Наверх
Слоним
облачно с прояснениями
13 °C
Зельва
облачно с прояснениями
13 °C
Волковыск
переменная облачность
13 °C
Мосты
переменная облачность
14 °C
Дятлово
переменная облачность
14 °C
Барановичи
переменная облачность
12 °C
EUR 2.6772
USD 2.41
RUB(100) 3.4096
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 246,78 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

На жыццевых скрыжаваннях: У сцюжу

24 февраля 2019 11:24
Поделиться:
рисунок карандашом,дерево,человек,дом

Малюнак Яўгена Іванова

Пад`язджаючы да прыдарожнай аўтазапраўкі, Антаніна здалёк убачыла старога прыгорбленага чалавека з сумкай на плячы. Накульгваючы і абапіраючыся на кіёк, ён ішоў па ўзбочыне, стараўся трымацца бліжэй да краю. Каб хоць крыху схавацца ад сцюдзёнага ветру і снегу, што закручваўся віхрам, чалавек падняў каўнер курткі, апусціў вушы ў шапцы-вушанцы.

— Відаць, нешта ў яго здарылася, калі выправіўся ў дарогу ў такую непагадзь, — мовіла Антанініна маці Гэля, што сядзела побач. — Як заправіш машыну, то трэба ўзяць яго ды падвезці.

— Як папросіць. Ці самой напрошвацца?

— Чаму гэта напрошвацца? Проста пашкадаваць чалавека трэба.

На запраўцы не было ніводнай машыны, і Антаніна хутка заліла ў бак бензіну, выехала на трасу. Параўняўшыся з падарожнікам, спынілася, выйшла і адчыніла заднія дзверы:

— Сядайце, калі ласка, бо па такой халадэчы і ветры ісці цяжка.

— Дзякуй табе, добрая душа. А я ўжо і не думаў, што хто-небудзь падвязе. Галасаваў-галасаваў ды і кінуў, бо ніхто нават не прыпыняецца, не тое каб падвезці. —

Ён зняў з пляча нечым напакаваную сумку, спачатку кінуў на сядзенне яе, а потым сеў сам.

— Далёка выбраліся? — павярнуўшы да мужчыны галаву, спытала Гэля.

— Не тое каб далёка, але і не блізка. Кіламетраў дзесяць будзе да нашага райцэнтра. Жонка мая там у бальніцы ляжыць.

— Што-небудзь сур`ёзнае?

— Шыйку бядра зламала, а ў старым узросце гэта, кажуць, не так проста вылечыць. Зараз месяц будзе, як там, а я праз тры дні ўсё цягаюся. Важу бялізну памяняць, з яды што-кольвечы. Словам, трэба ез­дзіць.

— А чаму не на аўтобусе?

— У нашу вёску аўтобус прыходзіць толькі раз у тыдзень, бо няма пасажыраў. Засталіся толькі мы з Сонькай ды дзед Панас. Дажываем…
І раптам мужчыну нібыта хто піхнуў у грудзі, ажно дыханне перахапіла. Калі жанчына зноў павярнула галаву, ён убачыў на левай шчацэ акурат каля вуха тры радзімкі, дробненькія, як макавыя зярняткі. А ў маладзіцы, што была за рулём, таксама радзімачка на правай шчацэ. Толькі адну кабету ён ведаў з такімі драбнюсенькімі радзімкамі, іх проста нельга не запомніць.

«Гэта ж яна, мая Гэля! — здагадаўся. — Каб не такія адметныя макавыя зярняткі, то і не пазнаў бы… Столькі гадоў прайшло… А за рулём — дачушка. Ужо і імя забыўся, вядома ж, кінуў, як толькі нарадзілася».

Гэля нарадзіла дзяўчынку, а Сонька з Курчанятаў, якая ў суседнім раёне і да якой ён таемна заляцаўся, хлопчыка. Ну ён і выбраў Соньку з хлопчыкам, бо даўно марыў пра сына. Ды Сонька і маладзейшая, і прыгажэйшая была, што там казаць.

Ён збег, калі Гэля палола грады, паклаўшы малую спаць у цяньку пад яблыняй. Пакінуў на стале запіску, маўляў, не чакай і не шукай, больш жыць з табой не буду. Другую люблю, і ў мяне з ёй сын.

Спяшаўся, як злодзей пакідаў у торбу самае лепшае адзенне і пешшу пайшоў у мястэчка Выборычы, што за сем кіламетраў ад іхняй вёскі. На аўтобус. «Калі Гэля і будзе шукаць, каб падаць на аліменты, то чорта яна знойдзе. Ды і ці будзе?» — разважаў па дарозе.

Ішоў час, а яго ніхто не турбаваў з аліментамі.

Іншы раз нападаў такі сум, калі бачыў на вясковай вуліцы маленькіх дзяўчынак, успамінаў, параўноўваў: «Можа, і мая ўжо такая? Мая і не мая… Хоць бы адным вокам зірнуць…»

Асабліва дапякалі думкі пра дачку, калі глядзеў на сына. Ён рос неслухам і гультаём. Вядома ж, распуста. Усё было для яго, усё яму.

— Ну і што з Міцькі вырасце? — пытаў не раз у жонкі. — Ён не ведае ні работы, ні турботы. Ложак за сабой ніколі не засцеле, а ўжо ў школу ходзіць.

— Едзь да сваёй Гэлі і там камандуй! — адразу выпускала кіпцюры Сонька. — Жывеш у маёй хаце, прымак-прыблуда, ды яшчэ камандуеш!
Душа сціскалася ад такіх слоў, бо яны былі несправядлівыя і жорсткія. Хата-то яе, але колькі сілы ўклаў, каб перабудаваць, веранду паставіць, хлеў перасыпаць. Ды хіба без мужчынскіх рук яна магла б трымаць вялікую гаспадарку?

Калі Міцька канчаў школу, то ледзь у калонію не загрымеў, бо ўкраў у настаўніцы кашалёк. Пахадзілі яны тады з Сонькай і паплакалі, каб настаўніца даравала, бо ў кашальку была ўся яе зарплата. Даравала. І толькі па той прычыне, што не за гарамі былі выпускныя экзамены. Так бы мовіць, пазычыўшы ў сабакі вочы, аддалі тыя грошы.

— Наплачацеся вы ад яго, — кінула бацькам жорсткія, але справядлівыя словы.

І як у ваду глядзела. У чужых больш не краў, але з дому пастаянна цягаў без дазволу грошы на выпіўку і цыгарэты. Вучыцца і працаваць не хацеў.
Бацькі ўздыхнулі толькі тады, як Міцьку забралі ў армію. Але ж хіба надоўга? Азірнуцца не паспелі, як вярнуўся і зноў сеў на іхні карак. Мала таго, што сам, то і жонку такую ж пасадзіў, якую прывёз з горада, дзе служыў. Таксама гультаіна, што свет не бачыў.

— Вымятайцеся з хаты, бо нам усім тут цесна! — загадаў аднойчы.

— А куды ж нам вымятацца? Хіба ў маю бацькоўскую хату, якая даўно пустуе? — мовіла Сонька.

— О, сама знайшла выйсце! І не марудзьце!

Яны перабраліся ў гэту Глушакоўшчыну, куды Макар цялят не ганяў.

Ён сядзеў і думаў, каб хутчэй вылезці з машыны, і радаваўся, што Гэля яго не пазнала.

— Мне, калі ласка, тут спыніцеся, — папрасіў, калі прыбліжаліся да раённага гарадка. — Я пешшу, бо ўжо да бальніцы недалёка.

Антаніна спынілася, ён спрабаваў даць ёй грошы за праезд, але яна адмахнулася.

— Ведаеш, хто гэта быў? — спытала Гэля, калі машына кранулася. — Твой бацька Віктар Запольскі. Думаў, я не пазнала…

— Які ён мне бацька? Бацька — твой другі муж Ігар Сцяпанавіч, які ўдачарыў, выгадаваў, даў адукацыю. А гэты ніхто і завуць яго ніяк.

— Нешчаслівы…

— Так яму і трэба!..

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание