Наверх
EUR 2.2624
USD 2.0225
RUB(100) 3.2039
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Што набудзе і што страціць Слонім з нагоды святкавання Дня пісьменства

3 марта 2019 17:46
592
Поделиться:

Турыстычны стэнд у цэнтры горада

Сёлета 31 жніўня — 1 верасня Слонім стане пляцоўкай святкавання рэспубліканскага свята — Дня беларускага пісьменства. СМІ стракацяць загалоўкамі кшталту тых, што горад актыўна рыхтуецца да гэтай падзеі. Слонімцы таксама ўжо заўважылі нейкія захады па падрыхтоўцы да свята.

Так, выбраны макет доўгачаканага помніка Льву Сапегу.

макет

На дамах з`явіліся шыльды з назвамі вуліц (праўда, чамусьці на рускай мове). З канца мінулага года сталі рамантаваць балконы дамоў на цэнтральнай Чырвонаармейскай вуліцы.

слоним

Жыхарам горада прапанавалі выбраць слоган свята. У скверы і на вакзале з`явіліся інфармацыйныя стэнды, якія дазваляюць турыстам зарыентавацца ў горадзе.

Арганізатары агучылі прыкладны план святкавання, а таксама выдаткі на яго. Пры гэтым многія слонімцы не хочуць заставацца ўбаку ад важнай падзеі, якая чакае іх горад, і выказваюцца пра падрыхтоўку да свята і мэтазгоднасць расходавання выдзеленых на яго сродкаў.

Ці паспеюць?
На мінулым тыдні ў рэдакцыю «ГС» патэлефанаваў слонімец, які назваўся Вадзімам, і выказаўся наконт таго, як наш горад рыхтуецца да свята рэспубліканскага маштабу — Дня пісьменства. На яго думку, падрыхтоўку да свята трэба ўжо даўно распачынаць.

— Прачытаў матэрыял у газеце «Якім можа быць канал Агінскага ў Слоніме». І якім ён можа быць?! Пішаце, што будуць добраўпарадкаваныя прылеглыя да набярэжнай вуліцы. А іншыя? Калі ад прыстані ісці да Баранавіцкага моста, дык там су­цэльныя зараснікі. Планавалі ж там рабіць пешаходную і веласіпедную дарожкі. А чаму цяпер, калі дазваляла надвор`е, не высекчы хаця б тое кустоўе? Ды і наогул каля канала пасярод кустоў уладкавалі звалку, дзе выкідваюць смецце. Я іду на працу праз пешаходны мост і гэта назіраю. І нікому да гэтага няма справы.

Я спрабаваў падняць гэтую праблему, пазваніўшы кіраўніцтву райвыканкама на прамую тэлефонную лінію. Усё абяца­юць, што будуць выпраўляць.

А ці паспеюць усё зрабіць да свята? Верыцца ў гэта з цяжкасцю. Трэба ўжо пачынаць нейкія будаўнічыя працы, тым больш што надвор`е гэтаму спрыяе.

Іванава, дзе летась праводзілі Дзень пісьменства, рыхтаваўся да свята два гады. І за гэты час сапраўды змаглі добраўпарадкаваць горад так, што ён набыў свае адметнасці. А што ў нас паспеюць зрабіць, лічы, за тры месяцы?! — з сумневам пытаўся субяседнік.

канал

Работы па ачыстцы канала

Чым слонімцы будуць здзіўляць гасцей
Тым не менш у Іванава, прыняўшы эстафету Дня пісьменства, старшыня райвыканкама Генадзь Хоміч запэўніў, што слонімскія ўлады пастараюцца да свята добраўпарадкаваць цэнтральную частку горада, а таксама набярэжную канала Агінскага.

Як пазней стала вядома «ГС», добраўпарадкаванне набярэжнай да Баранавіцкага моста не плануецца. За бюджэтныя сродкі каля канала павінны пакласці асфальт да пешаходнага мосціка і адрамантаваць гэты самы мосцік. На сродкі ГА «Канал АгінскагаСлонім» канал пачысцілі.

Арганізатары абяцаюць, што свята ў Слоніме стане ўнікальным і гасцей слонімцы здзівяць не адной ізюмінкай. Так, будзе прыдуманы талісман свята, тры будынкі — на вул. Чырвонаармейскай, 23 і 17, пр. Незалежнасці, 27 — будуць упрыгожаны тэматычнымі графіці, пройдзе гастрафэст, на якім госці будуць мець магчымасць пакаштаваць стравы, апісаныя ў кнігах класікаў беларускай літаратуры.

Занятак і забавы па душы госці і ўдзельнікі свята змогуць знайсці на 15 пляцоўках, якія разгорнуцца ў розных месцах горада (у тым ліку ў Жыровічах) — сярэднявечнай, фальклорнай, турыстычнай, кніжнай, дзіцячай, фестывальнай, спартыўнай і іншых. (Магчыма, галоўная творчая пляцоўка ўпершыню размесціцца не на цэнтральнай гарадской плошчы каля райвыканкама, як планавалася спачатку, а паміж цэнтрам культуры і каналам Агінскага.)

У сакавіку ў свята з`явіцца свой акаўнт у сацсетках, летам тэматычныя рубрыкі будуць весціся і на рэспубліканскіх тэлеканалах. Такая шырокая рэклама, як мяркуюць арганізатары, прыцягне ў Слонім больш турыстаў.

Цяпер пераважна рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя, і зусім хутка пачнуцца маштабныя рамонтныя працы. Усе яны будуць завершаны ў тэрмін, абяцаюць арганізатары.

Што адрамантуюць
У Слоніме да часу Х будзе адрамантаваны шэраг аб`ектаў, у тым ліку жылыя дамы і вуліцы.

Рамонт чакае гасцініцу «Шчара». У сувязі з правядзеннем рэканструкцыі гасцініца закрылася з 25 лютага да 30 жніўня. Кафэ «Шчара» прыпыніць сваю працу з 4 сакавіка. Як мяркуецца, нумароў у гасцініцы стане менш, пры гэтым будзе павышана іх камфортнасць.

гостиница

Будуць капітальна адрамантаваны Слонімскі краязнаўчы музей і цэнтральная бібліятэка (адрамантаваны фасады, заменены дах, вокны і ўваходная група). На час рамонту апошняя можа пераехаць у пусты будынак зачыненай з 1 верасня бібліятэкі №1 (дзіцячая бібліятэка там застаецца), а пасля вяртання ў абноўлены будынак у былой бібліятэцы можа размясціцца выставачная зала краязнаўчага музея і фондасховішча.

Акрамя гэтага, да свята будзе ўсталяваны помнік слонімскаму старасту Льву Сапегу, выраблены (на спонсарскія сродкі) помнік гетману Міхаілу Казіміру Агінскаму.

памятник

Фото «ГП»

У будынку райвыканкама плануюць размясціць кніжную краму сеткі «Белкніга». Сёлета ўбачаць свет кніга-альбом Уладзіміра Ліхадзедава «Слонім. Падарожжа ў часе», зборнікі «Слонімшчына літаратурная» і «Слонімская зямля».

Цана свята
Сума неабходнага фінансавання, якую агучвалі ўлады напрыканцы 2018 года, складае 10 млн. 775 тыс. рублёў (5 млн. 799 тыс. руб. будзе выдзелена з абласнога бюджэту, 3 млн. 615 тыс. — з раённага бюджэту, 1 млн. 261 тыс. складуць сродкі прадпрыемстваў і 100 тысяч — спонсарскія сродкі). Два аб`екты — добраўпарадкаванне вуліцы Агінскага і прылеглай да канала тэрыторыі і гасцініца «Шчара» — увайшлі ў абласную інвестыцыйную праграму.

Замест пасляслоўя. Абмяркуем разам
Многія са слонімцаў лічаць, што грошы, выдзеленыя Слоніму на святкаванне Дня пісьменства, будуць патрачаныя на, безу­моўна, важныя аб`екты. Аднак, акрамя свежапафарбаваных фасадаў будынкаў, новага асфальту на дарогах і саматугам расчышчанага рэчышча канала пасля свята нічога, бадай, не застанецца і нішто з гэтага не прывабіць на Слонімшчыну турыстаў.

Некаторыя слонімцы прапануюць скарыстацца шанцам, які выпаў Слоніму з нагоды святкавання Дня пісьменства, і за вы­дзеленыя на гэта грошы пабудаваць у Слоніме нейкі грандыёзны аб`ект, які магнітам прыцягваў бы сюды турыстаў.

Напрыклад, на думку сланімчанкі Кацярыны Маркс, такімі аб`ектамі маглі б стаць: гадзіннік з дыяметрам цыферблату большым за 8 м (нават у Маскве гадзіннік быў бы меншым), штучны вадаспад на канале Агінскага метраў 20-30 вышынёй; закальцаваная веладарожка па маршруце Оперная вуліца — плошча Сапегі — Лабазоўскае возера — Жыровічы, якая перасякала б некалькі разоў Шчару па адмысловых мосціках; скульптура кнігі вышынёй звыш 20 м ці скульптура ляжачага на зямлі фаліянта прыкладна такіх жа памераў (гэта быў бы большы аб`ект, чым падобны ў Берліне); ліхтар вышынёй у 27 метраў (які дазволіў бы Слоніму трапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса); бясплатная YouTube-студыя з вольным уваходам у любы час сутак, якую можна было б размясціць у пустуючым будынку; летняя водная горка для экстрэмальнага спуску, як у аквапарку, ад Беларусбанка да канала; статуя слана рэальнага памеру дзе-небудзь на беразе канал ці ў парку.

А што думаеце на гэты конт вы, нашы шаноўныя чытачы? Калі вы маеце што сказаць па гэтай тэме, калі ласка, патэлефануйце нам: 8 029 133-04-21. Абмяркуем разам!

Наш канал в Telegram Прислать свою новость на Viber
Читайте также
Обратите внимание