Наверх
EUR 2.3167
USD 2.0351
RUB(100) 3.2525
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

На жыццёвых скрыжаванях: Пякучая раса

26 мая 2019 11:52
186
Поделиться:

Малюнак Яўгена Іванова

Людзі з невялікай вёсачкі Гіркаўцы заўсёды пасвілі кароў непадалёку ад лесу, на ўзбочыне якога пралягаў дзядзінец. Пасля вайны мінула не так шмат часу, і па гэтым дзядзінцы сяляне з залесных вёсак Анцэляўшчыны, Рымавіч і Запур`я ехалі на вазах і ішлі пешшу ў мястэчка Вішнякі, што было за шэсць кіламетраў ад Гіркаўцоў. Верачка Кудзеля, якая амаль штодзень пасвіла тут кароў, любіла назіраць за пешымі і коннымі.

Верачка была сірата. Яе мама памерла пры родах, а тата ажаніўся са злой і сквапнай Маняй Шыпоўскай з далёкай вёскі Замасцяны, старой дзеўцы, якую ніхто не браў замуж.

Дзяўчынка мела адзінац­цаць гадоў, але на выгляд не дасі і васьмі: худзенькая, невысокага росту, на прыгожым смуглым тварыку выдзяляліся вялікія карыя вочы. Яна была апранута ў маміну світку шэрага колеру з закасанымі рукавамі і аблезлую сінюю сукеначку, кароткую, амаль упоравень са світкай. І заўсёды босая. Вось і ў тую жнівеньскую раніцу, хоць сонца ўжо было і высакавата, ножкі джаліла пякучая раса, і Верачка папераменна ставіла адну ножку на другую, каб хоць неяк сагрэцца.

— Што, пастушачка, кажаш, раса джаліць, нібы пчолы? — па дзядзінцы ехаў на ровары прыгожы русавалосы хлопец у белай сарочцы. — Хадзі сюды, на дарогу, тут будзе цяплей.

— Не магу, каровы ў грэчку палезуць, трэба пільнаваць.

— Я тут часта езджу і бачу, што ты адна іх пасеш.

— Адна, бо мачыха загадала. Яна кажа, каб я ўсіх вясковых кароў пасвіла, бо плацяць крыху грошай, а так кажа, што я дармаедка і вопратка на мне гарыць як на агні.

— А чаму босая?

— Яна кажа, што марозу няма, значыць, і не замерзну.

— Ну, бывай, пастушачка. Я заўтра зноў буду ехаць у мястэчка і прывязу табе нешта з адзення ды абутку. Мая малодшая сястра ўжо вырасла, ёй усё цеснае, а табе будзе якраз.

Назаўтра Верачка знарок трымала кароў каля дзядзінца, чакала таго хлопца. І ён не падмануў, прывёз яшчэ дабруткія боцікі, дзве сукеначкі і цёплы каптанік.

— Табе нават навырост будзе, — сказаў, развязаўшы пакунак. — Гэтыя боты наш тата сам шыў, ён добры шавец. На наступнае лета зноў што-небудзь прывязу. А як жа цябе завуць, мілая пастушачка?

— Вера… А вас?

— Мяне Сяргей. Я сёлета паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут, буду вучыцца на доктара.

— Здорава!.. А я, пакуль не пастануць у хлявах каровы, нават у школу хадзіць не змагу, бо трэба пасвіць…

Наступіў верасень. Праз некалькі тыдняў Сяргей пешшу ішоў з мястэчка дадому, прыехаў з Мінска да бацькоў, каб
узяць харчоў. Здалёк убачыў гіркаўцоўскі статак, але малой пастушачкі ля яго не было. Абкрыўшыся вайсковай плашч-палаткай, бо церушыў халодны дождж, ля кароў хадзіў вусаты чалавек высокага росту.

— А дзе ж Верачка? — павітаўшыся, спытаў хлопец, бо ў душу закралася нейкая трывога.

— У дзіцячы дом уцякла. Паехала ў горад, папрасілася, і ўзялі. Малайчынка, бо мачыха яе зусім замучыла б. Такое злое стварэнне, проста ведзьма, дый годзе.

Сяргею чамусьці стала сумна. Ён не ведаў, куды дзець туфелькі, якія выменяў у Мінску за шмат сала, што далі бацькі. На ядзе эканоміў, каб хоць неяк дапамагчы дзяўчынцы.

— А яна дадому прыедзе?

— Можа, калі і прыедзе…

— Як убачыце, аддайце гэтыя туфелькі. Спецыяльна для яе купіў.

— А вы хто?

— Я Сяргей. Яна ведае.

Шмат гадоў хлопец хадзіў і ездзіў па дзядзінцы каля Гіркаўцоў, але ні разу не сустрэў Верачку. Колькі разоў пары­ваўся завярнуць на тупкую дарогу, што вяла да вёскі, распытаць у людзей, як склаўся лёс Верачкі. І аднойчы не стры­маўся.

Быў цёплы майскі ранак. Ён ішоў з мястэчка і скіраваў у вёску. Убачыў жанчыну, якая капала агарод. Павітаўшыся, спытаў:

— Тут некалі штодзень пасвіла кароў малая пастушачка, якую завуць Верачка. Потым мне адзін чалавек сказаў, што яна ўцякла ў дзіцячы дом. Можа, ведаеце, дзе цяпер?

— Не, сынок, нічога не ведаю. Вельмі пакрыўдзілася Верачка і на мачыху, і на бацьку. Ён жа ніколі за яе не заступаўся, ва ўсім слухаў злую бабу. Як паехала, так і ўсё… Недзе ўжо вырасла Верачка, пэўна, і школу закончыла. Добра, што ўцякла, можа, хоць дарогу ў жыццё сабе праб`е, а так была б служанкай у мачыхі.

Сяргей скончыў медыцынскі інстытут, ардынатуру і за­стаўся працаваць выкладчыкам. Яму пара было жаніцца, але ўсё нешта стрымлівала. Заляцанні маладых каляжанак і студэнтак мала хвалявалі. Усё помніліся карыя вочы малой пастушачкі, яе мілы тварык, усё цешыў сябе надзеяй, што яны яшчэ сустрэнуцца.

Аднойчы зімой ён пасля лекцый выходзіў з інстытута і на ганку ўбачыў Верачку. Яна, відаць, некага чакала. Пазнаў адразу, бо хіба нельга было не пазнаць тую, аб якой так шмат думаў, якую так марыў суст­рэць. Яна была ў чорным паліто і белым вязаным берэціку, што так пасаваў да смуглага твару. Невысокая, спрытная.

— Мая пастушачка… — вымавіў, падышоўшы. — Не замерзла ў пякучых росах?

— Сяргей! — яе твар асвятліла ўсмешка.

— Што ты тут робіш, Верачка?

— Я тут вучуся на першым курсе. А вы?

— А я вучу студэнтаў.

Яны глядзелі адзін на другога і не маглі адарваць вачэй. Потым Сяргей узяў Верачку пад руку і яны пайшлі па заснежанай вуліцы. Свавольнік-вецер абсыпаў іх зорачкамі сняжынак, нібы таксама радаваўся іхняму шчасцю…

Наш канал в Telegram Прислать свою новость на Viber
Читайте также
Обратите внимание