
Аляксей ЯКІМОВІЧ
На Брэстчыне ў старажытным горадзе Кобрыне ёсць музей расійскага палкаводца Аляксандра Суворава. Насупраць музея ўзвышаецца бюст Суворава, пастаўлены ў 1947 годзе.

Партрэт Аляксандра Суворава
Чым вызначыўся гэты палкаводзец у Беларусі? У 1794 годзе, камандуючы карнымі войскамі, знішчаў на Брэстчыне паўстанцаў, якімі кіраваў Тадэвуш Касцюшка.
Чаго хацелі паўстанцы? Вызваліцца ад расійскай акупацыі. Таму і праходзіла яно пад лозунгам «Свабода, цэласнасць, незалежнасць». Думкі паўстанцаў ярка выразіла народная «Песня беларускіх жаўнераў», складзеная на мове:
Помнім добра, што рабілі,
Як нас дзёрлі, як нас білі.
Дакуль будзем так маўчаці?
Годзе нам сядзець у хаце!
Нашто землю нам забралі?
Нашто ў путы закавалі?
Дачкі, жонкі нам гвалцілі!
Трэ, каб мы ім заплацілі!
Ці ужо мы ўсе сабакі?
Гаспадары – не бурлакі.
За што маем крыўду знаці?
За што церпіць наша маці?
Бывай здарова, Грыпіна!
Параска! Мая дзяўчына!
Ад вас цяпер ад`язджаем,
Да Касцюшкі ўсе прыстаем.
Народная песня мае яшчэ такія словы: «Пойдзем, хлопцы, да Касцюшкі – рубаць будзем маскалюшкі».
Што было, тое было. Як гаворыцца, з песні слова не выкінеш. Жорсткая, крывавая ішла сеча. У ёй удзельнічалі і мясцовыя сяляне, узброеныя косамі. Касінерамі іх называлі.
У сваёй аповесці «Панскае дзіця» я прыводжу адзін з эпізодаў гэтай бітвы. Пра яго ўспамінае царскі карнік капітан Іваноў: «А сапраўднае пекла ён [капітан Іваноў] зведаў на Кобрыншчыне, калі пад вёскай Крупчыцы 17 верасня (войскам камандаваў генерал-паручнік Аляксандр Васільевіч Сувораў) сустрэліся ў баі з паўстанцамі. Упершыню ён, капітан Іваноў, убачыў, як зацята б`юцца сяляне-касінеры. Не аднаго салдата косамі звалілі яны з каня. Калі б не казакі, то невядома, чыя ўзяла б. Націснулі казакі, і адступілі паўстанцы, схаваўшыся за сценамі Крупчыцкага кляштара (А. Я. : манастыра) кармелітаў. Але і кляштар іх не выратаваў. Уварваўшыся ў кляштар, казакі пасеклі іх шаблямі, нават параненых не пашкадавалі».

Партрэт Тадэвуша Касцюшкі
Хто павінен быў адзначыць заслугі «графа рымнікскага, святлейшага князя Італійскага, графа Расійскай і Рымскай імперый, генералісімуса расійскіх сухаземных і марскіх сіл, фельдмаршала аўстрыйскіх і сардзінскіх войск, Сардзінскага каралеўства, гранда і прынца каралеўскай крыві і кавалера 19 ордэнаў»? Канечне, тая краіна, якая паставіла яго ў Беларусі на чале карных атрадаў. Яна тады і адзначыла, не паскупілася. Праўда, за наш кошт. Так, Аляксандр Сувораў атрымаў ад імператрыцы Кацярыны Другой «в вечное и потомственное владение» Кобрынскую воласць з больш як 13 000 сялянскіх душ. Гэтая зямля была не куплена, а сілком забрана ў тутэйшых гаспадароў.
Забіралі зямлю і людзей, устанаўлівалі новыя парадкі, накіраваныя на знішчэнне тутэйшай мовы, культуры. Такі наказ царыца Кацярына дала і расійскаму салдату, і расійскаму настаўніку, і расійскаму папу. Вось што напісана ў яе ўказе ад 1795 года, калі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй, Расіяй і Аўстрыяй Расійская імперыя праглынула ўсе беларускія землі (заходнюю частку Беларусі і ўсходнюю частку Летувы): «Великое Княжество Литовское впредь именовать только Белой Русью, а народ её – белорусами, чем на века привяжем её к России. Замирить Литву (А. Я. : гэта значыць Вялікае Княства Літоўскае, пазней Беларусь) военной силой невозможно. Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя, русского попа. Именно они отнимут у белорусов не только их язык, но и саму память про самих себя».
А ці было ўслаўлена імя змагара за народную волю і роўнасць паміж людзьмі Тадэвуша Касцюшкі, які пасля паражэння паўстання вымушаны быў пакінуць радзіму і сем гадоў правёў у Амерыцы, дзе актыўна ўдзельнічаў у барацьбе паўночнаамерыканскіх калоній супраць англійскага каланіяльнага панавання (з`яўляецца нацыянальным героем ЗША і Польшчы, ганаровым грамадзянінам Францыі)?
На Брэстчыне ў вёсках Марачоўшчына і Малыя Сяхновічы (радзіме Тадэвуша Касцюшкі) створаны музеі, прысвечаныя Тадэвушу Касцюшку.
Што ж выходзіць? І Тадэвуш Касцюшка, і Аляксандр Сувораў з`яўляюцца нашымі нацыянальнымі героямі? Ці магчыма такое?
Напэўна, магчыма ў грамадстве, раздзеленым супрацьлеглымі перакананнямі і імкненнямі.
Ці не таму ястрабы з усходняй краіны-суседкі час ад часу, як метка выказаўся адзін наш вядомы палітык, «спрабуюць нас на зуб».
«Спрабуюць на зуб», бо лічаць нас ці не самым слабым звяном у шэрагу краін, якія выйшлі з былога Савецкага Саюза.
2019 год.
Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь