Наверх
Слоним
облачно с прояснениями
6 °C
Зельва
облачно с прояснениями
6 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
3 °C
Мосты
облачно с прояснениями
3 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
3 °C
Барановичи
облачно с прояснениями
6 °C
EUR 2.4065
USD 2.2246
RUB(100) 3.4189
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

На жыццёвых скрыжаваннях: Калі цвілі травы

16 февраля 2019 14:35
Поделиться:

Старшыня калгаса Іван Субоцкі закончыў нараду, і спецыялісты пачалі разыходзіцца, а галоўны ветэрынарны доктар Андрэй Крапіўка сядзеў як сядзеў.
— Зноў ты, Сымонавіч, за сваё: то п`яны, то з пахмелля. Абяцаў жа на мінулым тыдні, што больш не будзеш, кляўся-бажыўся.
— Не магу даць сабе рады…
— Ну, вось што… Пакуль ідзі ў водпуск і бярыся за розум. Захочаш працаваць у нашай гаспадарцы, то потым на нейкі час перавяду загадчыкам фермы ў Трыпутнікі, а не — дык вольнаму воля. Надакучыла ўжо цябе ўгаворваць.
Андрэй выйшаў на залітую чэрвеньскім сонцам вуліцу і пабрыў у самы яе канец, з узгорка спусціўся на бераг рачулкі Вераб`ёўкі. На лужку хораша пахла разнатраўем, павяваў лёгкі ветрык. Усё радавалася жыццю, толькі ў яго на душы ляжаў камень. Высокі, статны, з густой чупрынай русых валасоў, Андрэй разбіў не адно жаночае сэрца, а яго сэрца разбіла гарэлка. Адзіны сын у прыстойных бацькоў, з вышэйшай адукацыяй, і спецыяліст якіх трэба пашукаць, ды ці яшчэ знойдзеш… Спачатку працаваў у сваім раёне, потым перабраўся ў суседні, каб не так было прыкра, гледзячы, як пакутуюць ад яго закідонаў бацькі.
Але ад сябе не ўцячэш… Прайшоў месяц, і ўсё пачалося спачатку. Яго ўшчувалі, угаворвалі, папракалі — усё як з гусі вада. З-за гарэлкі і не ажаніўся да трыццаці гадоў. Кватэру калгас даў, ды пуста і самотна было ў той кватэры, як пуста і самотна было ў ягонай душы.

Малюнак Яўгена Іванова

Малюнак Яўгена Іванова

Андрэй сеў на беразе і міжволі залюбаваўся, як хораша цвітуць травы, як плешчацца аб бераг вада. Раптам нехта дакрануўся да яго пляча. Павярнуў галаву і ўбачыў смугленькую дзяўчынку ў сіняй сукеначцы. Яна мела гадкоў шэсць, не болей. Карыя вочкі глядзелі на яго са спагадай.
— Вам што-небудзь баліць? — спытала і села на траву, паставіла побач невялікі кошык са шчаўем.
— Ага, душа баліць.
— Лячыць душу трэба, — прамовіла сур`ёзна, як дарослая. — А баліць яна ад таго, што шмат гарэлкі п`яце.
— Што?!
— А тое самае. Пра гэта ўсе ведаюць. І мая мамка казала: такі харошы чалавек, а зараз утопіцца ў гарэлцы.
Андрэеў твар заліла чырвань.
«Во дажыўся! Ужо і гэта малое птушаня павучае яго, ужо і яно ведае пра ганьбу ветэрынарнага доктара Крапіўкі. Трэба звальняцца і ўцякаць з гэтага калгаса, з гэтага раёна, паехаць туды, дзе яго ніхто не ведае, бо людзі з такой спецыяльнасцю шмат дзе патрэбны», — думаў з адчаем. Каб адагнаць прэч тугу, спытаў у дзяўчынкі:
— А што ты тут робіш адна непадалёку ад рачулкі? Малая яшчэ, патануць можаш…
— Хіба я дурная ў ваду лезці? Шчаўе тут збіраю, будзем з мамкай зімой такі смачны боршч варыць! Мы кожнае лета збіраем. Цяпер мамка ў Мінску на нейкай сесіі, бо яна вучыцца ва ўніверсітэце, а да мяне прыехала бабуля з Канюшанцаў, што за шэсць кіламетраў ад нашых Выгадоўцаў. Канюшанцы — гэта вёска такая, — патлумачыла. А завуць мяне Вера, або Верка, або Верачка, хто як хоча. Мне ўсяк падабаецца. А вы — дзядзька Андрэй. Я ведаю, — хітра прыжмурыла адно вочка.
Загарэлымі ручкамі дзяўчынка заклала за вушы маленькія пасмачкі чорных валасоў і пільна паглядзела на Андрэя:
— А давайце разам шчаўе збіраць! Зімой будзеце прыходзіць да нас на боршч.
«Ой, дзіцятка, мне цяпер толькі твайго шчаўя і не хапае… — падумаў, слухаючы, як у галаве балюча пульсуе кроў, як цяжка варочаецца ў грудзях сэрца. — Тут каб хоць якіх сто грамаў гарэлкі, бо свет не мілы…»
Маленькая ўзяла яго за руку і пацягнула, каб уставаў. Ён нехаця падняўся.
— Дзядзечка, а ў вас дзеці ёсць?
— Няма…
— Вось таму вы і любіце гарэлку, бо вам няма каго любіць. Дзеці для кожнага чалавека вялікае шчасце, — сказала, паўтараючы нечыя словы. — І вас, мабыць, ніхто не любіць, — шчабятала, падбягаючы да кусціка шчаўя з лапушыстымі лістамі. Прысела, пачала рваць. — Не стойце, памагайце!
Ён прысеў і насуперак сваёй волі пачаў рваць лісты, класці ў кошычак. Потым маленькая зноў і зноў знаходзіла шчаўе, і яны збіралі, аж пакуль кошык не стаў поўны.
— Ну, я пайшла дадому! — дзелавіта прамовіла малая. — Заўтра, як не будзе дажджу, зноў прыйду сюды. І вы прыходзьце. Добра?
— Добра, — усміхнуўся Андрэй. — Як жа тут не прыйдзеш, калі такая каралеўна назначае спатканне.
Яны сустракаліся на лузе чатыры дні, і ўвесь гэты час малады чалавек, перасільваючы сябе неверагоднымі намаганнямі, не піў ні кроплі. Яму і так было брыдка глядзець у чыстыя вочкі дзяўчынкі.
— Заўтра мамка прыязджае са сваёй сесіі, — паведаміла аднойчы Верачка. — А паслязаўтра мы прыйдзем сюды па шчаўе. І вы прыходзьце, я хачу вас пазнаёміць.
Ён надзеў прыгожую белую сарочку, нібыта і сапраўды ішоў на спатканне. Яшчэ здалёк убачыў, як сярод цвітучых траў мільгае светлая сукеначка дзяўчынкі і статная постаць чарнявай жанчыны ў чырвоным убранні.
— Мамка, глядзі, гэта дзядзька Андрэй! Ну, ты аднойчы пра яго гаварыла… — пабегла Верачка насустрач. — Мы з ім вельмі сябруем. Лечым яго душу. Яна вельмі балела, а цяпер ужо не баліць. Раней ён быў сумны, а цяпер усміхаецца. Гэта мы разам з ім кожны дзень збіралі шчаўе. Мамачка, давай запросім яго ў госці, бо ён зусім адзін, не мае дзетак. І яго ніхто не любіць…
— Я згодна, — усміхнулася прыгожая маладзіца. У ёй Андрэй пазнаў настаўніцу мясцовай школы Антаніну Ігнатоўскую.
Ён прыйшоў. І прыходзіў шмат разоў, пакуль марозным снежаньскім днём не перавёз у іхнюю хату свае рэчы. Ранейшая думка аб пераездзе ў другі раён здавалася недарэчнай, бо хіба ёсць на свеце іншыя мясціны, дзе так хораша цвітуць травы, і такія мілыя дзяўчынкі, што ўмеюць лячыць душу?..

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание