Наверх
Слоним
weather
0
Зельва
weather
0
Волковыск
weather
0
Мосты
weather
0
Дятлово
weather
0
Барановичи
weather
0
EUR 2.3925
USD 2.0963
RUB(100) 3.2894
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

«Мы хочам жыць як людзі!» — вяскоўцы адстойваюць свае правы

28 февраля 2019 13:55
1707
Поделиться:

Вяскоўцы на сходе, 21.02.2019

Пункт паштовай сувязі ў аргагарадку Вострава Слонімскага раёна і пасля 1 сакавіка будзе працаваць так, як і раней.

У лісце ў Слонімскі райвыканкам 115 вяскоўцаў падпісаліся за захаванне ў аграгарадку Вострава пункта паштовай сувязі, які мясцовыя ўлады і кіраўніцтва раённага вузла сувязі планавалі закрыць сёлета з 1 сакавіка.

Сход жыхароў Вострава і навакольных вёсак з прадстаўнікамі ўлады па пытанні паштовага абслугоўвання ў аграгарадку прайшоў 21 лютага.

Людзей сабралася столькі, што ў вясковым клубе не хапіла месцаў для ўсіх прысутных, і прыйшлося прыносіць крэслы і кушэткі з суседняй бібліятэкі.

Сход пачала начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама Наталля Юнчыц, якая хутка перадала слова начальніку раённага вузла сувязі Валерыю Савіцкаму.

заседание,выступление,женщина

Выступае начальнік ідэалагічнага аддзела Наталля Юнчыц

— Пошта працуе сёння і будзе працаваць заўтра. Але пошта — такая арганізацыя, якая павінна паслугі аказваць і на сябе зарабляць, — пачаў сваё выступленне спадар Савіцкі. — А цяпер я прывяду вам некаторыя лічбы з працы паштовага пункта ў Востраве за студзень гэтага года. Арыфметыка такая: паштовак вы купілі 9 штук, канвертаў — 4 штукі, адправілі 1 пасылку, правялі 615 плацяжоў па АРІП. У сярэднім выходзіць, што на пошту прыйшло 125 чалавек. Сярэдняя наведвальнасць пошты атрымліваецца 5-7 чалавек у дзень. Глядзім далей. На сённяшні дзень вы выпісваеце 28 рэспубліканскіх газет, іншыя дробныя выданні я не бяру пад увагу. У Востраве ваш паштальён і аператар паштовай сувязі Ірына Мар`янаўна абслугоўвае 107 двароў, а таксама яшчэ вёскі Смаўжы, Засімавічы, Старую і Новую Перавалокі, усяго кожны працоўны дзень ёй патрэбна абысці 7,5 кіламетраў. Акрамя гэтага, з 5-га да 25-га дня кожнага месяца па графіку адбываецца выдача 94 пенсій. У сярэднім атрымліваецца па 5 пенсій у дзень. Такая сітуацыя ў лічбах на сённяшні дзень. Для пошты яна катастрафічная. Патрэбна альбо на старане недзе зарабляць, альбо скарачаць тут чалавека і арганізоўваць паштовае абслугоўванне праз перасоўны аўтамабільны пункт паштовай сувязі, альбо навучыць аднаго з прадаўцоў у мясцовай краме, каб вы там маглі карыстацца паштовымі паслугамі, праводзіць плацяжы, а мы будзем даплачваць ёй за сумяшчальніцтва.

Далей паштовы кіраўнік прапанаваў вяскоўцам паспрабаваць паралельна з працай асноўнага стацыянарнага пункта паштовай сувязі пакарыстацца ў сакавіку і паслугамі аўтамабільнай пошты.

— У Кастровічах, Хадзявічах, Харашэвічах і іншых вёсках раёна даўно ўжо працуе перасоўны паштовы пункт сувязі, — адзначыў у сваім выступленні Валерый Савіцкі.

Аднак ніводзін з прапанаваных варыянтаў жыхароў аграгарадка не задаволіў.

— Ніякіх машын! Навошта нам ваша машына! Ніхто не будзе лавіць тую машыну! Мы настойваем, каб пошта засталася… — эмацыянальна выказваліся востраўцы.

Тым часам праз паўгадзіны пасля пачатку сходу ў Вострава прыехаў старшыня Слонімскага раённага Савета дэпутатаў Алег Таргонскі.

Мікалай Трафімовіч і Алег Таргонскі

— На сённяшні дзень пытанне канчаткова не вырашана па закрыцці аддзялення. Як вы вырашыце з поштай, так і будзе: хочаце, каб застаўся пункт сувязі ў аграгарадку, значыць, застанецца. Але я за тое, каб у сакавіку паштовая машына да вас усё ж пахадзіла, — выказаўся па галоўным пытанні сходу старшыня райсавета і прапанаваў абмеркаваць і іншыя пытанні, якія хвалююць вяскоўцаў. «Мы хочам жыць як людзі», — казалі прысутныя вяскоўцы.

Апроч таго, высветлілася, што людзей не задавальняе графік падвозу газавых балонаў два разы на месяц, не задавальняе стан дарог, якія дарожныя службы дрэнна абслугоўваюць, а 50 (на момант сходу) сяброў кааператыва па правядзенні ў Вострава прыроднага газу цікавіліся, ці пачнуць у гэтым годзе газавікі цягнуць да іх газавую трубу.

— Газ — гэта добра. Але і печкі з хат не выкідайце, калі газ праведзяце. Час цяпер такі, што нам прыйдзецца плаціць па поўнай і за газ, і за электраэнергію, — сказаў Алег Таргонскі з нагоды пракладкі газаправода, але прызнаўся, што не валодае інфармацыяй, каб нешта канкрэтнае сказаць па тэрмінах рэалізацыі гэтага праекта.

Далей старшыня райсавета паабяцаў пасадзейнічаць, каб дарожнікі часцей чысцілі мясцовыя дарогі, тут жа звязаўся па мабільнай сувязі з дырэктарам ВА «Слонімгаз» і запытаў, ці могуць яны прывезці ў вёску балон па-за графікам, каб не чакаць два тыдні, ці магчыма ўсталяваць другі балон на кухні альбо двухбалонную скрыню для газу на вуліцы, калі чалавек яе купіць, на што той адказаў, што ўсё гэта цалкам магчыма і яны ў такіх выпадках ідуць насустрач людзям.

Вось яна якая, пошта мабільная

— Бандыты забралі ў нас у арэнду два возеры — у Смаўжах і Вялікі млын. Цяпер там ні рыбу палавіць, ні пакупацца, ні пазагараць. Алег Мечыслававіч, просім пасадзейнічаць, каб пачысцілі нам возера ў Старой Перавалоцы, якое апошні раз меліяратары чысцілі гадоў 12 назад і пачысцілі дрэнна, — выказаў просьбу землякоў мясцовы механізатар Пётр Варона.

— З арандатарамі патрэбна разбірацца, калі палку перагібаюць. Але гаспадар у вадаёма сёння павінен быць, — адказаў на тое старшыня раённага Савета дэпутатаў.

На развітанне Алег Таргонскі павіншаваў мужчын з Днём абаронцаў Айчыны ды пажадаў, каб не прыйшлося абараняць сваіх родных, блізкіх і сваю зямлю са зброяй у руках. Жанчын старшыня павіншаваў з хуткім жаночым святам ды паабяцаў у хуткім часе прыехаць папарыцца ў мясцовай лазні, якую ўлады летась адкрылі пасля закрыцця праз два месяцы па патрабаванні мясцовых жыхароў.

Пасля сходу ў гутарцы з ка­рэспандэнтам «ГС» былы намеснік старшыні колішняга калгаса «Рассвет» Мікалай Трафімовіч параўнаў мінулае роднай вёскі і сучаснасць.

— Раней мы кожны год нешта прыбудоўвалі і адкрывалі. Цяпер кожны год нешта закрываюць. Раней мы жылі і развіваліся, а цяпер дажываем… А хаты пустыя ў старым Востраве ўжо на дровы рэжуць, — выказаўся Мікалай Ігнатавіч.

Читайте также
Обратите внимание