, усе двое. На работу не хадзілі, мне па гаспадарцы не дапамагалі. А я ж не на паверхах жыву, хоць і ў райцэнтры, а ў сваёй хаце. І коз трымаю, і гусей ды курэй, парася нядаўна купіла. А немаладая, да васьмідзесяці падбіраецца. Ты, Кацька, таксама ў работу не ўлягаеш. Уткнеш свой нос у камп`ютар — і хоць трава не расці. Абы толькі з аўтабазы прыйшла, так і ў камп`ютар.

— Я не такі! — запэўніў Арцём.

— Усе вы не такія… На стол збярэш сама, не вялікая пані. І каб ціха мне, ніякай музыкі.

Заўтра ранічкай Арцём устаў разам з Сабінай. Кацька яшчэ ў пасцелі валялася.

— А куды ж ты ўжо лыжы навастрыў? — пацікавілася гаспадыня. — Паснедай спачатку.

— Пайду работу шукаць, каб не быць дармаедам. Усё ў Расію ездзіў на заробкі, але больш не паеду. І тут работы хапае.

Гэтыя Арцёмавы словы вельмі спадабаліся Сабіне. Падумала, бачыш, не хапаецца за вялікую лыжку, а хоча капейку зарабіць. Можа, і будзе ў іх з Кацькай які толк? Яна вельмі спадзявалася, што дачка нарэшце знойдзе сваё жаночае шчасце. І то сказаць: падбіраецца пад саракоўнік, а ні мужа, ні дзяцей. А так і ёй была б радасць — унукаў гадаваць. І ім, маладым, лягчэй. І грошай сабрала, хоць зарабляла не надта шмат, працуючы на хлебапякарні. Але ж праўду кажуць, што багаты не той, хто шмат зарабляе, а той, хто мала траціць.

Каця, як скончыла ўніверсітэт у Мінску, вярнулася ў свой гарадок. Працуе і ўсе грошы мацеры аддае. Ні за кватэру, ні за ежу плаціць не трэба. Толькі ўборы купляе ды на курорт іншы раз з`ездзіць.

Арцём вярнуўся каля полудня, і яны з Сабінай селі есці, бо Кацька на абед ніколі не прыходзіла.

— Ну, ці знайшоў жа якую работу? — спытала старая.

— Чаму ж не! Токарам буду працаваць на прыватным прадпрыемстве недалёка ад горада. Прыкіньце, раніцай на работу завязуць, днём можна абедаць у мясцовай сталовай, вечарам дадому прывязуць. І заробак абяцалі добры. У мяне ж вышэйшая адукацыя, то потым, сказаў дырэктар, перавядуць у інжынеры, бо цяперашні пойдзе на пенсію. Маўляў, годзік папрацуй, а потым будзе табе павышэнне.

— То і добра, калі так! — абрадавалася Сабіна. — Адкуль жа ты родам, сынок? Усё ніяк не папытаю…

— Я гадаваўся ў дзіцячым доме… Бацька ў турме быў доўгі час, там і памёр. А маці недзе бадзяецца па свеце. Так што цяпер вы будзеце мне за маму, бо вельмі хочацца сям`і, прытулку для душы.

— Сынок… — выцерла слёзы чуллівая Сабіна. — Не хвалюйся, будзем жыць дружна. Дзетак вам трэба…

— Будуць. А цяпер кажыце, мама, якую работу па гаспадарцы зрабіць, то я мігам.

— Грады пад гуркі ды памідоры трэба ўскапаць, цяплічку зрабіць, бо часам замаразкі.

— Грады ўскапаю, а цяплічку рабіць не буду. Навошта нам з гэтай плёнкай важдацца? То вецер яе парве, то град паб`е. Я дамовіўся, і знаёмы прывязе цяпліцу з полікарбанату. Вялікую. А яшчэ за лета трэба плот вакол сядзібы замяніць, а то гэты ўжо непрыгожы, развальваецца. Людзі скажуць, мужчына ў хаце ёсць, а плот неважнецкі. Бязрукі той мужчына, ці што?

Арцём усміхнуўся, а ў душы Сабіны спявалі птушкі. Хіба магла яна марыць, што на старасці ў хаце будзе такі дбайны гаспадар? Сорамна стала, што пры першай сустрэчы абазвала Арцёма дармаедам. От жа бабскі язык дурны!

На згон зімы Каця ўжо насіла дзіцятка. Маладыя распісаліся і павянчаліся. У загс ездзілі на прыгожай машыне, якую купіў Арцём. Для яе на падворку і гараж пабудаваў.

Аднойчы Сабіна, хвалюючыся, сказала:

— Не ведаю, сынок, якія словы падабраць, бо надта ж сорамна… Даруй, што некалі абазвала дармаедам. Залатыя ў цябе рукі і залатае сэрца…

— Ды я ўжо і забыўся пра гэта. Вы ж тады яшчэ не ведалі, якое золата ў хату ўвалілася, — усміхнуўся зяць…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание