Наверх
Слоним
пасмурно
-2 °C
Зельва
пасмурно
-2 °C
Волковыск
пасмурно
-2 °C
Мосты
пасмурно
-2 °C
Дятлово
пасмурно
-2 °C
Барановичи
пасмурно
-2 °C
EUR 2.4939
USD 2.4161
RUB(100) 3.9936
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 483,17 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 339,83 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 41 руб.
Базовая величина: 32 руб.
Ставка рефинансирования: 8,5%

Жыццё перамагае: каля Пятралевіцкай гары садзяць ельнік

6 апреля 2019 11:00
Поделиться:

Капаюць ямкі пад саджанцы

Вакол Пятралевіцкай гары каля Слоніма 27 сакавіка 2019 года слонімскія школьнікі і навучэнцы разам з камунальнікамі пачалі садзіць елкі. Усяго плануецца пасадзіць на гэтым месцы 1000 елак.

Сённяшнія 50-гадовыя ўраджэнцы прыгарадных Пятралевічаў памятаюць, як у свой час школьнікамі садзілі каля помніка расстраляным у вайну алею з ліпаў, таполяў, вербаў, клёнаў, бярозак і рабін. Не ўсе тыя дрэвы прыжыліся, але алея каля помніка ёсць. Улетку там можна знайсці цянёк пад дрэвамі, а ў дажджлівыя гады нават назбіраць грыбоў.

Нешматлікія пятралеўскія старажылы, каму сёння далёка за 80, а ў вайну было каля 10 ці крыху больш гадоў, напэўна, памятаюць, як каля Пятралевіцкай гары і на ёй стралялі людзей, засыпалі траншэі з забітымі, а пасля гэтага ў тых траншэях яшчэ доўга шавялілася зямля. Пра гэта расказана, напісана і паказана ўжо шмат. Мне найбольш запомніўся расказ майго цесця Мікалая Іванавіча Данільчыка, які распавядаў, як яны, вясковыя падшыванцы, перамагаючы страх і ігнаруючы забарону бацькоў, тайком хадзілі глядзець, што робіцца каля Пятралевіцкай гары пасля расстрэлаў.

У дарослыя гады, вярнуўшыся пасля вандровак па свеце ў родную вёску, Мікалай Данільчык пабудаваў сабе ў Пятралевічах хату акурат насупраць цяперашняга помніка на Пятралевіцкай гары. Так сталася, што пасля смерці цесця і цешчы, з 2008 года я з сям`ёй жыву ў гэтай хаце і штодня ва ўсе поры года назіраю за жыццём на гары і на подступах да яе.

Зімой з гары ад самага помніка з крыкам і гамам любяць спускацца на санках і ўсіх прыдатных для гэтага сродках дзеці і моладзь. Калі дачка была меншай, мы ўсёй сям`ёй таксама часам выбіраліся на гару, калі там ляжала крыху снегу. Што праўда, зімы цяпер зусім не такія, як у часы дзяцінства пятралевіцкіх старажылаў, і такія паходы былі не частымі.

Вясной гару і каля яе штогод прыбіраюць школьнікі, а часам і дарослыя падчас якога суботніка. Пачынаючы з вясны, улетку і да позняй восені сюды прыязджаюць часам на аўтобусах з кветкамі, вянкамі ды знічамі нашчадкі і супляменнікі расстраляных. Найчасцей, падаецца, бываюць госці з Польшчы ды Ізраіля. А пятралеўцы і жыхары Лабазоўкі любяць залазіць на гару паглядзець салюты ў Слоніме з нагоды Дня Перамогі, Дня Незалежнасці ці якіх іншых святаў.

Прачытаўшы аднойчы кнігу Любы Абрамовіч «Пустата Слоніма» і паглядзеўшы дакументальны фільм пра Якава Шапяцінскага, яшчэ раз зразумеў, чаму не толькі ахвяраў фашызму, але і іх нашчадкаў так цягне на месцы, дзе гэтым ахвярам удалося выжыць, — каб паглядзець, што жыццё перамагае. І на Пятралевіцкай гары таксама.

На старых дрэвах каля помніка і далей круглы год зелянее і множыцца амяла. А пад гэтымі дрэвамі і каля іх круглы год п`юць мясцовыя п`яніцы. Такое жыццё назіраю я тут ужо 11 год. Таму з усіх апошніх слонімскіх навінаў найбольш мяне парадавала навіна, што вакол Пятралевіцкай гары мясцовая моладзь садзіць елкі. На елках амяла не расце, а піць пад імі не зручна. І калі дрэўцы прыжывуцца, у мяне, напэўна, яшчэ будзе магчымасць паназіраць, як яны становяцца вялікімі. Бо жыццё перамагае.

Фота з архіва «ГС»

Наш канал в Telegram