Наверх
Слоним
переменная облачность
9 °C
Зельва
переменная облачность
9 °C
Волковыск
небольшая облачность
9 °C
Мосты
облачно с прояснениями
9 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
9 °C
Барановичи
переменная облачность
8 °C
EUR 3.0029
USD 2.5399
RUB(100) 3.3212
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Пакуль жывуць на свеце нашы хаты… Новыя вершы Сяргея Чыгрына

2 марта 2019 10:11
Поделиться:

Сяргей Чыгрын

За Слонім і Айчыну
Я сеў з Агінскім выпіваць
Ў кафэ нямецкім і шыкоўным,
Праз вокны Шчара нам відаць,
І Шчары бачны нашы вокны.
Наш першы тост за Слонім быў,
Што гэты горад ёсць на свеце,
Бо тут Сапега слаўны жыў, —
Вазілі гетмана ў карэце.
Другі наш тост — за люд сланімскі,
За наш магутны родны люд.
Прапанаваў той тост Агінскі
Ў палацы слонімскім вось тут.
І мы пілі віно да дна,
І не сп`янелі б мы, магчыма…
Бо не хапала нам віна,
Калі пілі мы за Айчыну!

*****************************

Сланімчанка
Далёкая і блізкая,
Адна, у белым плацці,
Імчыць ў палац Агінскага
На баль вялікі шчасця.
Прыгожая і зграбная,
Шчаслівая дзяўчына,
Ты скуль, скажы, такая:
З Жыровіч, з Альбярціна?
Страчаюць прыгажуню
І б`юць паклоны нізкія —
Зусім-зусім чужую
У Міхала Агінскага.
І гетман сустракае,
Аркестр іграе вальсы,
Віно цячэ ракою
І смажацца каўбасы…
І баль сядзібу музаў
Кружыў да самай раніцы,
Пілі там ўсе ад пуза,
Глядзелі на абранніцу.
Прыгожая такая —
Адна на горад Слонім,
Агінскага трымала
Нібыта у палоне.
З надзеяю і верай
Імпэт былі, натхненне…
Ад стомы слаўны гетман
Ёй цалаваў калені.

*****************************

Вяснянкі
Вось і вясна выглядае
З чыстага берага Шчары,
Ну, прыплывай, дарагая, —
Высвеці нашы мары.

Высвеці нашу долю,
Лёс наш зрабі святлейшым.
Просіцца Шчара на волю —
Хоча быць Шчара першай.

Хвалі бягуць — не дагоніш,
Мусіць, вясну пачулі…
Будуць вяснянкі у Слоніме
Слонімцам шыць кашулі.

*****************************

На пікнік у Слонім
Люты месяц задуменны,
Маразоў зноў не відаць.
Старадаўні, родны Слонім…
Хопіць, братка, сумаваць.
Ты не плач адлігай бруднай
У жыцці нашым штодзённым.
Мне з прыродай вельмі сумна,
Калі ты сумуеш, Слонім.
Адчуваю я палонным
Без Агінскага з Сапегам,
Запрашаю іх у Слонім,
На зімовую пацеху.
Каб не страцілася штосьці,
І каб сум маркотны знік…
Едуць гетманы у госці –
Будзе ў Слоніме пікнік.

*****************************

Вецер у Слоніме
Вецер заблудзіўся ў Лабазоўцы,
І прылёг ля возера ў кусты.
А яго будзіла промнем сонца,
Нібы вецер — дзядзька халасты.
І злаваўся вецер, і смяяўся,
І жадаў на Брэсцкую ляцець.
І чужым машынам усміхаўся,
І стаміўся на людзей глядзець.
І прысеў на лаўку, і на сонцы
Назаўсёды трапіў у палон…
Бо хацеў пад`ехаць на «пяцёрцы»,
Ды «пяцёркі» сёння не было.

*****************************

Не памірайце, хлопцы і дзяўчаты, —
Я кожны дзень пра гэта гавару.
Пакуль жывуць на свеце нашы хаты,
Пакуль жыве на свеце Беларусь!

Я з вамі да бясконцасці багаты, —
Кашу і сею, сею і ару…
Не памірайце, хлопцы і дзяўчаты,
Бо з вамі памірае Беларусь!

*****************************

Зіма

Зіма згубіла снег даўно
І знікла з Альбярціна,
Зіма з вясною п`е віно,
Зіма-дзяўчына.

Зіма паводкай паплыла
Па Шчары і па Ісе,
Зіма у Слоніме была, –
Мароз маліўся!

І падаў снег перад вясной,
І дым – у коміне…
Зіме-гаротніцы адной
Жыць сумна ў Слоніме.

*****************************

Калючы дрот

Памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

Ляжыць ён на звалцы, стары, паржавелы,
Нікому цяпер не патрэбны, гнілы.
А быў ён балючым, калючым і смелым —
Ахоўваў старых, маладых і малых.
І кожны глядзеў на яго, і свабоду
Ён бачыў за дротам ў сырых лагерах.
А потым выходзіў з калючага дроту
І ў сэрцы насіў ён і здзекі, і страх.
Выходзіў часова у шахты з тайгою,
З кіркою ў руках і з сякерай ў руках.
А дрот яму быў той папружкай тугою,
Якая сціскала жыццё на вачах.
А сёння ляжыць гэты дрот успамінаў,
Яго абыходзяць малы і стары…
За тых, хто загінуў і хто не загінуў —
Згніе на дварэ гэты дрот без пары.
Ляжыць ён на звалцы даўно паржавелы,
А памяць ніколі не будзе ржавець…
Народ мой пакутны, ды мужны і смелы,
Ён вечны, як неба, і сонца,і смерць.

***************************************

Чаму няма у Слоніме трамваяў?
Тралейбусаў у Слоніме няма?..
Што возяць тых, каго мы не кахаем,
І тых, каго кахаем мы дарма.
І з рэек не сыходзяць тут трамваі,
Тралейбусаў не рвуцца правады…
А мы чужых, паверце, не кахаем,
Сваіх кахаць нам хопіць на гады.
Як за парэнчы нас жыццё трымае,
Каб з`ехалі з табой мы не туды.
Так хочацца у Слоніме трамваяў,
Што маюць мільянеры-гарады.
А можа мы не правільнакахаем,
І ў душах нашых — чэрствасці зіма?..
Таму няма у Слоніме трамваяў,
Тралейбусаў у Слоніме няма.

***************************************

Адам і Марыля

Летам 1818 года Адам Міцкевіч прыехаў разам
з Тамашом Занам у Туганавічы на Наваградчыну,
дзе і распачалося ўзаемнае, няспраўджанае
і няшчаснае каханне Адама да Марылі Верашчакі.
Па легендзе, Адам Міцкевіч пасадзіў для Марылі бярозу.
Людзі кажуць, што і ў сонечныя дні лісце бярозы
былі вільготнымі ад тугі яе гаспадыні па каханым.

Пані Марыля, дзе ж твой Адаме?
Той, хто кахаў цябе светлым каханнем,
Той, хто пяяў табе там у растанні…
Пані Марыля, ну дзе твойАдаме?
Плача бяроза тваімі слязамі,
Бо у цябе не хапала больш слёз.
Пані Марыля, ну што ж ты сказала,
Чым ты не спраўдзіла светлы ваш лёс?
Ў сэрцы Адама — туга паадзінай
Самай прыгожай і самай каханай,
Больш не прыедзе паэт на Радзіму,
І не загоіцца ростанню рана.
Плача бяроза пад сонечным небам —
Нават бярозе тужліва адной.
Сёння Адаму нічога не трэба, —
Стала Марыля навекі чужой.
Дзе ж твой Адаме, пані Марыля?
Чаму прамяняў ён Літву на Парыж?..
Ты не адкажаш нам, пані Марыля,
А толькі заплачаш і прамаўчыш…

***************************************

Дождж

Пагавары са мною, дождж,
Пра восень познюю і вецер,
Пагавары пра холад, ноч,
Пагавары пра ўсё на свеце…
Ды ты не ўмееш размаўляць,
А толькі плачаш безупынку…
Кахаць не ўмееш і чакаць,
Стаяць з букетам на прыпынку…
Ты сумны, дождж, ты – абібок,
Гультай сусветны і самотны…
Прыйшоў у горад к нам здалёк,
Як кавалер нібыта модны…
Ідзі адсюль адкуль прыйшоў,
З табой спаткацца не жадаем…
І дождж пачуў, і дождж пайшоў
Ад нас з самотай і адчаем.

Наш канал в Telegram