Наверх
Слоним
weather
0
Зельва
weather
0
Волковыск
weather
0
Мосты
weather
0
Дятлово
weather
0
Барановичи
weather
0
EUR 2.3904
USD 2.1141
RUB(100) 3.2817
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Пасля сустрэчы з інспектарамі ДПС слонімскі пенсіянер тры дні правёў у рэанімацыі (абноўлена)

10 марта 2019 11:30
3663
Поделиться:

Леанід Цвікевіч

Пасля сустрэчы са слонімскімі міліцыянерамі пенсіянер і інвалід трэцяй групы Леанід Цвікевіч тры дні вяртаўся да жыцця ў рэанімацыі раённай бальніцы з дыягназам «інфаркт галаўнога мозга ў правым паўшар`і».

68-гадовага Леаніда Цвікевіча 15 снежня 2018 года ў 18.20 на Савецкай вуліцы ў Слоніме даганялі інспектары ДПС Слонімскага РАУС Дзяніс Дзярэчык і Андрэй Чыгуноў. Інспектары ДАІ спачатку на службовым аўтамабілі, а потым пешкі гналіся за пешаходам, які пераходзіў бязлюдную на той час вуліцу на чырвонае святло святлафора.

Адказчык распавядае, як ён схадзіў у «Каласок» па хлеб

— Я купіў у «Каласку» дыетычны хлеб сабе і вяртаўся дамоў. Ні машын, ні людзей у той час на Савецкай вуліцы не было. Толькі на стаянцы каля былога нарсуда стаяла з выключаным асвятленнем нейкая машына, на якую я не звярнуў спачатку ніякай увагі. Перайшоў вуліцу на зялёнае святло, а потым машынальна пайшоў на чырвонае. У гэты момант раптоўна запішчала гума на аўтамабільных колах і на мяне панеслася без святла машына ад нарсуда. Каля слупа на аўтобусным прыпынку машына мяне дагнала, і ў ёй уключылі дальняе святло. Тады я кінуўся бегчы назад на паварот у бок тупіка. У гэты момант у машыне ўключылі праблісковыя маячкі. Я зразумеў, што за мной гоніцца міліцыя, адразу спыніўся і падняў рукі ўгару. І тут жа пачуў крык: «Стой!» Я стаяў з паднятымі рукамі, калі да мяне падскочыў міліцыянер, закруціў руку за спіну і ўдарыў. Хутка за ім падбег другі. Яны паставілі мяне на калені. Я спытаў: «За што вы мяне б`яце?» І тут жа атрымаў удар у галёнку і па рэбрах, упаў і не змог падняцца, калі інспектары загадалі мне ўстаць. У мяне не слухаліся ногі і стала нешта рабіцца з галавой, я адчуў, што паплыў.

Інспектары паднялі мяне з зямлі і завялі ў машыну. Я казаў, што я інвалід, дыябетык і мне хутка патрэбна калоць інсулін. Яны сказалі, што ў машыне мяне біць не будуць, а калі пасадзілі, спытаў, колькі мне патрэбна заплаціць штрафу, каб яны пусцілі мяне дамоў. У машыне яны сказалі, што наша размова запісваецца на відэарэгістратар. Але я і на вуліцы бачыў, што ў Дзярэчыка на грудзях свеціцца чырвоная лямпачка відэарэгістратара, а гэта значыць, што ідзе запіс. Яны палічылі, што я п`яны, і павезлі спраўджваць тое ў прыёмны пакой ЦРБ. Мне ўсё горшала. У бальніцы памералі ціск, ён быў 240 на 120. Там далі ўкол, праверылі на алкаголь. Я не п`ю і не палю, але адчуваў сябе вельмі дрэнна тады.

Пасля бальніцы мяне завезлі ў аддзел міліцыі, адвялі да следчага (на самай справе да ўчастковага інспектара міліцыі Богза А. С., які склаў на Цвікевіча адміністрацыйны  пратакол па арт.23.4 КоАП — М.К.), які доўга нешта пісаў, потым сказаў падпісаць пратакол. Калі я запярэчыў, то міліцыянер на тое паведаміў, што альбо я цяпер падпісваю паперу і іду дамоў, альбо не падпісваю і мяне вядуць у камеру, а ў панядзелак вязуць у суд, дзе я атрымаю 15 сутак, а потым яны яшчэ завядуць крымінальную справу, я сяду ў турму, скуль ужо магу і не выйсці. На той момант я зразумеў, што магу нават не дажыць і да раніцы наступнага дня, таму падпісаў пратакол. Пасля гэтага следчы выклікаў сваіх памагатых і загадаў: «У камеру яго». Калі мяне вялі ў камеру, я казаў, што мне вельмі дрэнна, мне трэба дамоў. У камеры я абапёрся спінай аб сцяну і баяўся ўпасці. Мінут праз 15 міліцыянеры зайшлі ў камеру і спыталі, як я сябе адчуваю. Паміж сабой яны тады вялі такую размову: «Калі з ім што-небудзь зробіцца, ты будзеш адказваць?» — спытаў адзін у другога. «Не», — быў адказ… Ніхто не хацеў адказваць за маё жыццё, і міліцыянеры спыталі, ці дайду я дамоў, калі яны мяне цяпер адпусцяць. Я сказаў, што дайду. З трыма прыпынкамі я ледзь дабраўся дамоў на Савецкую вуліцу. Жонка адразу выклікала хуткую дапамогу. У бальніцу мяне прывезлі ноччу ў вельмі цяжкім стане і адразу змясцілі ў рэанімацыю, дзе я прабыў тры дні, — расказваў у судзе Слонімскага раёна Леанід Ільіч 26 лютага.

На пытанне суддзі, адкуль узяліся на яго целе гематомы і драпіны, зафіксаваныя медыкамі ў бальніцы, Леанід Цвікевіч адказаў, што гэта сляды ад біцця яго пры затрыманні інспектарамі ДАІ.

Міліцыя, г. Слонім. Фота з архіва «ГС»

Сведкі-інспектары ўсё адмаўляюць, а запісу затрымання з відэарэгістратараў не існуе

— 15 снежня мы неслі службу на службовым аўтамабілі «Джылі». Заступілі ў нарад у другой палове дня… Вечарам рухаліся па Савецкай вуліцы з боку Альбярціна і ўбачылі, як грамадзянін перасякае вуліцу Чкалава на чырвонае святло святлафора. Я быў за рулём. Развярнуўся па вуліцы Чкалава. У машыне ўжо былі ўключаны маячкі чырвона-сіняга колеру, бо мы таксама рухаліся на чырвонае святло святлафора. Калі я дагнаў яго, мой напарнік Чыгуноў запатрабаваў чалавеку спыніцца. Чалавек развярнуўся і пабег назад у бок хлебазавода. Тады Чыгуноў яго дагнаў і затрымаў. Калі я да іх падышоў, чалавек стаяў на каленях і гучна крычаў, што яго збіваюць работнікі міліцыі, што яму дрэнна. Чыгуноў трымаў яго за закручаную ззаду руку. Паколькі грамадзянін казаў, што яму дрэнна, мы прапанавалі выклікаць хуткую дапамогу. Ён адмовіўся. Тады мы прапанавалі яму прайсці ў машыну, ён таксама адмовіўся. Пасля гэтага я ўзяў яго за правую руку, мы падвялі і пасадзілі яго ў службовую машыну. У машыне мы зноў пацікавіліся, ці не патрэбна выклікаць хуткую дапамогу, ён сказаў, што не трэба. Тады мы завезлі яго ў прыёмны пакой на агляд на прадмет ужывання алкаголю, а адтуль даставілі ў райаддзел міліцыі для далейшага разбіральніцтва, — даваў паказанні ў судзе начальнік таго патруля капітан ДПС Дзяніс Дзярэчык.

Яго калега лейтэнант ДПС Андрэй Чыгуноў сваімі паказаннямі пацвердзіў паказанні свайго начальніка і дадаў, што дакументы па гэтым затрыманні ён напісаў у прыёмным пакоі бальніцы, пакуль медыкі аглядалі Цвікевіча, мералі і збівалі ўколам яму ціск.

Факты збіцця Цвікевіча пры затрыманні Чыгуноў адмаўляў, як і Дзярэчык. Прызнаваў Чыгуноў толькі, што закручваў пры затрыманні чалавеку руку назад. Наяўнасць індывідуальных пераносных відэарэгістратараў у іх адмаўляў і казаў, што відэарэгістратар працаваў толькі ў салоне патрульнай машыны. На пытанне суддзі, ці захаваўся запіс з відэарэгістратара, адказаў, што запіс на камп`ютар не здымаўся, бо ў тым «не было патрэбы», а праз 30 сутак запісы з відэарэгістратараў перазапісваюцца на новыя.

Судовае рашэнне: вызваліць пенсіянера ад адміністрацыйнай адказнасці

Суд Слонімскага раёна 26 лютага 2019 года вырашыў, што Цвікевіча неабходна вызваліць ад адміністрацыйнай адказнасці з-за нязначнасці яго парушэння, сыходзячы са стану здароўя і абставін яго затрымання супрацоўнікамі міліцыі.

Той жа суд (толькі ў асобе іншага суддзі) раней, 22 снежня 2018 года, прызнаў Цвікевіча вінаватым «у непадпарадкаванні законнаму патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа пры выкананні ім службовых абавязкаў» і аштрафаваў на 49 рублёў. Адбылося гэта без прысутнасці адказчыка, паколькі Леанід Цвікевіч у той час ляжаў у бальніцы з наступствамі ад сустрэчы з гэтымі самымі службовымі асобамі і нават не ведаў тады, што яго без яго ўжо аштрафавалі.
Пасля скаргі Цвікевіча на такое правасуддзе ў Адміністрацыю прэзідэнта суддзя Гродзенскага абласнога суда Аляксандр Козел адмяніў пастанову суддзі Слонімскага раённага суда Жанны Салавей і адправіў справу на перагляд новым суддзёй. І вось справядлівасць быццам бы ўзноўлена — штраф адменены. Толькі радасці ад гэтага ў галоўнага героя гэтай гісторыі, як і здароўя, не дабавілася, — цяпер Леанід Цвікевіч яшчэ лечыцца на дзённым стацыянары ў Слоніме.

Тым часам інспектары ДПС Дзярэчык і Чыгуноў працягваюць несці сваю нялёгкую службу на мясцовых дарогах. Таму будзьма пільнымі пры перасячэнні праезджай часткі дарогі па лініі тратуараў і абочын, а таксама на нерэгулюемых і тым больш рэгулюемых пешаходных пераходах. Бо, як паказаў суд над пенсіянерам Леанідам Цвікевічам, відэарэгістратараў на ўсіх інспектараў ДАІ ў Слоніме не хапае, дый запісы з іх да суда могуць не дайсці.

Читайте также
Обратите внимание