Наверх
Слоним
пасмурно
10 °C
Зельва
пасмурно
10 °C
Волковыск
пасмурно
11 °C
Мосты
пасмурно
11 °C
Дятлово
пасмурно
11 °C
Барановичи
пасмурно
8 °C
EUR 3.0521
USD 2.599
RUB(100) 3.3365
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

На жыццёвых скрыжаваннях: Горкі дым ядлоўцу

10 марта 2019 12:00
Поделиться:

Малюнак Яўгена іванова

Вера Стрыжонак накінула на рогі сваёй Чарнушкі повад і падала новаму гаспадару — Сцяпану Абяртовічу з другога канца вёскі.

— Каяцца не будзеш, што купіў, бо карова добрая, маладая, толькі другі раз ацялілася, — казала, а на вочы набягалі слёзы.

— То хіба ж я не ведаю? Таму і бяру, што добрая. А ты, цётка, не перажывай, лягчэй будзе, а то гэта не жарты: старая кабета карову трымала! Дай ты ўжо нарэшце сабе адпачынак.

— Праўду кажаш, Сцяпанка, праўду, — мовіла, зачыняючы вароты.

Дайшла да ганку, села і заплакала горкімі слязамі:

— І навошта я жыццё сваё нібы ў ступе стаўкла?! За работай не бачыла ні дня, ні ночы. Навошта?!

Вера засталася ўдавой, калі яе Віцю было шэсць гадкоў, а Сяргейку чатыры. І тады дала сабе слова вывучыць хлопчыкаў, каб жылі ў вялікім горадзе, а ў вёску толькі ў госці прыязджалі. Чамусьці думала, што толькі ў горадзе можна здабыць шчасце, а ў іхніх Мікушанцах такога не будзе.

Яна даглядала калгасных цялят, на палову стаўкі працавала прыбіральшчыцай у лясніцтве, збірала ягады і грыбы і здавала ў нарыхтоўчы пункт. Усё сыночкам. На вучобу, бо разумныя і кемлівыя раслі хлопчыкі. А калі пайшлі ў школу, то і настаўнікі пра гэта казалі.

З першага і да апошняга класа яе сыны былі выдатнікамі. І загадзя ведалі, чаго хочуць у жыцці.

— Я буду паступаць у лінгвістычны ўніверсітэт, — сказаў Віця.

— Ну і я, калі атрымаю атэстат, туды падамся, — не хацеў адставаць ад брата Сяргей.

І адзін, і другі паступілі без усякіх праблем. Вера была на сёмым небе ад шчасця:

— Захочуць, то ў сваёй краіне будуць працаваць, а захочуць — за мяжу паедуць, — з гонарам казала суседцы Броні Яніска. — Цяпер жа можна і за мяжу, многія едуць. Мае абодва сыны вывучаюць англійскую мову, а яна, кажуць, і ў Амерыцы таксама дзяржаўная.

— Добра табе, — з дрэнна прыхаванай зайздрасцю мовіла Броня. — А мой Косцік далей ПТВ, што ў райцэнтры, і паступаць не стаў. Не паступіў бы. Кажу яму: «Паглядзі на Стрыжонкавых: абодва вывучацца, свет пабачаць. А ты?» — «А што я, — адказвае. — Мне і тут добра. Я хачу быць токарам і буду. Чым кепская спецыяльнасць?»

Вера адна трымала такую гаспадарку, што не кожнаму мужчыну пад сілу. У яе і карова была, і свінні, і птушкі свойскай поўны двор. Сама, бывала, мала што і з`есць, усё на продаж, бо сынам грошы патрэбны, у горадзе жыццё дарагое.

Пасля заканчэння ўніверсітэта яе хлопцы крыху папрацавалі ў Мінску, а потым адзін за адным падаліся за мяжу. Віктар паехаў жыць у Англію, а Сяргей — у Амерыку. Маці хвалілася ўсякаму стрэчнаму-папярэчнаму:

— Фотакарткі мае сыны прыслалі! — соўгала ў рукі тыя картачкі. — Раз ім добра, то і я рада.

Радасць гэта ў Веры была да той пары, пакуль мела сілу ўпраўляць гаспадарку, цягнуць воз сялянскіх клопатаў, у які сама сябе і ўпрэгла.

— Навошта табе мучыцца з гэтай гаспадаркай? — не раз пытала Броня. — Адна жывеш, пенсію атрымліваеш,
то хапіла б.

— Хапіла б… — згаджалася. — Толькі ўцягнулася я, за работай не так маркотна…

Хлопцы яе дадому не прыязджалі, пісем не слалі, толькі разы два ў год пазвоняць. Ці жывая маці, ці памерла, іх нібыта і не цікавіць.

— Якая ж ты, Бронечка, шчаслівая, што твой Косцік жыве ў суседнім райцэнтры! З жонкай прыедуць і па гаспадарцы табе дапамогуць, і так сэрца парадуюць. Унучку прывозяць ледзь не кожны тыдзень. А мае… Пажаніліся ж абодва, дзетак маюць, а я так і памру, унукаў не ўбачыўшы… — не магла стрымаць слёз.

— Як чый лёс, галубка, нічога не зробіш…

Седзячы на ганку, Вера нібы ў кінастужцы праглядзела сваё жыццё і зноў жахнулася:

— Ды я ж нічога не бачыла, акрамя работы! Адну сукенку насіла, аж пакуль з плячэй не зваліцца. Не было ні свят, ні прысвяткаў, як у другіх людзей. А калі здараліся тыя святы, то трэба было то сена сушыць, то бульбу капаць, то ў лес па дровы ездзіць. Адна ж, няма на каго спадзявацца. Куды ні кінь — усюды клін…

Аднойчы паехала ў горад прадаваць масла ды яйкі, зайшла ва ўнівермаг і ўбачыла прыгожую блузку. Памерала. І размер падышоў, і колер сіненькі, як яна любіла. Ужо памкнулася купіць, ды ўспомніла, што ў суботу прыедзе Сяргей і яму трэба новыя туфлі. Павесіла тую блузачку і пайшла.

Яшчэ і пяцідзесяці гадоў не мела, як твар стаў маршчыністы, нібы ў бабулькі. Састарэла неяк неўпрыкмет і за работай не заўважыла…

Калі сыны яшчэ хадзілі ў школу, яна пасадзіла каля хаты два кусты ядлоўцу. Кажуць, яны прыносяць удачу, аберагаюць ад усякага ліха. А ёй дык не памаглі. Ад іх толькі сырасць па сцяне пайшла, ажно пазелянелі шалёўкі. Устала, узяла пілу і паспілоўвала пад самы корань. Потым пасекла на дрывотні. Таўсцейшыя галіны і камель пакінула, каб зімой спаліць у печы, а самыя тонкія галінкі занесла на абмежак, дзе ўжо была скошана атава, і, падклаўшы паперу, падпаліла. Спачатку не хацелі гарэць, а потым маленькія жвавыя вавёрачкі агню паскакалі па сучках.

Вецер павярнуў на яе горкі дым, ад якога запяршыла ў горле, пакаціліся слёзы. А можа, і не ад дыму былі тыя слёзы, а ад роспачы і адзіноты, з якімі прыйшлося дажываць век…

Наш канал в Telegram