Наверх
EUR 2.281
USD 2.0566
RUB(100) 3.1056
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Анатоль Стручынскі: «Мяне збілі з ног і білі дубінкамі і берцамі па ўсіх частках цела, лічы, забівалі…»

20 апреля 2019 11:47
1159
Поделиться:

Анатоль Стручынскі

Ураджэнец Зэльвеншчыны 48-гадовы Анатоль Стручынскі (больш вядомы як паэт Алесь Сасна) цяпер знаходзіцца за кратамі ў Германіі. Не могучы і не хочучы трываць жыццё ў Беларусі «па чужых і не зразумелых правілах», Анатоль з`ехаў на Захад. Але і там аказалася для беларуса не ўсё проста.

У нямецкай турме вязні карыстаюцца камп`ютарам з выхадам у інтэрнет, таму ўзяць гэтае інтэрв`ю было не складана.

— Анатоль, калісьці ты быў пазаштатным карэспандэнтам нашай «Газеты Слонімскай» на Зэльвеншчыне, а цяпер, як я разумею, ты ўцякач з Беларусі. Раскажы, калі і пры якіх абставінах пакінуў Радзіму?

— У 1999 годзе я падаў у суд позву на свайго кіраўніка за незаконнае звальненне мяне з пасады і працы. Мяне тады звольнілі з працы нібыта за п`янку ў той час, калі я ляжаў у бальніцы, што пацвярджаў бальнічны ліст. Падчас тых судоў я пазнаёміўся са старшынёй Зэльвенскай Рады КХП БНФ Юрам Качуком і настаўнікам Мадзейкаўскай СШ Іванам Міхайлавічам Цімафейчыкам. Зразумеўшы тады, што ўсе праблемы пачынаюцца на самым версе ўлады, я ўступіў у Кансерватыўна-хрысціянскую партыю БНФ. Працаваў у партыі адказным сакратаром Зэльвенскай Рады, а ў «Газеце Слонімскай» — пазаштатным карэспандэнтам на Зэльвеншчыне. Пісаў навіны, асвятляў праблемы Зэльвенскага раёна, дасылаў свае вершы, якія вы час ад часу друкавалі. У 2001 годзе ў кнізе «Верш на Свабоду» ў бібліятэчцы «Радыё Свабода» быў надрукаваны мой верш «Жыве Беларусь!».

Жыве БЕЛАРУСЬ!
Хачу ўсім сказаць,
Краіна мая, я ў цябе
закаханы,
За сваю БЕЛАРУСЬ, жыццё
аддаць
Змагу, бо ёй я адданы.

Краіна мая, дзе я нарадзіўся,
З лагоднаю МОВАЙ роднай,
Каб кожны, хачу, за цябе
ганарыўся
Хачу, каб была ты
СВАБОДНАЙ!

Такога матуля мяне
нарадзіла,
З ЛЮДЗЕЙ, я не дам
збыткавацца,
Пакуль што жыву і дакуль
будуць сілы,
Змагацца, змагацца,
змагацца!
(З кнігі «Верш на свабоду», 2001 г.)

Тады ж, у 2001 годзе, падчас выбарчай кампаніі прэзідэнта я працаваў у Слоніме разам з Іванам Бедкам старшынёй Слонімскай Рады КХП БНФ. Зай­маўся юрыдычнай падрыхтоўкай незалежных назіральнікаў за выбарамі і працаваў у ініцыятыўнай камандзе па падтрымцы кандыдата ў прэзідэнты РБ ад апазіцыі Ула­дзіміра Ганчарыка па Слоніме і Слонімскім раёне.

Пасля пройгрышу выбараў (у якіх выбару няма) я з камандай аднадумцаў ехаў у Мінск і на ўвесь вагон электрапоезда заявіў, што на наступныя выбары альбо калі не паспею падрыхтавацца, то праз выбары, буду выстаўляць сваю кандыдатуру. Пасля той заявы мяне хутка асудзілі па сфабрыкаванай справе і пасадзілі за краты на 6 гадоў і 6 месяцаў.

Потым, бачачы і разумеючы «барацьбу» некаторых кішэнных апазіцыянераў, вымушаны быў перайсці ў падполле як ад уладаў, так і ад «апазіцыі ў пазіцыі».
На выбарах 2010 года я адцягваў правакатараў, якія білі шкло і нібыта ламалі дзверы ў Доме ўраду ў Мінску. Пасля каманды «адбой» правакатары раптам зніклі, а з Дома ўраду выскачылі спецназаўцы. Мяне збілі з ног і білі дубінкамі і берцамі па ўсіх частках цела, лічы, забівалі. Толькі дзякуючы таму, што нейкая маладая сямейная пара цудам вырвала мяне з іх лап і, акрываўленага, адцягнула на больш бяспечную адлегласць, я тады застаўся жывы і на волі. Пазней па тэлевізары жахліва было глядзець на сваю згубленую там шапку… Пасля тых падзей пагроза паўтарыць лёс Захаранкі, Завадскага і іншых прымусіла мяне пакінуць Радзіму. Проста каб быць жывым і весці барацьбу, не баючыся смерці ці перспектывы апынуцца ў псіхічнай лякарні.

— Як сустрэў Еўразвяз? Што ты планаваў там рабіць і чым прыйшлося займацца насамрэч?

— Планаваў і планую атрымаць двайное грамадзянства (нямецкае і беларускае), каб была магчымасць спакойна жыць, вучыцца, працаваць і весці інфармацыйную барацьбу з самавыбранай і самапрызначанай уладай. А на дадзены момант, пакуль няма неабходных дакументаў, нечым займацца тут няма неабходнасці. Дзяржава, у якой чалавек просіць прыстанішча, цалкам забяспечвае ўцекача ежай, жыллём, медыцынскім абслугоўваннем і плаціць штомесячную дапамогу. Я першапачаткова атрымліваў 154 еўра ў месяц. У Германіі вывучаў нямецкую мову, хадзіў у школу, то мне яшчэ і за гэта даплачвалі раз у тыдзень.

— У якіх краінах табе давялося пабываць пасля ад`езду з Беларусі?

— Акрамя Германіі, давялося пабываць у Галандыі і паЖЫЦЬ са жніўня 2018 года па сакавік 2019-га ў Бельгіі. Менавіта пажыць з вялікай літары. У Бельгіі сёлета 10 лютага ў горадзе Льежы я прысутнічаў на сустрэчы з былым прэзідэнтам Грузіі, а потым губернатарам Адэскай вобласці Украіны Міхаілам Саакашвілі. У размовах з грузінамі вельмі шмат даведаўся пра яго (Міхо) сапраўднага. Пасля той сустрэчы стала зразумела, што і ў Беларусі магчыма зрабіць краіну для жыцця.

— А тым часам сёння многія нашы землякі едуць на Захад працаваць. Нехта легальна, а хтосьці як атрымаецца. Чаго, на тваю думку, патрэбна найбольш асцерагацца нашым працаўнікам у краінах Еўропы?

— Наконт працы… У Еўразвязе ўжо развялося вельмі многа фірм, таварыстваў, адвакатаў і перакладчыкаў — ашуканцаў у розных напрамках (і гэта ў асноўным рускамоўныя выхадцы з былых рэспублік СССР), якія рабуюць гастарбайтараў і нажываюцца на іх. Яны «дамаўляюцца» наконт працы. І калі, напрыклад, муляр мае 30-35 даляраў за гадзіну працы, то на рукі ён атрымае 10-15, у залежнасці ад ступені сквапнасці такога «працадаўцы». Мой адвакат Ілья ў Нюмбергу, не выслаўшы ніводнага ліста па маёй справе, таксама ўзяў адразу трэцюю частку ад усёй сумы ганарару ў 1525 даляраў (508,33 даляра), а потым кожны месяц я яшчэ плаціў яму па 85 даляраў. Пасля майго пераезду ў Бельгію на маё электроннае пісьмо з просьбай вярнуць хаця б палову сумы ён адказаў, што да такога, каб адвакат вярнуў грошы, мог дадумацца толькі рускамоўны чалавек… Калісьці ў 1994 годзе мне давялося працаваць у Польшчы ў Гажове. Мяне ўладкаваў туды на працу ксёндз Мар`юш. Спачатку ўсё было нармальна. Пазней мы працавалі і вельмі здзівіліся, што прыехалі хлопцы з Украіны, якія збівалі цану і гатовы былі працаваць амаль за палову ад таго, што плацілі нам. Цяпер, дзякуючы ўладзе, мы самі ў пошуках працы гатовы на любыя заробкі. І ўжо не здзіўляемся.

— Усё гэта, вядома, сумна. А яшчэ больш сумна, што добрых перспектыў на рынку працы ў Беларусі цяпер няма і не прадбачыцца. Ты сам на што спадзяешся ў гэтым плане, чаго чакаеш у бліжэйшы час?

— Спадзяюся на той час, калі беларусам не будзе ніякай патрэбы ездзіць некуды на заробкі, шукаць працу за мяжой. Дзяржавай будзе кіраваць сапраўды выбраны народам прэзідэнт, які будзе слугой свайго народа і паклапоціцца, каб людзі атрымлівалі вартыя сваёй працы заробкі дома.

(Працяг чакаецца)

Фота з архіва Анатоля СТРУЧЫНСКАГА

Наш канал в Telegram Прислать свою новость на Viber
Читайте также
Обратите внимание