Наверх
Слоним
ясно
17 °C
Зельва
ясно
17 °C
Волковыск
ясно
20 °C
Мосты
ясно
20 °C
Дятлово
ясно
20 °C
Барановичи
ясно
16 °C
EUR 2.259
USD 2.0505
RUB(100) 3.1936
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Калі адлятуць журавы

16 июня 2019 12:20
Поделиться:

Малюнак Яўгена Іванова

Валя Суханок у аграгарадку Казіміркі была ва ўсіх на віду. Яна прыблукала сюды год назад з малымі дзеткамі: Сашу было тры гадкі, а Віцю — чатыры.

— Вазьміце мяне цялятніцай, — слёзна прасіла ў старшыні калгаса Аляўціны Снегавіковай. — Чула, што цялятніцы вам патрэбны. А як возьмеце, то і кватэру ж дасце.

Аляўціна Сідараўна глядзела на шэры твар кабеты, на яе паношаную, напэўна, з чужога пляча, сукенку, і не ведала, што рабіць. У цялятнік і сапраўды патрэбна была даглядчыца, ды не такая ж. Усё аблічча прышлай жанчыны выдавала яе цягу да алкаголю. Але калі зірнула на дзетак, сэрца ахінуў жаль. Хлопчыкі былі худзенькія, абы-як апранутыя, у большага на калені штаноў свяцілася вялікая дзірка. Відаць, даўно парваліся, бо краі ўжо абэрхаліся і віселі ніткі.

— Муж дзе? — спытала Аляўціна Сідараўна.

— А не было ніякага мужа.

— Ні ў аднаго хлопчыка, ні ў другога няма бацькі?

— Што адзін, што другі — сабакам сена косяць.

— Мамка, яны і зімой касілі? Зімой жа снег… — узняў на кабету сінія вочкі старэйшы хлопчык.

— Касілі — не касілі, гэта цябе не тычыць. Малы яшчэ, каб лезці ў такія справы.

Чуллівую душу старшыні агарнуў жаль да няшчасных дзетак, якім лёс даў такую маму.

— А там, дзе жылі раней, апека не цікавілася вашай сям`ёй? Па-мойму, павінна была цікавіцца.

— А як жа! Спуску не давалі. Гразіліся забраць малых, то я і паехала адтуль.

— Не думайце, Валя, што тут на вашу сям`ю не звернуць увагу. Звернуць, і неадкладна. І калі будзеце піць, то забяруць дзетак.

— Не буду, родненькая! І працаваць буду як мае быць. Я працаваць люблю.

— Каб вашы словы ды Богу ў вушы. Ладна. Вазьму на работу і жыллё дам. Прыватны дом. Ён у добрым стане, праўда, без усякіх бытавых зручнасцяў. Цяпер май, у печы паліць не трэба, а каб ежу згатаваць, то будуць прывозіць балонны газ. Заплаціць маеце чым?

— Няма ў мяне грошай…

— Выпішам аванс, але каб толькі на патрэбу скарысталі, а не… Ну, самі разумееце, пра што я.

— Не прап`ю, чэснае слова!

Валя стала працаваць, а хлопчыкаў аформілі ў дзіцячы садок. Загадчык фермы Іван Смольскі не мог нарадавацца з новай цялятніцы:

— І акуратная, і дасціпная. Цяляты заўсёды накормлены, чысценькія. Каб і хацеў прычапіцца, то няма да чаго.

Па ўсім было відаць, што кабеты не піла. Яна ўскапала ля дома грады і пасадзіла розную гародніну, а падвозчык кармоў Даніла Карчонак узараў участак, і вясковыя кабеты далі насення бульбы і дапамаглі пасадзіць некалькі сотак. Словам, жыццё наладжвалася.

— Мамка, я ў школу хачу… — прасіўся Віця. — Калі я пайду ў школу?

— На наступны год.

— А калі на наступны год?

— Восенню. Ну як табе растлумачыць? Калі ў вырай паляцяць журавы… Цябе ў дзіцячым садку хваляць, што кемлівы і паслухмяны. Такі ж і Саша. Так што, сыночкі, я за вас рада.

Мінуў цэлы год, як Валя не дакраналася да чаркі. Яна купіла сабе прыгожае ўбранне, накупляла рознай вопраткі і хлопчыкам. Людзі з апекі, што напачатку прыязджалі да яе ледзь не кожны тыдзень, цяпер наведваліся рэдка, бо прычыны не было прыязджаць.

У верасні, калі яна дакапала бульбу і ўбрала што-кольвечы з агародніны, знасіўшы ўсё ў склеп, на надворак зайшоў высокі, яшчэ не стары мужчына з чорнай чупрынай густых валасоў, нібы інеем пакрытых сівізной. Па чырвоным твары беспамылкова можна было вызначыць, што ён не размінаецца з чаркай. Карыя вочы, прыгожыя рысы твару… Каб не гэта здрадніцкая чырвань…

— Здарова, сяброўка мая даўняя! — выгукнуў, гледзячы, як Валя за плотам складвае у кучу бульбоўнік. Высокая, стройная, нібы дзяўчынка, у сіняй майцы і чорных спартыўных штанах. Прыгожы твар расчырванеўся ад работы.

— Бачу, добра жывеш. І курэй маеш, і свіння ў хляве рохкае.

— Ды жыву, бо не п`ю. І табе не раю.

— А дзе ж мой сынок? Ты, памятаю, цяжарная была…

— У дзіцячым садку, дзе ж яму быць. Хутка прыбягуць дадому.

Усе ў Казімірках, хто бачыў Міхася Карнейку, адразу вызначылі, што меншы Валін сынок ад яго, бо так быў падобны, нібы з волава выліты.

— Я таксама хачу з вамі жыць. На работу ўладкуюся, бо надакучыла бадзяцца па свеце.

— І доўга нажывеш? Не паспееш абагрэцца, як зноў знікнеш у невядомым кірунку. — Ёй і хацелася прыняць Міхася, і баялася. Як кажуць, пяцьдзясят на пяцьдзясят. — У мяне доўга сінякі не зажывалі ад тваіх пабояў. Добра памятаю…

— Больш такога не будзе! — запэўніў горача, што кабета і не хацела, а паверыла.

— Дай грошай, я па бутэльку збегаю. Бачыў, што магазін яшчэ адчынены.

— Ды не п`ю я…

— За сустрэчу! Па кроплі якой не пашкодзіць.

Ён прынёс бутэльку таннага віна. Валі дасталося менш, хоць яна ўжо была не супраць выпіць і больш.

— Жывеш як пані, а пра мяне забылася?! — зіркнуў спадылба, калі хмель ударыў у галаву. — Думала, не знайду? Ды я цябе і пад зямлёй знайду! — ён стукнуў Валю па твары з такой сілай, што бедная звалілася з табурэткі.

— Дзеці, бяжыце па суседзяў, няхай паклічуць участковага! — крыкнула спуджаным хлопчыкам. Тыя выбеглі на вуліцу, а за імі, падхапіўшы брудны рукзак, пашыбаваў і Міхась. Яму нельга было сустракацца з міліцыяй, бо яшчэ нядаўна збег ад яе.

А Валіна жыццё зноў пакацілася пад адхон. Пакаштаваўшы віна і зноў адчуўшы алкагольную цягу, стала патроху піць кожны дзень, а потым усё больш і больш… Хлопчыкаў забралі ў прытулак, а яе старшыня калгаса ўгаварыла палячыцца.

— Возьмешся за розум, то вернуць табе дзетак. Ты ж можаш жыць як людзі. Даказала гэта і сабе, і ўсім нам…
Лістападаўскім днём, калі праз хмары ледзь прабівалася скупое сонца, Саша і Віця сядзелі ля акна. Саша плакаў, а старэйшы брацік яго супакойваў:

— Мамачка не будзе піць віна і забярэ нас адсюль…

— Праўда?! — чорныя вочкі засвяціліся надзеяй.

— Праўда…

— Хутка? Калі адлятуць журавы і ты пойдзеш у школу?

— Раней забярэ, бо яна па нас таксама сумуе…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание