Наверх
EUR 2.2794
USD 2.0546
RUB(100) 3.1313
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

3 013 чалавек вывучыла Новадзявяткавіцкая школа за 60 гадоў (+ відэа)

20 июня 2019 17:43
860
Поделиться:

На свяце

Гасцінна расчыніла дзверы перад сваімі выпускнікамі, вучнямі, бацькамі і педагогамі Новадзявяткавіцкая сярэдняя школа ў дзень свайго 60-гадовага юбілею, які адзначылі ў мінулую суботу.

Свята, якое хоць і не пазначана чырвоным колерам у календары, стала сапраўды цёплай сямейнай сустрэчай, бо школа — гэта адзінае месца на планеце, якое аб`ядноўвае многіх і многіх людзей.

Новадзявяткавіцкая школа прайшла свой шлях ад царкоўна-прыхадской да сярэдняй, ад драўлянага будынка да цаглянага двухпавярховага… А яе ўрачыстае адкрыццё адбылося 1 верасня 1959 года. З гэтага часу і вядзецца адлік яе гісторыі. Першымі яе выпускнікамі сталі 18 чалавек.

Дырэктарамі школы за гэты час пабывалі шэсць педагогаў. Гэта Іван Іванавіч Хатэнка, Мікалай Гаўрылавіч Германюк, Сяргей Усцінавіч Хомчык, Уладзімір Іванавіч Фядута, Павел Уладзіміравіч Крот і Дзмітрый Аляксандравіч Блізнюк.

Цяпер пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Аляксандравіча Блізнюка ў школе працуюць 36 работнікаў, сярод якіх 21 настаўнік. 17 з іх маюць першую і вышэйшую катэгорыі.

Слаўныя старонкі гісторыі школы, яе дасягненні і традыцыі шаноўна беражэ краязнаўчы музей «Дыяменты даўніны», каля вытокаў стварэння якога стаялі настаўнікі Васіль Уладзіміравіч і Таццяна Пятроўна Ракуць. Знакаміты школьны музей наведваюць тысячы чалавек штогод.

Таццяна Пятроўна і Васіль Уладзіміравіч Ракуць праводзяць экскурсію па музеі

Сустрэча ў школе

Цікавыя факты з гісторыі школы

4 верасня 1959 г. адбыўся першы педсавет.

6 кастрычніка 1959 г. вынесена першае папярэджанне вартаўніку школы за нядобрасумдленнае выкананне сваіх абавязкаў.

У студзені 1960 г. упершыню выключылі са школы вучня — васьмікласніка — тэрмінам на 5 дзён.

1963/1964 навучальны год — вучням дазволілі карыстацца аўтаручкамі.

1985/1986 навучальны год — дазволена карыстацца калькулятарамі на ўроках хіміі і фізікі.

1990/1991 навучальны год — упершыню педсаветы сталі афармляць на беларускай мове.

1959/1960 навучальны год — вучні 8-10 класаў адмаўляліся вывучаць нямецкую мову як нацыянальную мову нямецкіх акупантаў.

1980/1981 навучальны год — у школе пачалі развіваць школьную трусагадоўлю (цягам 10 гадоў).

З 1959 да 2019 года ў школе працавалі 219 настаўнікаў, базавую адукацыю атрымалі 1672 вучні, сярэднюю — 1341 вучань, усяго 3013 навучэнцаў.

1987 год — вучань школы Д. шляхам трапнага пападання мяча разбіў аконнае шкло. У 2011 годзе яго прызначылі дырэктарам школы.

З 1961 да 2019 года 21 выпускнік атрымаў сярэбраныя і залатыя медалі.

З 1959 да 2019 года ў школе працавала 31 сямейная пара.

Новадзявяткавіцкая школа ганарыцца сваімі выпускнікамі. Сярод самых знакамітых, вядома ж, настаўнік-метадыст вышэйшай катэгорыі гэтай школы, выдатнік народнай асветы БССР, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Васіль Уладзіміравіч Ракуць, а таксама супрацоўнік інстытута нацыянальнай бяспекі Уладзімір Уладзіміравіч Ігнатовіч, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі шашак Аляксандр Уладзіміравіч Аніська і многія-многія іншыя.

Плённа развіваўся ў школе такі від спорту, як баскетбол. І асаблівая заслуга ў гэтым была настаўніка фізкультуры Леаніда Мацвеевіча Журовіча. На працягу 80-х, 90-х і 2000-х новадзявяткавіцкі баскетбол быў наймацнейшым у раёне. Сёння вучань школы Уладзіслаў Блізнюк з`яўляецца гульцом баскетбольнага клуба «Цмокі-Мінск», прызёрам міжнародных спаборніцтваў, кандыдатам у нацыянальную зборную па баскетболе.

Цеплыня сустрэчы

Чаканыя і нечаканыя сустрэчы і пераклічка выпускнікоў школ розных гадоў, слёзы радасці і цёплыя размовы, смешныя і дзесьці можа горкія ўспаміны… Новадзявяткавіцкая школа не забывае сваіх вучняў і працаўнікоў, а яны не забываюць родную школу. І колькі б гадоў ні споўнілася ёй — 60, як сёлета, 80 ці 100, яна будзе заўсёды юнай. А пакуль будзе існаваць і працаваць школа, разам з ёй яе вучні і педагогі будуць заставацца заўсёды маладымі і жыць з чыстымі і адкрытымі сэрцамі.

Новадзявяткавіцкая школа справіць свой і 70-гадовы, і 100-гадовы юбілей. Верыцца ў гэта.

Школа збярэ сваіх сяброў яшчэ не на адзін юбілей

Фота і відэа выпускніка Новадзявяткавіцкай школы Мікалая МІЦЮШЫНА

Наш канал в Telegram Прислать свою новость на Viber
Читайте также
Обратите внимание