Наверх
Слоним
ясно
20 °C
Зельва
ясно
20 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
20 °C
Мосты
облачно с прояснениями
20 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
20 °C
Барановичи
ясно
19 °C
EUR 2.8971
USD 2.4629
RUB(100) 3.3368
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Кароткая памяць

31 марта 2019 11:43
Поделиться:

Маня Кушчэўская, хата якой стаяла на ўскрайку вёскі Дабрынкі, была вельмі спагадлівая і працавітая жанчына. Хоць і жыла без гаспадара, бо ён памёр у маладым узросце, у яе была немалая гаспадарка. Дачушка Каця, прыгожая чарнявая дзяўчынка невысокага росту, спрытная, яшчэ хадзіла ў пяты клас, дапамагала ёй ва ўсім. І расла такой жа добрай, як мама. Калі, бывала, у нядзельку раніцай Маня напячэ піражкоў, Каця не праміне сказаць:

— А можна я занясу сваёй сяброўцы Валі, бо казала, што яе мама не ўмее пячы такіх смачных піражкоў?

— Няўмеку рукі не баляць, дачушка. Трэба, каб жанчына ўсё ўмела рабіць, бо якая ж з яе гаспадыня? Нясі, канешне, пачастуй, бяры больш, каб і Валіным бацькам дасталося.

І так заўсёды. Каця старалася падзяліцца з сяброўкай і цукеркамі, і трускаўкамі, якіх у іхнім агародзе расло шмат.

Дзяўчынкі закончылі школу ў адзін год, і лёс раскідаў іх па свеце. Валя паехала ў Мінск да бацькавай сястры і там паступіла вучыцца на швачку, а Каця падалася ў педагагічнае вучылішча ў недалёкі горад. Не хацела ў сталіцу, бо трэба быць бліжэй да мамы, якая часта хварэла.

Валі ў Мінску пашанцавала. Пасля вучобы яна ўладкавалася працаваць у прыватнае атэ­лье, а неўзабаве цётка пазнаёміла яе з добрым хлопцам — сваім суседам. Ён быў старэйшы на восем гадоў, меў вышэйшую адукацыю, добрую работу і жыў разам з бацькам у трохпакаёвай кватэры. Чалавек прыстойны, працавіты і культурны. Словам, жыццё ўдалося, большага і хацець не трэба.

Інакш склаўся лёс у Каці. Яна была на апошнім курсе, калі раптоўна памерла мама. Давучвацца прыйшлося, памаленьку распрадаючы гаспадарку. Папрасіла, каб працаваць накіравалі ў сваю сярэднюю школу. Хоць не трэба плаціць за кватэру, ды і сад-агарод даваў нейкі прыбытак. Хапала не толькі сабе, але і на продаж.

Дзяўчына яна была, як кажуць, на ўсе сто: і відная, і талковая, але жаніха не мела. Ужо набліжалася да трыццаці гадоў, як у іхнюю школу прыслалі выкладчыка фізікі Рамана Казіміравіча. Ён пераехаў сюды з другога раёна. Ніхто не ведаў, што ў іх атрымалася з былой жонкай, але разышліся. Ці то ён кінуў, ці то яна — таямніца. Ды і ці гэта важна? Галоўнае, што Раман Казіміравіч быў адзіны на ўсю вёску зайздросны халасцяк, і дзяўчаты ды кабеты-развядзёнкі мелі надзею ўладкаваць свой лёс. Такіх было шмат, а ён выбраў Кацю.

Малюнак Яўгена Іванова

— Давай пажэнімся, бо чаго цягнуць? — прапанаваў амаль праз год, калі ў школе спраўлялі выпускны баль. — Мне надакучыла цягацца па чужых кутах. Пара і свой мець.

— Я падумаю…

— Думай, толькі нядоўга. Старасць на носе, а мы ўсё бу­дзем раздумваць.

— І сапраўды, чаго тут раздумваць? — седзячы ля акна, за якім дагараў летні дзень, сказала сама сабе Каця. — Мне ўжо даўно замуж пара. Чалавек ён нібыта і не благі, і прыгожы. Калі адмоўлю, то раз-два знойдзе другую. А я зноў буду кукаваць адна…

Пра каханне тут размовы не вялося. А навошта? Каханне тое праз год-два дзе і дзенецца? Імкліва сплыве, нібы вада ў пясок. Сэрца добрае ды спагадлівае — гэта важнейшае за ўсякае там каханне. А Раман добры. І да дзяцей у школе, і да настаўнікаў, і да вяскоўцаў. То якога ражна трэба?

Яна была цяжарная на сёмым месяцы, калі ў іхнюю хату прыйшла бяда. Раман Казіміравіч вяртаўся з работы, калі яго збіў на вуліцы п`яны трактарыст. Левая нага была моцна паранена. Завезлі ў раённую бальніцу, потым у абласную — у Мінск. Дактары сказалі, што трэба рабіць складаную аперацыю.

— А можна я буду каля яго сядзець? — папрасіла Каця.

— Цяпер няма патрэбы, а вось як прааперыруем, то не толькі можна, але і трэба, — малады доктар глядзеў на яе са спагадай. — Хаця у вашым становішчы я і не ведаю… — меў на ўвазе цяжарнасць.

— Нічога, я спраўлюся…

Ёй трэба было шукаць начлег, а знаёмых у сталіцы не было. І тут раптам успомніла пра Валю. Знайшла ў сумачцы яе адрас. Пакуль дабіралася на патрэбную вуліцу, звечарэла. Ліфта ў доме не было, і яна па прыступках паднялася на апошні, пяты паверх. Пазваніла ў дзверы. За імі басавіта забрахаў сабака, відаць, вялікі. Нехта ўплішчыўся ў вочка і затаіў дыханне. Нарэшце дзверы адчыніліся. Растаўсцелая Валя ў дарагім прыгожым уборы няўцямна пазірала на былую вясковую сяброўку. Недзе ў глыбіні кватэры іграла музыка.

— Чаго табе? — нават не адказаўшы на прывітанне, сказала непрыязна.

— Я хацела папрасіцца да вас пераначаваць, — страсаючы з плашча кроплі восеньскага дажджу, вінавата прамовіла Каця. — Мой муж з цяжкай траўмай ляжыць у абласной бальніцы. Заўтра будуць рабіць аперацыю. Больш мне няма да каго папрасіцца…

— Ну і тут табе не гасцініца. Зараз у нас збяруцца госці, бо ў мужа дзень нараджэння. То куды я цябе дзену? Не садзіць жа за стол разам з прыстойнымі людзьмі, — мазанула поглядам аблезла-блакітных вачэй па Каціным жываце. — Так што паварочвай назад. На вакзале перасядзіш, калі больш няма дзе.

— Хто там, Валя, да нас завітаў? Ужо госці? — У прыхожую выглянуў высокі прыгожы мужчына.

— Госці, толькі няпрошаныя. З маёй вёскі кабета прыехала, просіцца пераначаваць.

— Ну дык няхай заходзіць, чаго ты яе трымаеш у парозе? — і ўжо да Каці: — Праходзьце, калі ласка. З якой нагоды ў сталіцы?

— Муж мой у бальніцы… Яму будуць рабіць аперацыю… — па змучаным Каціным твары ручайкамі пакаціліся слёзы.

— Не плачце, не трэба, вам шкодна… Дык заходзьце ж!

— Дзякуй, я пайду, Валя сказала, што на вакзале мне можна пераначаваць…

Яна пачала паволі спускацца па лесвіцы, а ў кватэры за зачыненымі дзвярамі нешта гаварыў мужчына, тонкім голасам віскатала Валя, якая некалі была сяброўкай і якая так любіла піражкі, што пякла Каціна мама…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание