Наверх
EUR 2.2673
USD 2.0244
RUB(100) 3.2098
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Жыхары Міжэвіцкай воласці Слонімскага павета ў час Першай сусветнай вайны: у бежанстве і на фронце (абноўлена 04.04)

19 марта 2019 12:16
324
Поделиться:

Бежанцы

Першая сусветная вайна (1914-1918), за якой ужо ў той час замацавалася назва «Вялікая», прыадчыніла амаль на тры дзесяцігоддзі «скрыню Пандоры» для гісторыі Беларусі. Наступствам той вайны стала бежанства, у якое выправіліся каля 1,3 млн беларусаў, пераважна праваслаўнага веравызнання.

На жаль, у савецкі час Першай сусветнай вайне не надавалася належнай увагі, і таму захавалася няшмат успамінаў удзельнікаў таго перасялення. Аднак у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у Гродне маюцца дакументы, якія распавядаюць пра праблемы, з якімі сутыкнуліся бежанцы. Сярод іх — матэрыялы з Міжэвіцкай воласці, паказальныя ў сваім змесціве і для іншых частак Слонімшчыны.

Даведка: У склад Міжэвіцкай воласці Слонімскага павета ўваходзілі: Бікевічы, Варонічы, Новыя Дзявяткавічы, Крывец, Малая Кракотка, Вялікая Кракотка, Лапухова, Міжэвічы, Махначы, Вострава, Пасінічы, Перавалока, Сялявічы, Юхнавічы.

Першая істотная праблема для тых, хто пакінуў Бацькаўшчыну, стала адсутнасць дакументаў. У мірны час у Міжэвічах працавала валасное праўленне, якое задавальняла патрэбу ў іх. Але ў верасні 1915 года валасны пісар быў эвакуяваны ў г. Жыздра Калужскай губерні, дзе да 3 ліпеня 1917 года працаваў Іван Андрэевіч Дзядовіч, а затым — Якаў Ігнацьевіч Зайцаў.

У Жыздру з розных куткоў Расійскай імперыі, па якіх былі раскіданыя жыхары былой Міжэвіцкай воласці, пачалі накіроўвацца запыты на выдачу пашпартоў і пасведчанняў. Яны былі неабходныя для ўладкавання на працу. Дзякуючы такім замовам, мы ведаем, што тутэйшыя жыхары вялікай грамадой аселі ў Арэнбургскай, Ніжагародскай, Тамбоўскай губернях, Харкаве і нават Іркуцку.

Так, Ганна Лявонцьеўна Трафімовіч 17 жніўня 1917 года звярталася ў Міжэвіцкае ўпраўленне: «Дашліце мне пашпарт, так як без таго немагчыма жыць». Яе муж, Лявонцій Фёдаравіч Трафімовіч, памёр яшчэ падчас эвакуацыі ў Слуцку ў жніўні 1915 года. Яна ж ра­зам з сынам Антонам выправілася далей, у глыб імперыі. Але ў студзені 1916 года сына мабілізавалі ў войска, і жанчына засталася адна. У Іркуцку яна жыла на Вялікай Русінаўскай вуліцы.

21 студзеня 1917 года ў г. Жыздра прыйшла навіна з Арзамаса. Там памёр жыхар вёскі Пасінічы Міжэвіцкай воласці Іван Емяльянавіч Бялькевіч (нар. 17.10.1890). Яго дзяцей, Мікалая і Мар`ю, змясцілі ў інтэрнат для бежанцаў, якія страцілі бацькоў. З ліста мы даведваемся, што Бялькевіч здолеў пакінуць сваім дзецям добры па тым часе капітал — у 236 руб., які, аднак, забралі ў ашчадную касу.

Шмат жыхароў Міжэвіцкай воласці ўладкавалася на чыгунку. Так, Пётр Кулак у жніўні 1917 года працаваў на станцыі Пасольская Забайкальскай чыгункі. Лысуха Харытон Іванавіч і Лабар Хрысціна Кляменцьеўна — на чыгунцы ў Харкаве. Там жа працаваў Аляхновіч Павел Гаўрылавіч з вёскі Варонічы (нар. 1.04.1890), які даслужыўся за час вайны да малодшага ўнтэр-афіцэра, але пасля трох раненняў быў вызвалены ад далейшай службы.

У выпадку цяжкіх раненняў салдаты мелі шанец на атрыманне пенсіі. Сярод іх — Чуткоў Фёдар Паўлавіч з Міжэвічаў. Ён да 24 студзеня 1916 года служыў у 65-м пяхотным Маскоўскім палку. Але дапамога была яму прызначана толькі 25 кастрычніка 1917 года на паседжанні Петраградскага павятовага савета па воінскай павіннасці.

За сухімі канцылярскімі словамі амаль у кожным запыце чытаецца трагедыя простага чалавека. Кідаецца ў вочы страта ў многіх выпадках аднаго з бацькоў падчас эвакуацыі. Так, Вольга Андрэеўна Лабар (33 гады) у 1917 годзе адна выхоўвала на новым месцы жыхарства ў в. Мардоў Тамбоўскай губерні чатырох малых дзяцей: Ксенію (14 гадоў), Аляксандру (12), Наталлю (9) і Аляксея (4). Ілья Васільевіч Несцярук (нар. у 1861 годзе) з вёскі Махначы ў сакавіку 1916 года застаўся без жонкі. Але дзеці на той час былі ўжо дарослыя: Тэкля (20 гадоў), Рыгор (19 гадоў), Антон (10 гадоў). Яшчэ адзін сын, Прохар, загінуў на вайне.

Шэраг жанчын на новых месцах стваралі новыя сем`і. Так, сялянка вёскі Мыслава Аляксандра Мацвееўна Мічура выйшла замуж за Лялікавава Ферапонта Лаўрэнцьевіча, селяніна з вёскі Вяроўкі Аленаўскай воласці Бахмутаўскага павета Екацерынаслаўскай губерні. 3 верасня 1917 года яны былі павянчаныя ў Вазнясенскай царкве сяла Корсун.

У Міжэвіцкае валасное праўленне ў г. Жыздра звярталіся і з просьбай атрымання даведак аб уласнасці на захопленай немцамі тэрыторыі. Рабілася гэта ў надзеі на матэрыяльную дапамогу з боку дзяржавы. Так, Алена Васільеўна Волчык з вёскі Клепачы атрымала даведку, што ў 1915 годзе ў яе было «пад агародам 0,365 дзесяціны, узаранай 17,745 дзес. і сенакоснай 2,83 дзес., а ўсяго 20,94 дзес.» (дзесяціна — адзінка зямельнай плошчы, роўная 1,0925 га). У якасці сведак выступілі Сямён Урбановіч і Андрэй Цвікевіч, які падпісаліся, што «ў 1915 годзе пры нашэсці непрыяцеля, ураджай Алены Васільеўны Волчык быў знішчаны нашымі войскамі». Справа ў тым, што ў верасні 1915 года эвакуацыя адбывалася прымусова, а пакінутыя паселішчы, і перш за ўсё палеткі, знішчаліся рускімі вайскоўцамі ў адпаведнасці з тактыкай «выпаленай зямлі» — нічога не пакідаць ворагу.

Знішчэнне пасеваў рускімі войскамі

Цікавасць уяўляе гісторыя Міхаіла Іванавіча Трафімовіча з в. Вялікая Кракотка. Яго забралі ў войска яшчэ 7 жніўня 1915 года ў Чацінскім павеце Забайкальскай вобласці, куды ён выехаў на працу. Да 4 ліпеня 1917 года ён служыў у канвойнай камандзе, а затым быў накіраваны ў 1-ю роту 11-га сібірскага стралковага запаснога палка, 25 кастрычніка 1917 года (па ст.ст.), у дзень, калі ў Расіі адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, Міхаіл Трафімовіч — салдат 1-й кулямётнай каманды 14-га сібірскага стралковага палка. Справа ў тым, што яго забралі ў войска «па знешнім выглядзе», нягледзячы на тое, што ён быў на два гады маладзейшы за прызыўны ўзрост. І таму яго сям`я, у якой Міхаіл быў адзіным сынам, мела права на грашовую кампенсацыю. Амаль год на яго лісты ніхто не адказваў, пакуль нарэшце 1 снежня 1917 года Міхаіл Трафімовіч не атрымаў патрэбныя дакументы. Але ці дапамагло гэта яму, на жаль, мы не ведаем. З перапіскі таксама вынікае, што сям`я Трафімовічаў з Вялікай Кракоткі была падчас бежанства ў сяле Бутырскае Арэнбургскай губерні і складалася з Івана Міхайлавіча і Таццяны Антонаўны і іх дачкі Марыі.

У жніўні 1914 года ў Расійскай імперыі была абвешчана мабілізацыя хлопцаў 1893 нараджэння, якім на гэты момант споўніўся 21 год. Таксама з запасу выклікаліся ніжнія чыны ва ўзросце 21-39 гадоў (у далейшым давялі да 43-гадовага ўзросту). Але 353 жыхары Слонімскага павета на зборны пункт не з`явіліся. У расійскай арміі таксама было прынята, што параненыя ў баях мелі права на адпачынак, на час якога яны накіроўваліся ў родныя мясціны. Але не ўсе вярталіся зноў на фронт. Так, не вярнуўся ў сваю частку Жыткевіч Іван Лаўрэнцьевіч з Вялікай Кракоткі, стралок 14-га сібірскага стралковага палка, які служыў з 1914 года і вярнуўся ў в. Вялікая Кракотка. Яго адпачынак заканчваўся 6 верасня 1915 года. Дарэчы, яго брат, Пётр Сцяпанаў Жыткевіч (нар. 26.01.1893), таксама павінен быў прызывацца ў 1914 годзе. Яшчэ адзін жыхар Вялікай Кракоткі — Лукашэвіч Сямён Данілавіч, які пасля ранення прыбыў у вёску да 18 верасня 1915 года. Ён ваяваў у складзе 116-га запаснога батальёна. Але іх вяртанню ў войска магла перашкодзіць і нямецкая акупацыя Заходняй Беларусі.

Пасля боя каля вёскі Крэва ў 1916 годзе

У Жыздру прыходзілі звесткі пра жыхароў Міжэвіцкай воласці, якія выправіліся ў бежанства і патрапілі ў войска ў іншых рэгіёнах Расійскай імперыі:

Аляхновіч Васіль Сямёнавіч, 1894 года прызыву. Прызваны 23.09.1916 з г. Марыупаля;

Арочка Ігнацій Фамін. Прызваны 5.10.1916 у г. Калугу ў 26-ю пяхотную запасную брыгаду;

Арочка Леў Міронавіч, 1901 года прызыву. Прызваны 20.10.1916 на Дабравольны флот;

Башко Максім Лаўрэнцьевіч. Мабілізаваны 28 верасня 1915 года ў г. Бахмут Екацерынаслаўскай губерні. Накіраваны ў 6-ы сібірскі запасны батальён;

Богер Фёдар Фёдаравіч. Горнарабочы ў г. Луганску. У верасні 1916 года дадзена адтэрміноўка да 1.09.1917;

Ворна Міхаіл, 1899 года прызыву. Прызваны 23.09.1915 у 9-ы сібірскі стралковы запасны батальён;

Гапонік Максім Андрэевіч, 1911 года прызыву. Прызваны 15.12.1915 у 213-ы пяхотны запасны батальён;

Ігнатовіч Іван з в. Перавалокі, служыў у 2-м выбаргскім крапасным пяхотным палку;

Кавалеўскі Якім Лаўрэнцьевіч, прызваны 3.10.1916 у 89-ы пяхотны запасны полк;

Лабар Ігнат Давыдавіч з Міжэвічаў, прызваны ў лютым 1916 года ў 533-ю Пензенскую дружыну. Аднак чамусьці да месца прызначэння не прыбыў.

Лабовіч Павел Ігнацьевіч з в. Рудаўка. Прызваны ў верасні 1916 года ў 229-ю пяхотную дружыну;

Ліневіч Пракоп Фамін, 1914 года прызыву. Прызваны 13.09.1915 з Екацерынаслаўска ў 34-ы запасны батальён;

Лось Фёдар Фёдаравіч, 1908 года прызыву. Прызваны 19 красавіка 1916 года;

Лукашэвіч Ісідор Сцяпанавіч, 26.03.1916 прызваны ў Чыце ў 10-ы сібірскі стралковы запасны полк;

Ляшэвіч Іван Рыгоравіч, прызваны 21.07.1916 у 150-ы запасны батальён г. Вольск;

Маркевіч Іван Сямёнавіч, прызваны 20.04.1916 у 272-і запасны батальён;

Пятроўскі Іван Пракоф`евіч, 1915 года прызыву. Прызваны 13.10.1916;

Радзішэўскі Леў Антонавіч, мабілізаваны ў жніўні 1915 года ў 105-ю брыгаду дзяржаўнага апалчэння г. Баку;

Ракевіч Восіп Паўлаў з в. Клепачы. Прызваны 20.05.1916 у 190-ы запасны полк;

Ракевіч Іван Пятровіч з в. Клепачы. Прызваны 7.10.1916 у 70-ы пяхотны запасны батальён;

Ракевіч Ігнат Сцяпанавіч. Прызваны ў сакавіку 1916 года з г. Святы Крыж Стаўрапольскай губерні, накіраваны ў 37-ю брыгаду дзяржаўнага апалчэння;

Рэшко Іван Дземсунавіч. Прызваны 4 лютага 1916 года ў г. Харкаў. Накіраваны ў 30-ы пяхотны запасны батальён;

Савіч Іван Аляксеевіч, прызваны 23.05.1916 у 190-ы пяхотны запасны полк.

Савіч Іван Сцяпанавіч, 1909 года прызыву. Прызваны 25.04.1916 у 151-ы пяхотны запасны батальён г. Камышын;

Саламеннік Ігнацій Якаўлевіч, 1907 года прызыву. Прызваны 5.10.1916 у 103-і пяхотны запасны полк г. Уфа.

Севасцьянаў Пётр Багданавіч, прызваны 26.01.1916 у 159-ы пяхотны запасны полк;

Стралкоўскі Якаў Фамін, прызваны 17.09.1916;

Сянкевіч Антон Ісідоравіч, 1910 года прызыву. Мабілізаваны ў жніўні 1915 у 74-ю брыгаду дзяржаўнага апалчэння г. Кіеў;

Сяркевіч Павел Дзянісавіч, 1905 года прызыву. Накіраваны 7.09.1916 на Самарскі трубавы завод;

Трафімовіч Антон Лявонавіч, прызваны з г. Вернядзвінск 3.03.1916 у 11-ы сібірскі стралковы запасны батальён.

Турлай Васіль Сямёнавіч, 1911 года прызыву. Мабілізаваны ў жніўні 1915 года ў 74-ю брыгаду дзяржаўнага апалчэння г. Кіеў;

Турлай Рыгор, 1909 года прызыву. Прызваны з горада Бургуслань 22 лютага 1916 года, праходзіў службу ў 159-м пяхотным запасным батальёне гор. Аткарск;

Філютовіч Рыгор Гаўрылавіч, 1912 года прызыву. Прызваны 13.09.1915 з Екацерынаслаўска ў 34-ы запасны батальён;

Цвікевіч Васіль Мікалаевіч, 1898 года прызыву. Прызваны 21.10.1916 з г. Арзамас у 195-ы пяхотны запасны полк у Паўлаўскую слабаду Маскоўскай губерні;

Цвікевіч Гульян Львовіч, 1912 года прызыву. Прызваны 28.11.1915 у 33-і пяхотны запасны батальён;

Цвікевіч Максім Сямёнавіч, 1909 года прызыву. Прызваны 27.10.196 з Екацерынаслаўска ў 460-ю пяхотную дружыну.

Шуляк Мікалай Віктаравіч, 1912 года прызыву. Прызваны 18 верасня 1915 года ў г. Чыта, прызначаны на службу ў 30-ы Лібіцкі стралковы запасны батальён.

Шэлестовіч Васіль Антонавіч. Прызваны 6 сакавіка 1916 года ў г. Бахмут Екацерынаслаўскай губерні. Накіраваны ў 190-ы запасны батальён;

Юрык Пётр Іларыёнавіч, 1911 года прызыву. Мабілізаваны ў жніўні 1915 года ў 105-ю брыгаду дзяржаўнага апалчэння горада Баку;

Якута Платон Фёдаравіч, прызваны 4.04.1916 у 42-і запасны батальён;

Ярэц Антон Якаўлевіч з в. Мыслава. Прызваны 28.09.1916 у 3-і пяхотны запасны полк.

Яўхута Канстанцін Мацеявіч, 1912 года прызыву. Прызваны 22.09.1915 у 229-ы пяхотны запасны батальён. На 26.08.1916 года знаходзіўся ў г. Паўлаградзе.

Бліндаж

На жаль, дакументы не даюць магчымасці высветліць далейшы лёс прызваных у войска юнакоў. Але ў г. Жыздра ўвесь час дасылаюцца запыты па росшуку сваякоў як у войску, так і тых, хто згубіўся падчас выправы ў бежанства. Так, 4 лістапада 1917 года Міхаіл Андрэевіч Богдан, малодшы афіцэр 10-й роты 542-га Лепельскага палка, шукаў свайго брата Івана Андрэевіча Богдана, якога забралі на службу яшчэ 7 жніўня 1915 г. і далейшы лёс якога быў невядомы. Андрэй Паўлавіч Калановіч, які працаваў у Вайсковай пякарні, звярнуўся 17 лістапада 1917 года ў пошуках сваяка Паўла Кіпрыянавіча Калановіча.

Шукаў родных і Варфаламей Цвікевіч. 30 ліпеня 1916 года ён апынуўся ў Саранску, у 1-м узводзе 10-й роты 324-га Клязменскага палка, затым быў пераведзены ў 12-ю роту 101-га пяхотнага палка. Ён пісаў у Міжэвіцкае праўленне. «Я дасылаў ужо пяць лістоў, але адказу не атрымаў». Варфаламей цікавіўся лёсам брата Андрэя Цвікевіча і сваяка Ігнація Цвікевіча: «Дашліце мне адказ, ці жывы Восіп Цікевіч, і прашу я вас, можа ў вас якія навіны ёсць, то дашліце мне і можа што ведаеце пра хатніх». Пра аднаго з яго родных 13 красавіка 1917 года напісаў святар штаба 3-га каўказскага армейскага корпуса Данііл Самбіловіч: «Маю гонар паведаміць, што яфрэйтар 262 грозненскага палка, камандзір сувязі з в. Пасінічы Піліп Сямёнавіч Цвікевіч памёр 9 красавіка 1917 года ў 1-м каўказскім этапным лазарэце Расійскага таварыства Чырвонага крыжа пры Каўказскай арміі і 10 пахаваны на Хныскіх праваслаўных хрысціянскіх могілках у Турцыі».

У г. Жыздра паступалі звесткі пра забітых і зніклых без звестак падчас вайны. Але дадзеныя былі далёка не поўныя і прыходзілі са спазненнем. Напрыклад, пра забітых у жніўні 1915 года міжэвіцкі пісар атрымаў дадзеныя толькі восенню 1917 года. Сярод забітых жыхароў Міжэвіцкай воласці Слонімскага павета:
Грыцэлевіч Феадосій Сямёнавіч з в. Лапухова забіты ў баі 10 студзеня 1917 года.

Дамброўскі Казімір Ігнацьевіч з ваколіцы Плаўскія. Знік у баі без звестак 26 жніўня па 3 верасня 1914 года;

Кароцька Максім Фамін. Служыў у 38-м пяхотным Табольскім палку. Знік без звестак у баі 7.07.1915;

Маркевіч Касьян Кліменцьевіч з Рудаўкі. Служыў у 181-м Астраленскім палку. Знік у баі 9.09.1915;

Мар`янчык Сямён Мікалаевіч з вёскі Перавалока. Знік без звестак падчас бою 3 кастрычніка 1916 года;

Мізгер-Хвайняцкі Ігнацій Адольфавіч з ваколіцы Плаўскія. Памёр ад ран 3 снежня 1916 года;

Несцярук Прохар Ільіч, в. Махначы, радавы. Знік без звестак 8 кастрычніка 1915 года;

Падковіч Сямён Якаўлевіч. Забіты ў баі 26.10.1916;

Петручэня Андрэй Ільін з в. Малая Кракотка. Служыў у 73-м Крымскім палку. Знік без звестак у баі 16.08.1914;

Петручэня Самсон Фамін з Малой Кракоткі. Ратнік 1908 года прызыву. Забіты ў баі 12 снежня 1916 года;

Саламевіч Антон Кліменцьевіч, в. Перавалокі. Знік без звестак 19 ліпеня 1915 года;

Свят Іван Іпалітавіч. Знік без звестак у баі 13 верасня 1915 года.

Бежанства завяршылася толькі ў 1921 годзе, калі Беларусь была падзелена паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Але далёка не ўсе здолелі вярнуцца на Радзіму.

Фотаздымак Іосіфа Стаброўскага з альбома «Крывавым следам (Успаміны з вайны 1914 года. Альбом з 300 фотаздымкамі)», які захоўваецца ў Слонімскім раённым краязнаўчым музеі імя Іосіфа Стаброўскага.

Наш канал в Telegram Прислать свою новость на Viber
Читайте также
Обратите внимание