Наверх
Слоним
пасмурно
5 °C
Зельва
пасмурно
5 °C
Волковыск
небольшой дождь
7 °C
Мосты
небольшой дождь
7 °C
Дятлово
небольшой дождь
7 °C
Барановичи
пасмурно
4 °C
EUR 2.2618
USD 2.0552
RUB(100) 3.2013
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

На жыццёвых скрыжаваннях: Мех бульбы

2 июня 2019 10:33
Поделиться:

Малюнак Яўгена Іванова

Над вёскай Вялікія Бартоўцы пачаў рассейвацца туман, і праз яго нясмела выглянула скупаватае вераснёўскае сонца. Старая Адэля Місонка ўзяла дзябку, кошык, белы мяшок з-пад цукру і пайшла ў агарод: трэба было дакапаць тры радкі бульбы. Сын Толя, які працаваў у калгасе вадзіцелем, строга забараняў ёй гэта рабіць:

— Як будзе выхадны, то сам дакапаю, не трэба табе корпацца ў халоднай зямлі. Потым будзеш наракаць, што паясніца баліць, ногі ныюць.

— У цябе сваіх спраў хапае. І на работу трэба хадзіць, і гаспадарку даглядаць, бо жонка Ядзя таксама здароўя не мае. Сама выкапала ўсё, то і з гэтымі радкамі спраўлюся. Ты толькі вечарам пад`едзь і занясі ў склеп, каб мне кошыкамі не цягаць.

— Занясу, — паабяцаў сын, і праз якую хвіліну яго грузавік знік за паваротам.

— Я думала, што ён табе памагаць прыехаў, — выйшаўшы на ганак, сказала суседка Серафіма Каначук. — Не звера­дзіўся б, каб і памог. Гэта не жарты. Увесь участак сама перарыла, столькі бульбы накапала. А ты ж старэйшая за мяне, — яна, абапіраючыся на палку, пашкандыбала да хлява.

— Як мой унук кажа, зайздросці моўчкі. Я вельмі рада, што сама.

— Хіба не цяжка?

— Цяжка, канешне, але як падумаю, што мне нянек яшчэ не трэба, то і сілы прыбаўляюцца. Каб у восемдзесят пяць гадоў ды самой рабіць усё і ў хаце, і каля хаты — гэта цяпер рэд­касць. Ты толькі не ўрачы, Серафімка, а то раптам занядужаю. Бывае, чалавек мовіць слова ў ліхую хвіліну…

— Не ўраку, не бойся…

Хоць сіноптыкі па тэлевізары і абяцалі добрае надвор`е, але бліжэй да полудня неба зацягнула аблокамі і пачаў сеяцца дождж. Дробненькі, нібы праз сіта.
«Не паспрыяла-такі Серафіма, наклікала непагадзь, — падумала Адэля, высыпаючы ў мяшок бульбу. — Мо кідаць, не дакапаўшы? Але што тут за дождж, не растану. Якія два кошыкі накапаю, і справа будзе зроблена».

З агароду яна не пайшла, хоць на дзябку ўжо наліпала зямля, клубні станавіліся мокрымі.

«Скажу Толю, каб ссыпаў не ў засек, а збоку ля яго. Як будзе сонейка, то вынесу патроху ды прасушу», — думала, выбраўшыся на абмежак.

Яна памыла ля калодзежа рукі, занесла ў пуню кошык і дзябку і ўсчарэпкалася на ганак. Успомніла, што трэба прапаліць у печцы, а дроў у хаце ні палена. Зноў злезла, пасуну­лася ў дрывотню, дзе заўсёды мела смальнякі на распалку і некалькі радоў сухіх дроў, што былі складзены пры дзвюх сценах. Некалі яе нябожчык-муж так рабіў, а цяпер і сын клапаціўся, каб маці не паліла сырымі дрывамі, з якіх капае вада.
Восеньскі дзень раставаў на вачах. Адэля запаліла ў печцы, на газавай пліце спякла два яйкі, закіпяціла вады для чаю. Усё рабіла няспешна, бо спяшацца, прынамсі, не было куды, ды і рух ужо не той. Глянула на гадзіннік, што вісеў на сцяне. Да серыяла, які глядзела штодзень і баялася прапусціць, было яшчэ шмат часу.

Павячэраўшы і пакарміўшы сабаку, што папрасіўся ў сені да сваёй каструлі, яна завесіла акно, уключыла святло. Каб не марнаваць дарэмна часу, прынесла з каморы рэшата з пер`ем, торбу, куды складвала скубенае, і ўзя­лася за справу. Але думкі былі не пра пер`е, а пра той мех бульбы, што застаўся на агародзе пад дажджом. Сын па нейкай прычыне не прыехаў, каб прыняць яго ў склеп. Прахіліўшы занавеску, выглянула ў акно, па якім барабаніў спорны дождж. Мех, нібы светлячок, бялеў у цемры.

«Можа, цёмнай посцілкай накінуць, каб не так вабіў зла­дзейскае вока?» — падумала, бо тыя, хто любіў паквапіцца на чужое дабро, у вёсцы былі.

Яна ўжо сабралася ісці ў сені па посцілку, якая заўсёды вісела там на цвіку, нават апранула старую куртку, ды раптам пачула, што за акном гудзіць машына.

«Во, Толічак мой прыехаў, — абрадавалася. — Зараз прыме той мех».

Але гэта быў не Толік. У святле фараў было відаць, што ад машыны подбегам накіраваўся ў агарод мужчына і большы ростам, і нашмат худзейшы за сына.

«Такі паквапіўся злодзей! — пранеслася ў галаве сумная думка. — Заблішчаў у цемры белы мяшок, і ён надумаўся пажывіцца чужым дабром. Не для цябе я капала бульбачку!»

Бабка адчыніла дзверы ў сені, ціхенька паклікала сабаку — нямецкую аўчарку.

— Тузік, вазьмі таго злыдня!

Сабака стралой выскачыў з сяней і кінуўся да мужчыны. Той ужо ўзяў мех на плячо і ад нечаканасці выпусціў яго. Сеў на мокрую зямлю.

«Малайчына, Тузічак! — абрадавалася Адэля. — Пакусаць не пакусае, а порткі парве. Так яму, злодзею, і трэба».

Але сабака не чапаў мужчыну, а стаяў побач і ціхенька скуголіў. А злодзей енчыў моцна. Ён паспрабаваў устаць, але зноў шлёпнуўся на дол.

Бабулька такі апранулася і пайшла глядзець, што там робіцца.

— Даруй, цётачка! Міленькая, выкліч хуткую дапамогу! Нешта ў спіне так забалела, што на нагах не ўтрымаўся, і цяпер вось не ўстану…

— А гэта Бог у цябе стрэльнуў, зладзейская твая натура! — старая пазнала Віцьку Рыбакова з другога канца вёскі, які славіўся тым, што ніколі не мінаў чужога дабра. Мабыць, і жыць не змог бы, каб не ўкраў.

— Не буду клікаць дактароў, каб ратавалі злодзея, — знарок прыстрашыла. — Так і сядзі ў балоце, пакуль хто не надыдзе.

Зноў заскуголіў сабака, нібы прасіў дапамагчы.

— Падзякуй Тузіку, што заступаецца за цябе, — сказала Адэля і паволі пайшла ў хату, дзе на палічцы ў кухні стаяў тэлефон…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание