
Аляксей Якімовіч
Ружавеюць у маі
Беларусы заўсёды з нецярпеннем чакалі вясну. Напрыканцы зімы, калі прыгравала сонейка, яны збіраліся на пагорках і гукалі, клікалі яе, спяваючы:
Благаславі, Божа мілы, зіму замыкаці,Зіму замыкаці, вясну аклікаці.
Зімою ў вазочку, вясною ў чаўночку,
У цёплым леце ў карэце.
Благаславі, Божа, зіму замыкаці,
Зіму замыкаці, вясну загукаці.
Дай, Божа, на жытачка род,
На статачак плод,
Людзям на здароўе.
[1, стар. 121]
Якой уяўлялі нашы слаўныя продкі вясну?
Вось што кажа пра гэта беларуская народная песня, створаная на нашай мове:
Ездзіць вясна, ездзіць
На залатым кані
У зялёным саяні,
На сасе седзячы,
Сыру зямлю аручы,
Правай рукой сеючы,
А смыком скародзячы.
[1, стар. 122]
Чаму беларус чакаў вясну з нецярпеннем? Што яна несла яму?
Яшчэ адна наша песня, створаная на нашай мове, дае адказ на гэтыя пытанні:
— Ты, вясна, ты, красна,
Да што ж ты нам вынесла?
— Прынесла тры карысці-радасці:
Першая карысць — бортнічак,
Другая карысць — пастушок,
Трэцяя карысць — ратайка.
Бортнічак стукне: «Садзі, Божа!»
Пастушок гукне: «Пась, Божа!»
Кароўка йдзе, рыкае,
Пастушок ідзе, гукае:
«Сюды, кароўка, кароўка,
Тут зялёная муроўка».
[1, стар. 123]
Вясною адзначалася і сама вялікае свята, свята са святаў і ўрачыстасць з урачыстасцей – Вялікдзень.
Гэтае свята адзначалася яшчэ ў далёкія язычніцкія часы. Нашы прадзеды лічылі, што валадар злога і цемры Чарнабог зямное жыццё зачыніў, на ключ замкнуў, каб зіма вечна панавала. Тады бог вясновага сонца Ярыла ўзяў прамяністы меч і, апусціўшыся ў нетры, у царства Чарнабогава падземнае, бой Чарнабогу даў, зямныя ключы забраў і адамкнуў замерлае жыццё. Пад капытамі яго каня зазелянела траўка, вярба ўбралася вясельнымі пупехамі.
Жаўрукі ў небе Ярылу-пераможца славілі, журавы гралі ў трубы. Усяму жывому настаў Вялікдзень — вялікі дзень перамогі святла над цемраю.
На Вялікдзень бабулі пры ўсходзе сонца мыліся з пасудзіны, у якую клалі золата і чырвонае яйка, каб разбагацець і памаладзець. Дзяды расчэсвалі валасы, прыгаворваючы: «Колькі на галаве валасоў, няхай столькі будзе ўнукаў».
Добра помніцца, як мы, хлапчукі, адзеўшыся па-святочнаму, бралі прыгожыя карзінкі і ішлі да сваякоў па валачобнае (ад слова «валачыцца»). Што звычайна клалі добрыя сваякі ў карзінку? Кавалак пірага, пафарбаваныя чырвоныя яйкі. І кавалачкам смачнага мяса маглі парадаваць. А яшчэ ў гэты прыгожы дзень мы гулялі ў яйкі: біліся яйкамі. Пабітае яйка даставалася таму, хто пабіў яго.
З тых даўніх часоў дайшла да нас народная валачобная песня на мове, у якой валачобнікі славілі гаспадара, каб задобрыць яго, каб аддзячыў добрым падарункам:
Добры вечар, пане гаспадару! Вясна красна на ўвесь свет.
Прыйшлі мы да пана як да багача,
Хочам пана да й павітаць,
Яго панскае здароўе спытаць:
Ці здароў пан, ці вясёлы пан?
Ці здарова панская жонка?
Ці здаровы панскія дзеткі?
[1, стар. 131 — 132]
Беларусы ўмелі і працаваць, і адпачываць, свята зберагаючы свае звычаі, сваю родненькую мову.
Слоўнік: саяні — адзенні; смыком скародзячы – водзячы па струнах смыком; нетры – тут «глыбіні зямлі»; ратай — араты, той, хто араў зямлю; бортнік — той, хто займаўся лясным пчалярствам, здабываў мёд дзікіх пчол; «садзі, Божа» — выпускай, садзі пчол на кветкі; муроўка, мурава – трава высокай кармавой якасці; пупехі — пупышкі; гач — тут «багаты чалавек».
Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь