
Аляксей Якімовіч

Евангелле
Прывяду некаторыя вытрымкі з Евангелля, каб паказаць ворагам беларушчыны, што святое слова і на беларускай мове гучыць прыгожа.
Святое Дабравесце. Раздзел 3.
У тыя дні прыходзіць Іаан Хрысціцель і прапаведуе ў пустыні Іудзейскай
2. і кажа: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
3. Бо Ён той, пра Каго сказаў прарок Ісаія: голас таго, хто кліча ў пустыні:
падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабіце сцежкі Яму.
4. А ў самога Іаана была вопратка з вярблюджага воласу і скураны пояс на паясніцы ягонай; а ежай яму былі акрыды і дзікі мёд.
(А. Я.: звярніце ўвагу на воблік і харчаванне Іаана Хрысціцеля. Да чаго заклікае
Евангелле? Усім без выключэння трэба жыць сціпла.)
Раздзел 5.
Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару; і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.
2. І. адкрыўшы вусны Свае, Ён вучыў іх, кажучы:
6. Блажэнныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.
7. Блажэнныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.
8. Блажэнныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
(А. Я.: Звяртаюся да нячыстых сэрцам, хлуслівых кіраўнікоў: «Прачытайце гэтыя словы Божыя і задумайцеся на хвілінку».)
15. І запаліўшы свечку, не ставяць яе пад пасудзінаю, а на падсвечніку, і свеціць
усім, хто ў доме.
16. Так няхай свеціць святло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя
ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах.
17. Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць
прыйшоў Я, а здзейсніць.
(А. Я.: захоўвайце закон, пастаўленыя на варце яго, «няхай свеціць святло ваша
перад людзьмі».)
Раздзел 6.
9. Дык вось, маліцеся так: Ойча наш, Які ёсць у нябёсах! Хай свяціцца імя Тваё;
10. хай прыйдзе Царства Тваё; хай будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі;
11. хлеб наш надзённы дай нам сёння;
12. і даруй нам даўгі нашыя, як і мы даруем даўжнікам нашым;
13. і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад ліхога; бо Тваё ёсць Царства і сіла і
слава навекі. Амінь.
(А. Я.: цудоўна гучыць на мове малітва.)
Раздзел 7.
Не судзіце, каб і вас не судзілі;
2. бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць.
(А. Я.: лічу, што гэтыя словы адносяцца і да тых, хто судзіў, судзіць і збіраецца
судзіць мову нашу.)
6. Не давайце святога сабакам і не кідайце перлаў вашых перад свіннямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разарвалі вас.
(А. Я.: часцінкі святога – наша мова і наша Айчына. Помні гэта, беларус!)
15. Пільнуйцеся ад ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзежы, а ўсярэдзіне – ваўкі драпежныя.
(А. Я.: І гэта помні, беларус.)
Раздзел 8.
Калі Ён сышоў з гары, за Ім следам пайшло мноства людзей.
2. І вось, падышоў пракажоны і, кланяючыся Яму, сказаў: Госпадзе! калі хочаш,
можаш мяне ачысціць.
3. Іісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысціся. І адразу
ачысціўся той ад праказы.
А. Я.: (ёсць цуды, веру ў цуды. Цудам з`яўляецца і тое, што жыве мова наша, якую стагоддзямі стараліся знішчыць ворагі народа беларускага. Беларус, прасі Госпада, каб збярог яе.)
Зберажэ
Гасподзь нас
На зямлі
Сваёй,
Калі
Кожны скажа:
«Веру. Я
З Табой».
Добрую кнігу падарылі нам яе стваральнікі.