Наверх
Слоним
weather
0
Зельва
weather
0
Волковыск
weather
0
Мосты
weather
0
Дятлово
weather
0
Барановичи
weather
0
EUR 2.3903
USD 2.1064
RUB(100) 3.2768
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Поўнае зацьменне

17 марта 2019 12:09
160
Поделиться:

Малюнак Яўгена іванова

Было лета. У вёсцы Забэцькі ўсе чакалі поўнага сонечнага зацьмення. Аб ім сказалі па тэлевізары. Такая рэдкая з`ява мелася адбыцца пасля полудня, і людзі баяліся выганяць на пашу кароў. Стары і сівы як лунь дзед Антось Мох, седзячы на ганку, курыў люльку і таямніча пазіраў на баб з-пад калматых і жорсткіх, як поўсць дзіка, броваў. Бабам было страшна, і яны сышліся на Антосеў двор.

— Дзед, а ты ці бачыў калі поўнае сонечнае зацьменне? — сцепануўшы плячамі, спытала тоўстая Маня Сучок.

— Го-о, бабы, чаму ж не бачыў! Некалі ў час зацьмення здараліся ўсякія дзівосы. Я ўжо і не памятаю якія…

Пачуўшы гэта, суседка Ядзя Вандзэлак нібыта ўспомніла нешта важнае і подбегам рушыла да свайго двара.

— Пакуль не сцямнела, пайду праверу, ці ўсё ў мяне ў парадку, — патлумачыла гурме.
Зайшоўшы ў сені, яна па драбіне хуценька ўсчарэпкалася на гарышча, знайшла літровыя слоікі, у якіх гадамі стаяла насенне кропу, кмену і пятрушкі. Зярняткі ўжо рассыпаліся і не мелі ніякага паху. Ядзя ссыпала ўсё ў фартух, што быў прывязаны да паясніцы, і спусцілася долу. Пайшла на кухню і ўбачыла праз акно, як раптам стала цямнець і бабы, нібы спалоханыя куры ад каршуна, кінуліся да сваіх надворкаў. Зарыкалі ў хлявах каровы, на нейкі час вёска патанула ў цемры.

— Некалі ў час поўнага зацьмення здараліся ўсякія дзівосы, то чаму ім цяпер не здарыцца? — разважала Ядзя, мяшаючы ў фартуху трухлявае насенне. — Бабы павераць, я і сама паверыла б, каб не была хітрая, як старая ліса.

Неўзабаве ўсё наўкола зноў зайграла летнімі фарбамі. Бабы, ачомаўшыся ад страху, сталі выганяць на пашу кароў. Ядзя таксама пагнала сваю Пярэстую, не выпускаючы з рук фартуха.

— Што гэта ў цябе? — спытала Маня.

— А я ведаю? Стаю на сваім надворку, а з цёмнага неба нешта як пасыплецца! Падставіла фартух, і бачыце, колькі набрала ў прыполак? А грубы мужчынскі голас з цемры: «Бяры і лячы апойкаў, бо іх у вашых Забэцьках надта шмат развялося!»

— Авохці! — ажно прысела Сонька Гэблік, бо яе Метусь не прасыхаў ні на дзень, вось-вось павінны былі з работы вытурыць. — А як лячыць? Есці гэту труху трэба?

— Я так думаю, што запарваць, — Ядзя паправіла на галаве аблезлую сінюю хустку.

— А колькі?

— Каб не патруціць, корак ад бутэлькі з-пад піва. Яшчэ невядома, як гэта касмічнае зелле падзейнічае на нашых апойкаў.

— А мой дык няхай хоць здохне, не шкада, бо ўжо ўсю душу выеў! Мала таго, што п`е, то і б`ецца, каб яго пярун забіў! Насып мне тры коркі, усе зараз запару і ў капусту падмяшаю.

Ядзя матляхнулася дадому, прынесла зялёны корак.

— Зелле платнае, — папярэ­дзіла. — Па два рублі за корак.

— Нядорага, можна браць.

— А каб і дорага, то я ніякіх грошай не пашкадую!

Бабы радаваліся. У іх з`явілася надзея на ратунак, а ў Ядзі — на заробак.

— Трэба ўзяць больш, бо яшчэ невядома, калі зноў тое зацьменне здарыцца, — разважала Клаўдзя Акунёк. — Ды і ці пасыплецца з космасу зелле.

— Усё, больш прадаваць не буду, — сказала Ядзя, калі ў фартуху засталася якая жменя. — Астатняе пакіну зяцю, бо таксама ледзь не патануў у віне.

Ніякаму зяцю яна даваць не збіралася, а сказала так, для важнасці. Пайшла ў хлеў і ўсё высыпала ў свінячую загарадку.

А ў Забэцьках для апойкаў пачаліся чорныя дні. Бабы падмешвалі ім у ежу касмічны парашок і ўсяляк страшылі, што як будуць піць гарэлку ці віно, то і аглохнуць, і аслепнуць, і лягуць каменем ды не ўстануць.

Некаторыя мужчыны не на жарты спалохаліся. Прадаўшчыца з мясцовага магазіна Верка Жмых магла не выканаць месячны план, бо апойкі перасталі даваць выручку. Самагоншчыца Альбіна Кунак таксама не мела даходу.

— Бабы, памагло касмічнае зелле!

— І майму памагло, толькі ў хаце спаць перастаў, ходзіць у пуню на сена.

— І мой дома не начуе, — гаманілі на вуліцы кабеты.

Праз чатыры дні ў калгасе давалі зарплату. Атрымаўшы грошы, Метусь сеў за руль грузавіка і паехаў у суседнія Макрыцы. Ён вырашыў праверыць, ці сапраўды пасля касмічнага зелля нельга піць спіртнога, і купіў у тамтэйшым магазіне дзве бутэлькі гарэлкі. Схаваў у пуні, дзе спаў.

Вечарам выпіў пару глыткоў, і нічога яму не зрабілася. Дабавіў — таксама нічога.

— Дураць нас бабы, разводзяць нібы якіх лохаў! — сказаў заўтра на рабоце. — Але не прызнаемся, што разгадалі падман. Няхай будзе як ёсць.

Хаваючыся ад жонак, у макрыцкі магазін пачалі ездзіць і іншыя мужчыны. Як сцямнее, усе збіраліся ў пуню да Метуся і адводзілі душу.

Мінуў тыдзень. Бабы радаваліся, што лячэнне ідзе як мае быць. Але аднойчы ноччу Сонька пачула, як на двары стогне муж. Ён сядзеў на ганку і скардзіўся, што вельмі баліць жывот. Баба спалохалася і выклікала хуткую дапамогу. Мужа забралі ў бальніцу.

— Падманшчыца! — сварылася заўтра раніцай на Ядзю. — Атруту прадавала нам замест касмічных лекаў! Мой вунь ледзь ласты не склеіў! І ўсё з-за цябе!

— Няпраўда, не з-за яе! — умяшаўся ў размову фельчар з ФАПа Міхась Суботкін, што праходзіў міма. — У вашага дзядзькі ў крыві было амаль два праміле алкаголю… Ім і атруціўся…

Читайте также
Обратите внимание