Наверх
EUR 2.3167
USD 2.0351
RUB(100) 3.2525
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

З гісторыі Азярніцы: піва, рабункі і барацьба за замак (обновлено)

1 марта 2019 12:29
466
Поделиться:

Азярніца ўпершыню ўзгадваецца ў вядомых пісьмовых крыніцах пад 1478 годам. Пры слонімскім намесніку Богушу Багавіцінавічу тут быў пабудаваны замак, які пасля смерці гаспадара ў 1530 годзе перайшоў да яго дачкі Фядоры разам з дваром Блізная. Фядора ж, у сваю чаргу, у выніку абмену перадала Азярніцу малодшай сястры Ульяне (?-1575) і яе мужу, падскарбію Вялікага княства Івану Гарнастаю (каля 1520-1569).

Азярніцкае піва і гарэлка
Зямля азярніцкая ў той час славілася добрымі ўраджаямі жыта, якое ішло на продаж у Вільню (кошт бочкі жыта на 1553 год — 8 грошаў). Пры гэтым вялікай пошасцю для мясцовых палёў былі дзеянні дзікоў. Са сталіцы ў Азярніцу везлі соль, селядцы, шчупакоў і розныя прылады. За жыта набывалі куранят у гаспадыні Учынскай, мёд у слонімскага мешчаніна Навіцкага, шаравары за дзве бочкі зерня ў Жука Скачко. Паводле загаду Івана Гарнастая з яго запасаў дапамагалі манахам Жыровіцкага манастыра, блазну Есманаву, слонімскім жыдам Аўраму Малому і Аўраму Майровічу.

Славіўся сваімі вырабамі мясцовы бровар. Асноўная частка збожжа ў Азярніцы перапрацоўвалася на саладоўні ў солад, з якога рабілася піва і гарэлка. Піва таго часу мела прыкладна 2-3% алкаголю. Іван Гарнастай настолькі яго любіў, што замаўляў азярніцкае піва, знаходзячыся па патрэбах дзяржаўнай службы ў розных кутах Вялікага княства Літоўскага.

Гарэлка ж пры першай перагонцы мела 25-30%, а пасля, для большай моцы, яшчэ раз пераганялася. Пры гэтым з 10 літраў жыта выходзіла каля 0,7 літра гарэлкі.

Пачаставацца азярніцкімі напоямі спыняліся і падарожныя, якія накіроўваліся ў Жыровічы і Слонім. Так, у снежні 1553-га — сакавіку 1554 года тут гасцявалі Богуш Міткевіч, Славуцін, Пётр Замарэнка, Іван Мялешка, княгіня Нелядзінская, князь Гедройць, Пётр Полэчанін, Станіслаў Глябовіч, князь Васіль Міхайлавіч Сангушкавіч Ковельскі.

Рабункі на дарогах
Азярніца таксама была вядомая частымі рабункамі на яе дарогах. Здараліся нават выпадкі, калі напады чыніліся і ў самім мястэчку. Так, 22 кастрычніка 1556 года ў Азярніцы быў абрабаваны слонімскі кравец Грышка Лаўрыновіч. У яго забралі аксаміт і розныя каштоўныя тканіны. А яго служку Аляксея Жалнеровіча збілі амаль да смерці. Нападам кіраваў мясцовы жыхар Мікалай Катовіч. Толькі ўмяшальніцтва азярніцкага вознага Станіслава Радзівілаўца ўратавала Лаўрыновіча. Рабункі дайшлі да таго, што Іван Гарнастай нават падаў у суд на слонімскага старасту Грыгорыя Валовіча, якога абвінаваціў у нежаданні пакараць слонімскіх жыхароў і падданых Івана з Азярніцы і Блізной, якія чынілі забойствы, гвалт і рабаванні на дарогах.

Сапсаваліся адносіны жыхароў Азярніцы і з іх гаспадаром, які пачаў здаваць уласны маёнтак іншым панам, пакуль адзін з іх, Іван Звязда, не знік, не заплаціўшы арэнды. У 1560-я гады канфлікт перайшоў у адкрытае супрацьстаянне. Азярніцкія жыхары напісалі скаргу на мясцовага ўрадніка Васіля Дакуку. Яны выступалі супраць павелічэння колькасці адпрацовак на карысць пана. Аднак простых жыхароў не падтрымалі мясцовыя баяры, якія занялі бок урадніка. Таксама супраць Васіля Дакуку выступіў азернічанін Фёдка Чаховіч і Хацен Жур, баран якога папсаваў мяжу паміж уладаннямі, за што трэба было сплаціць вялізны штраф.

рисунок,оружие

Гакаўніца

Азярніцкія гаспадары Іван і Ульяна
Іван Гарнастай памёр 15 мая 1569 года. У Азярніцу 1 ліпеня прыехала яго жонка Ульяна. Адносіны паміж імі складваліся вельмі цяжка. Гэта быў шлюб па разліку, згодна з умовамі якога Ульяна пазычала мужу 2000 коп літоўскіх грошаў і перапісвала на яго 1/3 частку Азярніцы. У 1559 годзе пасля чарговай сваркі іх стасункі сапсаваліся канчаткова. Ульяна некалькі гадоў жыла без падтрымкі мужа, вымушаная пазычаць грошы на ўтрыманне ў сваякоў. У 1561 годзе яна ўвогуле збегла ад Гарнастая, які падаў скаргу кіеўскаму мітрапаліту і спрабаваў яе вярнуць, але беспаспяхова. У гэтым шлюбе так і не з`явілася дзяцей, таму ў 1569 годзе Ульяна разлічвала вярнуць сваю ўласнасць, з якой уступала ў шлюб. І перш за ўсё, гэта датычыла Азярніцы.

Тут Ульяна атрымала пячатку Івана Гарнастая і шматлікія каштоўныя рэчы, складзеныя ў некалькіх куфрах: залатыя пярсцёнкі з рубінамі і смарагдамі, кубкі, лыжкі, срэбраны посуд, аксаміт, каштоўныя тканіны, шаблі, мячы, жупаны. Ульяна адразу пачала наводзіць парадак ва ўладаннях, выправіўшы ўрадніка Мікульскага і пакінуўшы толькі Івана Юновіча.

Барацьба за Азярніцкі замак
Яна яшчэ не ведала, што супраць яе выступілі браты мужа — Астафій і Гермаген, якім Іван перадаў у спадчыну сваю маёмасць, у тым ліку і Азярніцу. Суд выступіў на баку Гарнастаяў, вядомых сямейнымі спрэчкамі з-за маёмасці, падчас адной з якіх Гермаген нават забіў пляменніка Уласа. Ульяна не збіралася здавацца і выправадзіла братоў мужа са сваёй зямлі.

оружие,рисунок

Ручніца

Тады 3 сакавіка 1570 года на Азярніцу рушыла ўся шляхта Слонімскага павета (больш 170 чалавек), па падтрымку якой звярнуліся Гарнастаі. Яны ішлі як на вайну, імкнучыся авалодаць замкам, у якім схавалася Ульяна і яе падданыя.

Азярніцкі замак меў добрае ўзбраенне — 20 гакаўніц (цяжкая ручная агняпальная зброя), 100 ручніц (гладкаствольная агняпальная зброя), порах, кулі, шышакі, панцыры, прылбіцы, тарчы. І таму слонімская шляхта на чале з Гарнастаямі сустрэла моцны супраціў. А пасля таго, як быў падстрэлены прадстаўнік суда, возны Ждан Васілевіч, войска адступіла.

Больш за год Ульяна працягвала гаспадарыць у Азярніцы, умацоўваючы замак. Але 1 верасня 1571 года сюды ўвечары прыбыў князь Аляксандр Палубінскі. Ён перадаў у замак адну гакаўніцу і паведаміў дрэнныя весткі: на Азярніцу рушыла новае войска ў складзе шляхты адразу трох паветаў — Слонімскага, Ваўкавыскага і Навагрудскага. На чале іх стаіць слонімскі стараста і наваградскі кашталян Рыгор Валовіч.

Папярэджанне дало магчымасць Льву Ляткоўскаму, якога Ульяна прызначыла кіраваць абаронай, падрыхтавацца. 2 верасня 1571 года да Азярніцкага замка падышло сапраўднае войска. Але абаронцы з ліку азярніцкіх жыхароў адмовіліся здавацца. Пачаўся штурм, сустрэты «густой стральбой з гакаўніц і ручніц». Наступленне спынілася з-за вялікіх страт, і войска на чале з Валовічам вымушана было адступіць. 3 верасня слонімскі стараста звярнуўся па дапамогу да Вялікага князя Жыгімонта Аўгуста.

Але Ульяну падтрымаў слуцкі князь Юрый Юр`евіч Алелькавіч, які, відавочна, аказваў дапамогу сродкамі і ў абароне замка. Ён стаў пасярэднікам у судовай справе з Гарнастаямі і ў 1575 годзе па тэстаменце Ульяны Багавіцінаўны атрымоўваў Азярніцу разам з замкам, які так і не быў захоплены пасля пяці гадоў змагання.

Наш канал в Telegram Прислать свою новость на Viber
Читайте также
Обратите внимание