Наверх
Слоним
ясно
10 °C
Зельва
ясно
10 °C
Волковыск
переменная облачность
10 °C
Мосты
переменная облачность
10 °C
Дятлово
переменная облачность
10 °C
Барановичи
ясно
9 °C
EUR 2.8863
USD 2.4571
RUB(100) 3.3582
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

На жыццёвых скрыжаваннях: Знаходка

24 марта 2019 16:53
Поделиться:

Малюнак Яўгена іванова

Вясна выдалася ранняя. Толькі пачаўся сакавік, а снег з палёў вакол вёскі Зародкі сагнала, нібы яго і не было. Нават пад кустамі алешніку, што раслі ўздоўж дарогі на пасёлак Кнігаўцы, не засталося і жмені. І шпакі, падманутыя раннім цяплом, дружна прыляцелі ў вёску і засялілі свае маленькія домікі. Такім вось сонечным ранкам Ядзя Суколка выбралася ў пасялковую бальніцу праведаць свёкра, які лячыў там сэрца.

— Доўга ж не будзь, бо я ў абед не змагу ўходжвацца па гаспадарцы, — збіраючыся на работу, папярэдзіў муж Міхась, які працаваў у калгасе заатэхнікам. — Сёння паеду ў раён на нараду.

— Чаго мне там доўга быць? Схаджу ў бальніцу, у прадуктовыя магазіны ды і назад.

— Мамка, купі мне што-небудзь, — папрасіла дачка Вера, якая хадзіла ў пяты клас.

— Што-небудзь куплю, — паабяцала.

Да пасёлка было тры кіламетры, і Ядзя ніколі не чакала аўтобуса ці спадарожнай машыны, заўсёды хадзіла пешшу, тым больш цяпер, калі было так хораша наўкола.
Там, дзе дарога паварочвала на Кнігаўцы, яна здалёк убачыла на праезджай частцы нейкі пакунак. Падышла бліжэй. Гэта быў ніякі не пакунак, а мужчынская барсетка карычневага колеру. Дабротная, скураная. Кабета агледзелася наўкола, ці няма каго паблізу, і падняла барсетку. Адкрыла. У ёй было шмат беларускіх рублёў і долараў. Столькі яна ніколі і ў руках не трымала. Сэрца пачало моцна біцца, дыханне перахапіла.

— Якая ж гэта разява згубіла такое багацце?! — шаптала сама сабе. Засунула руку ў другую кішэньку і выцягнула нейкія квіты і пашпарт на імя Зінчукова Ігара Вадзімавіча.

«Дык гэта ж прадпрымальнік, які трымае ў пасёлку два магазіны ды два ў райцэнтры. Не дзіва, што ў барсетцы столькі грошай».

Ядзя, якая працавала санітаркай на ФАПе, была пераканана, што ўсе прадпрымальнікі грабуць грошы лапатай, што яны дастаюцца ім лёгка і проста. Паставіла на зямлю сваю гаспадарчую сумку, у якой былі пачастункі для свёкра, і засунула барсетку пад прадукты.

І калі была ў бальніцы, і калі хадзіла па прадуктовых магазінах, думкі пра барсетку не давалі спакою.

«На добры толк, то трэба адшукаць гаспадара і аддаць, бо прысвойваць яе — гэта тое самае, што ўкрасці, — думала нерашуча. — Але ж у яго і так грошай да халеры, не збяднее, бо, пэўна, не апошнія былі ў гэтай барсетцы…»

Спакуса пакінуць усё сабе была вельмі вялікая, і кабета вырашыла параіцца з мужам. Ледзь дачакалася вечара, пакуль Міхась прыйшоў з работы. Расказала яму пра знаходку, паказала барсетку.

— Як ты думаеш, што мне з ёй рабіць?

— Што рабіць, што рабіць… Вядома што, сабе пакінем.

— Правільна, бо я такіх грошай, як у ягонай барсетцы, за тры гады не зараблю. Нездарма ж яны трапіліся менавіта мне. Гэта нейкі знак.

— Можа, і знак, але як усё выявіцца, то ў турму цябе пасадзяць. За прысваенне чужога. Ды і пашпарт жа там… Шчыра кажучы, чорт яго ведае, як тут быць…

Назаўтра суседка Сабіна Вакульская прыйшла да іх з навіной:

— Чулі, прадпрымальнік Зінчукоў ці то згубіў, ці то ў яго ўкралі барсетку з грашамі? І пашпарт у ёй быў. Ездзіў па нашай вёсцы і пытаў у людзей. Але ж ніхто нічога не ведае. Тым больш што ён дакладна не можа сказаць, дзе тая барсетка прапала, ці днём гэта было, ці калі.

— У нас ён не быў і мы нічога не ведаем! — непрыязна мовіла Ядзя. З гэтых слоў суседка зразумела, што тут нячыста, інакш адкуль была б непрыязнасць, перамешаная са злосцю.

Дачка Суколкаў Вера была ў курсе падзей, бо чула размову бацькоў пра знаходку. Калі нікога не было дома, знайшла ў камодзе тую рэч, пералічыла грошы і паклала назад.

Заўтра раніцай, калі бацькі пайшлі на работу, яна нібыта накіравалася ў школу. Толькі не дайшла, а з палавіны дарогі вярнулася. Узяла барсетку і, доўга не думаючы, пайшла ў пасёлак.

Машына Зінчукова стаяла каля аднаго з магазінаў, зна­чыць, гаспадар быў тут. Прыгожая спрытная дзяўчынка ў ружовай куртачцы і белай шапачцы нясмела пераступіла парог і працягнула яму барсетку. Пажылы мужчына абрадаваўся так, што ягоны твар заліла чырвань. Адразу паглядзеў, ці ёсць пашпарт.

— Дзядзечка, тут усё цэлае. Я знайшла і нічога не чапала, прынесла вам.

— Дзякуй табе, мілая дзяўчынка! Мне так патрэбны пашпарт, ну і грошы, канешне. Чым жа табе аддзячыць?

— Нічога не трэба…

— Трэба! Ідзі ў гандлёвую залу і выберы сабе любыя туфелькі, якія спадабаюцца, і любую сукеначку. Інакш я цябе проста не выпушчу. Хадзі са мной!

Верачка нясмела пайшла за гаспадаром і зрабіла так, як ён казаў: выбрала чырвоную сукенку і белыя туфелькі. Яна была проста шчаслівая ад такіх абновак.

Жанчына-прадавец усё запакавала.

Калі выходзіла за парог, Зінчукоў дастаў з барсеткі сто долараў.

— Гэта аддай бацькам. За тое, што яны прыстойныя людзі і выхавалі такую слаўную дачушку…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание