Наверх
EUR 2.2794
USD 2.0546
RUB(100) 3.1313
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Меркаванне слонімскага пісьменніка: мова і расчараванне

1 марта 2019 11:14
167
Поделиться:

Аляксей Якімовіч

Крок уперад,
Два –
Назад.
Вось такі
У нас
Парад.
Мы ідзём
У кайданах.
Двухмоўе
Гірай
На
Нагах.
Закон аб двухмоўі (згодна з ім дзяржаўнымі з`яўляюцца руская і беларуская мовы) не прынёс радасці, задаволення ні гарачым прыхільнікам беларушчыны, ні тым, хто хоча бачыць яе на вострых вілах (ім мала гэтага).

Нядаўна ў час размовы маладая інтэлігентная беларуска з горкасцю прамовіла: «Мае дзеці-школьнікі роднай лічаць рускую мову».
Мяне не здзівіў гэты факт.

Ужо з першага дня нараджэння (у радзільным доме) дзіця чуе вакол сябе рускую гамонку, тая ж самая руская гамонка гучыць у рускамоўным дзіцячым садку. Дзіця там дае адказы на рускай мове, спявае забаўляльныя песенькі на рускай мове і нават свой першы вершык «В лесу родилась ёлочка» старанна, каб атрымаць падаруначак, расказвае на рускай мове.

Потым падобным чынам яго вучаць і выхоўваюць і ў рускамоўных сярэдніх, нядзельных і вышэйшых школах (нашых універсітэтах), і ў шматлікіх храмах.
Ужо і многія дарослыя беларусы разгубіліся, не ведаюць, якая ў іх нацыянальнасць. А тут яшчэ далятае з розных бакоў: «Мы тыя ж самыя рускія». «Калі рускія, то і культура ў нас руская», — так разважаюць і дзеткі, і пасівелыя цёткі, і дзядзькі.

Раней у пашпарце запісвалася нацыянальнасць грамадзяніна. Заблытаны прапагандай мог у любую хвіліну разгарнуць пашпарт і прачытаць гэта, успомніўшы свой род. Цяпер такой графы няма, прыбралі чыноўнікі.

Затое ў нашых грамадзян сталі з`яўляцца іншыя дакументы, якія напамінаюць ім пра нацыянальнасць. Напрыклад, карта паляка. Як гаворыцца, святое месца пустым не бывае.

А ці можа з`явіцца ў кішэнях грамадзян Беларусі карта рускага? Упэўнены: даўно з`явілася б, калі б гэта было неабходна зацікаўленай усходняй суседцы.
Цяпер, калі безадказна спрацоўвае ланцужок «родная мова руская — значыць, і нацыянальнасць руская», такой неабходнасці няма.

Адчуўшы і прааналізаваўшы настрой беларускага грамадства, усходняя суседка ўсё больш настойліва і актыўна падштурхоўвае да таго, каб Беларусь увайшла ў яе склад, аб чым адкрыта пішуць некаторыя прагрэсіўныя расійскія публіцысты. Яны баяцца пашырэння імперыі, бо добра ведаюць: імперыя захоча і далей пашырацца. Шмат грошай, як і чужой зямлі, не бывае. А гэта, так можа стацца, прывядзе да вялікай вайны.

Аб`яднанне, аб`яднанне
Немінучае прыйшло?
Аб`яднанне, як спатканне:
Ці на радасць, ці на зло.

З усходняй суседкай, здаецца, ужо аб`ядналіся ў самыя розныя саюзы: і ў ваенна-палітычныя, і ў эканамічныя.

А што маем? Не буду даваць адказу на гэтае пытанне. Ведаю адно: у глыбінцы імперыі не ляжаць падрыхтаваныя для нас пернікі, намазаныя мёдам.

За бочку нафты можна прадаць і незалежнасць, і мову. Але ці нагрэе нас тая бочка, ці палепшыць штодзённае жыццё, ці пазбавіць ад п`янства, наркаманіі і легкадумнасці, ці закончыць шэраг бясконцых перабудоў, грашовых і іншых канфіскацый, якія і пры цары, і пры Саветах адбываліся на беларускай зямлі? Ці не ўпадзем мы ў цяжкі грэх, канчаткова загубіўшы сябе як нацыю?

Не так даўно ад свайго знаёмага, які хоча застацца беларусам на беларускай зямлі, атрымаў Евангелле на чатырох мовах: элінскай, стараславянскай, рускай і беларускай.

Вось што напісаў ён мне ў суправаджальнай запісцы: «Як Бог тварыў іншыя краіны і этнасы, то ў Яго вялізным плане была і наша Радзіма Беларусь. І Ён жадаў, каб мы былі шчаслівымі і заможнымі на сваёй роднай зямлі. Але шчасце і добраславенне належыць тым, хто любіць Бога і выконвае Яго законы і запаветы. Нашы людзі да гэтага часу не зразумелі, што без Бога рай не пабудуеш і пакуль шукаюць іншы шлях да поўнага шчасця.

Вось некаторыя гэтыя Запаветы.

— І любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю і ўсімі сіламі тваімі.

— Цвёрда захоўвайце запаветы Госпада, Бога Вашага, і статуты Ягоныя і пастановы, якія Ён наказаў табе».

Далей мой знаёмы, не абыякавы да рэлігіі чалавек, прыводзіць вытрымкі з кнігі «Быццё».

Раздзел 11, вершы 1, 7.

«На ўсёй Зямлі была адна мова і адна гаворка». (А. Я.: ці ашчаслівіла яна людзей, ці натхніла іх на стваральную працу?).

«Гасподзь прагаварыў: «Сый­дзем і змяшаем там мову іхнюю так, каб адзін не разумеў гаворкі другога».

«Дзеі Святых Апосталаў», раздзел 17, верш 26.

«З адной крыві Ён вывеў увесь род чалавечы, каб жыў ён на ўсім улонні Зямлі, назначыўшы наперад вызначаныя часіны і Межы іхняму пражыванню».

Вывад
Гаворку беларускую, як і іншыя гаворкі Зямлі», даў беларусам Бог. Дык ці мае хто-небудзь права караць яе, знішчаючы?

Межы пражывання беларусаў таксама вызначыў Бог. Шкада, што гэтыя межы на працягу гісторыі ўжо змяняліся гвалтам.

І далей будзем крэмзаць карту ўлоння Зямлі, сеючы насенне прагнасці, крывадушнасці і абыякавасці?

Мову старажытную
Беларусу даў,
Каб бярог як душу,
Каб не прадаваў.

Прыслухайцеся да голасу Госпада, Бога нашага.

Наш канал в Telegram Прислать свою новость на Viber
Читайте также
Обратите внимание