Наверх
EUR 2.3145
USD 2.0632
RUB(100) 3.2091
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Мова і… казуля

31 мая 2019 17:16
128
Поделиться:

Аляксей Якімовіч

Каб знішчыць беларускую мову, нашы ворагі часта кажуць, што яна непрыгожая, брыдкая, грубая.

З размовы з вялікім вучоным і філосафам Кітая Канфуцыем, якая адбылася дзве з паловай тысячы гадоў таму 

— Што неабходна для таго, каб краіна квітнела?

— Патрэбны тры рэчы: шмат хлеба, моцнае войска і наяўнасць разумных людзей.

— Чым можна ахвяраваць у выпадку крайняй неабходнасці?

— Арміяй, нават хлебам, але ні ў якім разе не станам розуму.

Каб знішчыць беларускую мову, нашы ворагі часта кажуць, што яна непрыгожая, брыдкая, грубая. Адным словам, створаная неразумнымі людзьмі.

Ці адпавядае гэта сапраўднасці? Паспрабуем паназіраць і паразважаць.

Канец мая. Каля васьмі гадзін раніцы. Хмарны дзень.

Праз невялікае балотца па наезджанай аўтамабілямі і пратаптанай людзьмі дарозе вяду веласіпед, падымаючыся на невялікі пагорачак. Непадалёку віднеецца пафарбаваны шчыт маёй дачы.

Нечакана адтуль, дзе цесна стаяць дачныя хаты, выбягае чырванавата-карычневая казуля. Высока паднімаючы пярэднія ногі ў густой высокай траве, абсыпанай дажджынкамі-расінкамі, яна скачкамі набліжаецца да мяне.

Якімі эпітэтамі можна ахарактарызаваць гэтае незвычайнае тварэнне Бога?

Не палянуюся, пастараюся падабраць іх: прыгожая, стройная, грацыёзная, імклівая, дзівосная і палахлівая.

Так, так, добра ведаю, што ўсе казулі палахлівыя. Ім прыходзіцца ратавацца і ад драпежнікаў, і ад чалавека.

Вельмі захацелася паразмаўляць з казуляй на роднай беларускай мове. Не толькі дзеля таго, каб упэўніцца, якая яна, мова маіх прашчураў: грубая ці ласкавая, пяшчотная, падобная на журчанне ляснога ручая, да гуку якога, несумненна, прывыкла казуля.

Яшчэ здалёку пачаў прасіць тварэнне Пана Бога: «Казуля, казулька, казулечка, не бяжы, не ўцякай, пастой, дазволь хоць хвілінку паразмаўляць з табою! Пачуй, мяне, казулька!»

Здарыўся цуд. Казуля спынілася непадалёку, метраў за пятнаццаць, і стала ўважліва глядзець на мяне. А я вырашыў звярнуцца да яе з наступнымі словамі, якія маланкай пранесліся ў галаве:

Адыходзіць раніца,

Наступае дзень.

Не хвалюйся, козачка.

Я не авадзень.

Не варухнуўшыся, стаяла перада мною казулька.

Тады вырашыў прывітацца з ёю, як звычайна вітаюцца з жаданым, доўгачаканым госцем:

Праплываюць хмаркі,

Прысылаюць цень.

Першы я вітаюся,

Кажу: «Добры дзень!»

А потым захацелася паскардзіцца, сказаць, што цяжка жывецца беларускай мове ў незалежнай беларускай дзяржаве.

Мне здалося, што козачка з дакорам паківала галавою і паімчалася ўздоўж дарогі, высока паднімаючы пярэднія ногі.

Якія пытанні падабраў для казулі?

Вось некаторыя з іх.

— Чаму нас не чуе ўлада, калі просім, каб назвы вуліц напісалі на беларускай мове?

— Чаму нас не чуе ўлада, калі просім, каб назвы вуліц давалі не тым, хто знішчаў Беларусь, а яе сапраўдным героям?

— Чаму беларускую мову пазбаўляюць публічнасці?

Чаму?.. Чаму?..

Так, гэтыя «чаму?» засталіся ў маёй душы, але я ўсё роўна ішоў усцешаны, усміхаючыся сам сабе. Ужо потым прыйшлі ў галаву іншыя вершаваныя радкі:

Мову нагінаюць.

Стогне, не даецца.

Вораг зубы скаліць,

Вораг з нас смяецца.

2019 год.

Наш канал в Telegram Прислать свою новость на Viber
Читайте также
Обратите внимание