Наверх
EUR 2.3316
USD 2.0854
RUB(100) 3.2282
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

«Мае аднакласнікі думаюць, што я завучка, але гэта не так»

12 марта 2019 13:07
378
Поделиться:

Данііл Жодзік

Данііл Жодзік — слонімскі старшакласнік, выдатнік у вучобе, пераможца навукова-практычных канферэнцый па гісторыі, грамадазнаўстве і краязнаўстве ды былы прызёр раённых алімпіяд па беларускай мове.

У гутарцы з карэспандэнтам «ГС» Данііл прызнаўся, што цяга да навук у яго была яшчэ з дзяцінства.

— Мне заўсёды было цікава даведвацца пра нешта новае, незвычайнае. Па-мойму, гады тры таму мой аднакласнік прапанаваў мне паехаць на раскопкі. Думаў, з`езджу пагляджу, што гэта такое. Раскопкі мне заўсёды падабаліся. Я фільмы пра археолагаў глядзеў, кнігі люблю чытаць пра гэта. Тады было лета, і я падумаў: чаму б і не? Чаго дома сядзець? Раскопкі дапамагаюць дакрануцца да мінулага, даведацца, як людзі жылі раней, — разважае малады чалавек.

Калі Данііл быў на раскопках Лаўрышаўскага манастыра, яны з групай знайшлі падмурак капліцы. Настаўнік гісторыі прапанаваў Даніілу напісаць на гэтую тэму навуковую працу.

— Так, тады мы знайшлі падмурак капліцы. Так гаварылася ў дакументах, якія адшукаў у архіве Украіны Тэльман Маслюкоў, кіраўнік экспедыцыйнай групы. Але нам удалося даказаць, што гэта быў не падмурак капліцы, а падмурак царквы. Мы гэта даказалі, спасылаючыся на кнігу Аляксандра Лакоткі «Сакральнае дойлідства Беларусі». Гэта была мая першая навуковая праца. З гэтай працай я выступаў на навукова-практычнай канферэнцыі «Край Гарадзенскі», дзе ў журы быў даволі вядомы гісторык — Аляксандр Краўцэвіч.

Нядаўна юнак удзельнічаў у адкрытай міжнароднай канферэнцыі «Новыя філаматы», паводле выніку якой быў уганараваны дыпломам першай ступені. Ён выступаў у секцыі гісторыі, краязнаўства, грамадазнаўства з дакладам на тэму «Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр: Тэрыторыя і гаспадарчыя комплексы».

— Гэта канферэнцыя прахо­дзіла ў Гародні на базе гімназіі ім. Карскага. Да кожнай канферэнцыі я стараюся падыхо­дзіць адказна і сур`ёзна. Самае складанае ў навуковай працы — гэта яе напісанне. Для гэтага трэба вельмі шмат прачытаць, пагаварыць з гісторыкамі, усё прааналізаваць, а затым яе паказаць журы. Да сваіх прац я рыхтую прэзентацыі, якія дапамагаюць разнастаіць мой паказ работы перад журы. Падчас выступу журы можа задаваць пытанні, якія тычацца працы. Гэта самае складанае, таму што ты можаш сваю працу проста ідэальна паказаць, а ў канцы затупіць на гэтых пытаннях. Пытанні зада­юць, каб паглядзець, ці сапраўды ты ў тэме.

Усе працы Данііла напісаны на беларускай мове. Юнак з пятага класа прымае ўдзел у алімпіядах па беларускай мове і літаратуры.

— Так, усе працы пішу на беларускай мове і прэзентую іх таксама на роднай мове. Пасля завяршэння напісання працы яе чытае мой настаўнік беларускай мовы. Размаўляць на беларускай мове ў мяне не выклікае праблем. Прэзентую па-беларуску, таму што такі рэгламент многіх канферэнцый. Ды і сама беларуская мова мне падабаецца. Я планую і далей удзельнічаць у розных канферэнцыях. Яны дапамагаюць навучыцца правільна выступаць перад публікай. Лічу, што гэта ў будучыні мне спатрэбіцца.

Пра тое, каб стаць гісторыкам ці археолагам, Данііл яшчэ не думаў.

— Кім хачу стаць, я яшчэ не вырашыў. Мне вельмі цяжка вызначыцца, хоць час ужо падціскае. Многія мае аднакласнікі ўжо вызначыліся і на ўсю моц рыхтуюцца да ЦТ. Таксама разглядаю варыянт, каб вучыцца за мяжой. Некаторыя мае знаёмыя кажуць, што вучыцца за мяжой нашмат лепш, чым у нас. Дарэчы, усе мае аднакласнікі думаюць, што я завучка, ці, як любяць называць выдатнікаў, ботан, але гэта не так. Я рэдка калі што-небудзь завучваю. Проста запамінаю тое, што кажа настаўнік на ўроку. Нягледзячы на тое, што вучоба займае многа часу, у мяне ёсць магчымасць паглядзець футбол, паслухаць музыку ці проста схадзіць на прагулку з сябрамі. Ведаеце, нядаўна быў у мяне ў жыцці такі момант, калі я, можна сказаць, перастаў звяртаць увагу на ўсе алімпіяды і канферэнцыі і падрыхтоўку да іх. Але своечасова задумаўся і зразумеў, што дэградацыя — гэта не выхад. Трэба развівацца і самаўдасканальвацца, каб хоць чагосьці ў гэтым жыцці дамагчыся.

Наш канал в Telegram Прислать свою новость на Viber
Читайте также
Обратите внимание