Наверх
Слоним
пасмурно
10 °C
Зельва
пасмурно
10 °C
Волковыск
ясно
10 °C
Мосты
ясно
10 °C
Дятлово
ясно
10 °C
Барановичи
пасмурно
9 °C
EUR 2.2585
USD 2.0412
RUB(100) 3.198
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

На жыццевых скрыжаваннях: Шнар

9 июня 2019 11:06
Поделиться:

Малюнак Яўгена Іванова

На чыгуначным вакзале ў Маладзечне я чакала цягнік на Мінск. Быў хмурны кастрычніцкі надвячорак, церушыў халодны дождж, таму пасажыры, узяўшы білеты, сядзелі ў памяшканні. Блізка каля мяне прымастакаваўся худзенькі дзядок гадоў васьмідзесяці ў шэрай куртцы і чорнай кепцы. Ён трымаў на каленях вялікі цэлафанавы пакет і абыякава назіраў за пасажырамі. Раптам ягоны твар ажывіўся, на ім з`явілася ўсмешка. Я паглядзела ў той бок, што і дзядок, і заўважыла, як да нашай лаўкі падыходзіць высокі мажны мужчына, апрануты ў цёплую світку, але без шапкі. Відаць, яна была непатрэбна, бо галаву пакрывалі густыя сівыя валасы, што крыху кучаравіліся. На правай шчацэ амаль ад самай скроні да падбародка віднеўся тоўсты шнар. Даўнейшы, бо часткова размыўся, але рассечаны з такой сілай, што поўнасцю ўжо не размыецца ніколі. На выгляд гэты чалавек быў равеснікам худога дзядка, і па тым, як яны абрадаваліся
адзін другому, стала зразумела: знаёмыя, але не бачыліся вельмі даўно. Таўсцейшы з цяжкасцю пазнаў таго, хто яму прыязна ўсміхаўся

— Макарка! — радасна мовіў худзенькі. Ён устаў, падаў знаёмцу руку, а потым абняў яго.

— Хіба гэта ты, Алесь?!

— А хто ж! Я цябе адразу не пазнаў, але па кучаравай чупрыне здагадаўся.

— А я здагадаўся па тваёй усмешцы. Стары, а зубы прыгожыя, як у артыста. Ці, можа, гэта пратэзы?

— Ну і сказаў, пратэзы… Усе як адзін свае, бо з маладых гадоў палашчу крэмніевай вадой. Насыплю ў слоік крэмню, залью вадой, яна настаіцца, і палашчу.

— Ты заўсёды быў кемлівы, а я нават да зубнога доктара ленаваўся хадзіць, вось таму і павыбольвалі. Увогуле, як жывеш, Алесь?

— Ды ўсяк… У мінулым го­дзе жонка памерла, дык я неўзабаве прывёў сабе другую бабу.

— Як?!

— А проста. Яна з суседняй вёскі, і мы знаёмыя даўно. Марыя ніколі не была замужам, хоць і не брыдкая, і працавітая. Ды, відаць, лёс такі.

— А я б век не жаніўся, каб аўдавеў. Хоць пажыў бы спакойна, а то з ранку да вечара ўсё лаецца, усё павучае. Даўно адпусціў лейцы…

— Баба. Яны, мілы мой, усе такія, але без іх дрэнна. Ні зварыць, ні памыць, ні параіцца ў гаспадарчых справах. Я ж яшчэ і карову трымаю, і свіней, і рознай птушкі поўны двор.

— А дзеці хіба не памагаюць?

— Адзін сын у мяне, у Гомелі з сям`ёй жыве. Добрую работу мае, то яму мая гаспадарка не патрэбна, але я без яе не магу.

— Новая жонка маладая?

— На дваццаць гадоў мала­дзейшая. Працавітая, цягавітая, да сялянскай работы прывычная. Кажу аднойчы: давай збудзем карову, усё ж лягчэй. А яна: «І што тады? Будзем сядзець, уставіўшыся ў тэлевізар або ў акно». Разумееш… Мы і не сварымся ніколі, жывём дружна… Ну, а ты як? Раскажы пра сябе. Не бачы­ліся ж з юнацтва. Ты пасля арміі як пайшоў у прымы ў далёкае мястэчка Саваздзейкі, так і ўсё. А я доўгі час жыў у Казахстане, вярнуўся толькі тады, як маці памерла і трэба было даглядаць бацьку. Бачу, у цябе шрам на шчацэ. Дзе, Макар, параніўся? У аварыю трапіў, ці што?

— Не ў аварыю… Сын метку пакінуў, а потым збег у невядомым кірунку і вачэй не паказвае. Столькі гадоў прайшло…

— Бандытам вырас?

— Не, тут другое… Я ў маладосці вельмі ўлягаў у гарэлку, а характар меў паскудны. Як толькі вып`ю, так і цягне, каб з кім пабіцца. Ну, з мужчынамі не вельмі будзеш біцца, бо так дадуць, што дадому не давалачэшся. Жонку стаў лупіць, бо ў бабы сілы, нібы ў камара.

— За што біў?! Ды нават каб і было за што, то нельга біць слабейшага.

— А мацнейшыя ж, кажу, не даваліся. Біў проста так, каб ведала, хто ў хаце гаспадар.

— Ты прыйшоў у прымы, у яе хату, ды і гаспадар?

— Пакуль жыў яе бацька, то не надта распускаў рукі, бо цесць быў крутога нораву, мог не толькі пабіць, але і пакалечыць. А як ён памёр, то жонцы даставалася часта.

— Дурны ты, даруй за праўду…

— Дурны, за што і папла­ціўся… Сын мой тады ўжо ў арміі адслужыў. Вярнуўшыся, адразу ўладкаваўся вадзіцелем у райспажыўсаюз. Аднойчы я напіўся і па прывычцы пачаў гамашыць жонку, накруціўшы яе касу на руку. А ён якраз надышоў. Характар быў гарачы, як у дзеда. Схапіў са стала нож і паласнуў мне па твары. Я заліўся крывёй, а ён спалохаўся, хуценька пакідаў у сумку свае рэчы і пабег на станцыю. «Мама, вярнуся, калі гэтай пачвары не стане, а то я яго заб`ю!

— крыкнуў на хаду. — Людзі казалі, што ён цябе катуе амаль кожны дзень. Не цярпі, заяві ў міліцыю, няхай пасадзяць за
здзекі. Як уладкуюся на новым месцы, паведамлю табе».

— Ну і паведаміў?

— Праз жончыну сястру паведаміў, пісьмо ёй прыслаў, але яны мне нічога не сказалі і цяпер не кажуць. Пасля таго выпадку я спіртнога ў рот не бяру. Іншы раз і хочацца, але як успомню пра шнар, як падумаю, што ён жа мог мяне забіць, а сам у турму сесці… Шмат разоў казаў жонцы, каб напісала сыну, што я прашу ў яго прабачэння, што вельмі вінаваты. Няхай бы прыехаў.

— Напісала?

— Не ведаю, можа, і напісала… Так хочацца хоць перад смерцю паглядзець на яго, на ўнукаў, якія ўжо сталі дарослымі.

— Адкуль ведаеш?

— Жонка казала, а ёй — сястра, бо ён жа шле пісьмы на цётчын адрас. Часта плача і праклінае мяне, што з-за мяне і сама не бачыла іх ніколі. Гэты шнар перакрэсліў усё жыццё…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание