Наверх
EUR 2.2714
USD 2.047
RUB(100) 3.1033
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

«Не кожны дзень цябе параўноўваюць з народнай артысткай»

10 февраля 2019 11:02
361
Поделиться:

Аляксандра Радковіч

На тэлеканале «Гродна плюс» 28 студзеня стартаваў праект «5 хвілін па-беларуску», вядучай якога стала Аляксандра Радковіч са Слоніма. Такім чынам, Аляксандра цяпер не толькі студэнтка філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, але і аўтар і вядучая беларускамоўнага тэлепраекта. У першым выпуску праграмы Аляксандра расказала, што праект «5 хвілін па-беларуску» прыйдзецца даспадобы тым, хто зацікаўлены ў дасканалым валоданні роднай мовай і выкарыстанні яе ў паўсядзённым жыцці, бо, як упэўнена дзяўчына, цікавасць да мовы не змяншаецца. А ў інтэрв`ю для «Газеты Слонімскай» яна распавяла падрабязнасці пра падрыхтоўку праекта і наогул пра мову.

— Аляксандра, колькі часу заняла падрыхтоўка першай перадачы «5 хвілін па-беларуску»?

— Над перадачай я думала каля дзесяці тыдняў. А цяпер напісанне аднаго выпуску займае ў мяне літаральна чатыры-пяць дзён. Яны па аб`ёме кампактныя, таму стараюся не зацягваць з падрыхтоўкай.

— Што сталася самым складаным у гэтым праекце?

— Калі шчыра казаць, то сама ідэя, задума перадачы заняла больш часу, чым напісанне саміх тэкстаў для выпускаў. Якраз-такі ідэя тэлеперадачы сталася самым складаным у праекце. Хацелася прыцягнуць да экранаў як мага больш гледачоў. Таму над ідэяй трэба было добра падумаць і пракруціць у галаве ўсе магчымыя варыянты.

— Якая наогул канцэпцыя тэлепраекта?

— Канцэпцыя тэлепраекта ўключае ў сябе знаёмства тэлегледачоў з вызначанай тэмай выпуску (культура, фальклор, навука, мастацтва), і для таго, каб зацікавіць гледача, праводжу невялічкае бліц-апытанне па тэме, што разглядаецца. Адначасова проста і пазнавальна.

— Колькі праграм будзе выпускацца на тыдзень?

— Адзін тыдзень — адзін выпуск. Кожны панядзелак чакайце новыя цікавыя звесткі. Але, удакладню, выпуск будзе паўтарацца на працягу ўсяго тыдня.

— Хто прапанаваў Вам распачаць праект «5 хвілін па-беларуску»?

— Мне пашчасціла наведваць курсы тэлерадыёвядучых, якія былі арганізаваны тэлеканалам «ГроднаПлюс». Дырэктар тэлеканала Сяргей Мазайла прапанаваў мне паспрабаваць быць аўтарам і вядучай праграмы, якая будзе звязана з беларускай мовай. І я ад усяго сэрца ўдзячна яму за такую магчымасць.

Аляксандра Радковіч у тэлеэфіры

— Хто дапамагае Вам у падрыхтоўцы праграмы?

— Я сама яшчэ студэнтка, таму я вучуся разам з гледачамі, у тым ліку і падчас напісання тэкстаў. І мне неабходна праверка інфармацыі і памылак, нават тэм для выпуску. У гэтым мне дапамагае мой навуковы кіраўнік Святлана Мікалаеўна Тарасава. Я вельмі ёй удзячна за тое, што яна падтрымлівае кожную маю ідэю і ініцыятыву, а таксама заўсёды побач са мной.

— Гледачы звярнулі ўвагу, што ролік ішоў не 5 хвілін, а крыху больш за 3 хвіліны. Наогул, ці не замала 5 хвілін для роднай мовы?

— Усё вялікае пачынаецца з малога. Мы вырашылі ісці крок за крокам і не бегчы наперад. Цяпер гэта ўсяго 5 хвілін, але ўявіце сабе, каб кожны жыхар краіны знайшоў гэтыя 5 хвілін для роднай мовы. Магчыма, тады б людзі не здзіўляліся, пачуўшы роднае слова на вуліцы. Агульная назва «5 хвілін па-беларуску» азначае прыкладны час.

— У паўсядзённым жыцці Вы размаўляеце на роднай мове?

— Так, размаўляю.

— Навіна пра з`яўленне беларускамоўнай перадачы разышлася па СМІ, і не ўсе каментары былі хвалебныя. Маўляў, ёсць памылкі ў вымаўленні слоў, ва ўжыванні канчаткаў.

— Як я ўжо казала, я вучуся разам з кожным выпускам і гледачамі і, дзякуючы некаторым заўвагам, больш такія памылкі не паўтару.

— Як Вы паставіліся да крытычных заўваг?

— Нават самыя вялікія шэдэўры падвяргаюцца крытыцы, і не заўсёды яна аб`ектыўная. Да кожнага каментара я стаўлюся разумна і нармальна. Калі гэта парада, то ўлічу яе, калі гэта абраза, то пастараюся не прымаць блізка да сэрца.

— Усё ж такі для моладзі такая падача матэрыялу падаецца ўстарэлай. Як у далейшым будзеце асучасніваць фармат сваіх праграм?

— Я толькі рада новым прапановам ад сваіх гледачоў. Пра гэтыя моманты я гаварыць яшчэ не буду, бо пакуль што яны ў распрацоўцы.

— Вас параўналі з вядучай Зінаідай Бандарэнка. Як успрынялі такое параўнанне?

— Успрыняла гэта як камплімент, бо не кожны ж дзень цябе параўноўваюць з таленавітай народнай артысткай Беларусі, тым больш са знакамітым дыктарам беларускага тэлебачання.

— Хто наогул з тэлевядучых Вам падабаецца?

— Мне вельмі падабаецца ў ролі тэлевядучага ўсім вядомы Аляксандр Аверкаў і вядучая Лэйла Ісмаілава.

— Бачыце сябе ў будучым у ролі тэлевядучай?

— Гэта мая мара — быць вядучай (тэлевядучай), буду старацца і прыкладаць намаганні, каб мара стала яваю.

Аляксандра Радковіч скончыла СШ №2 у Слоніме. Напрыканцы 2017 года яна стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года – 2017». Падчас наведвання Гродзеншчыны Аляксандрам Лукашэнкам студэнтка ў падарунак ад прэзідэнта атрымала ручку.

Фота з архіва Аляксандры Радковіч

Наш канал в Telegram Прислать свою новость на Viber
Читайте также
Обратите внимание