
На чале з галоўным рэдактарам Віктарам Валадашчуком. Рэдакцыя «Газеты Слонімскай» узору 2017 года. Фота з архіва "ГС"
Не стала Віктара Валадашчука — заснавальніка і галоўнага рэдактара «Газеты Слонімскай», неабыякавага чалавека, шчырага беларуса.
Нам яшчэ належыць асэнсаваць феномен «ГС» як грамадска-палітычнага чынніка Слонімшчыны, феномен супольнасці слонімцаў, якія ў 1997 годзе падтрымалі прабеларускі, праеўрапейскі выбар газеты, падтрымалі выбар Віктара, які ён зрабіў яшчэ ў 1994 годзе, калі быў журналістам раённай газеты «Слонімскі веснік».
У дзяржаўнай газеце яму былі гарантаваны праца і досыць спакойнае, бесклапотнае жыццё з рэальнай перспектывай стаць галоўным рэдактарам, адно пішы «правільна». Пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 года і ўсталявання так званай вертыкалі ўлады дадалася яшчэ адна ўмова — не пісаць у незалежныя газеты.
Менавіта тады Віктар Валадашчук зрабіў свой выбар — пачаў працаваць у Менску ў незалежнай недзяржаўнай газеце «Свабода», а ў 1997 годзе заснаваў «Газету Слонімскую».
Бывае, чалавек апраўдвае сваю слабасць, свае няпэўныя кампрамісы словамі «такі час…». Але, лічу, якія мы, такі і час! Для Слонімшчыны час найбольшага ўздыму «Газеты Слонімскай» — гэта Час Віктара Валадашчука. Светлая памяць!