Наверх
Слоним
пасмурно
13 °C
Зельва
пасмурно
13 °C
Волковыск
пасмурно
14 °C
Мосты
пасмурно
14 °C
Дятлово
пасмурно
14 °C
Барановичи
пасмурно
12 °C
EUR 2.2619
USD 2.05
RUB(100) 3.1842
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Ліпавы цвет

14 июля 2019 9:34
Поделиться:

Малюнак Яўгена Іванова

Маю пляменніцу Галю пасля медыцынскага вучылішча накіравалі працаваць на ФАП у самы аддалены раён Мінскай вобласці. Сонечным вераснёўскім днём я паехала паглядзець, як яна там уладкавалася, і пазнаёміцца з новымі мясцінамі. Выйшаўшы з аўтобуса на ўскраіне вялікай вёскі Каліннікі, якую цяпер назы­ваюць аграгарадком, пайшла па шырокай вуліцы з прыгожымі дамамі ў засені садоў. Галя яшчэ працавала, і мне трэба было пачакаць якую гадзіну. На лаўцы пры плоце сядзела прыветлівая сівенькая бабулька з маршчыністым тварам і добрымі блакітнымі вачамі. Яна, даведаўшыся, хто я і чаго прыехала ў вёску, запрасіла сесці. Худымі рукамі, у якіх трымала бялюткую торбачку, бабулька абапіралася на адпаліраваны да бляску кіёк. Праз тканіну даносіўся дзівосны пах ліпавага цвету.

— Нехта вам даў ці самі збіраецеся каму даць? — кіўнуўшы на торбачку, спытала я.

— Летам праўнук, які прыязджаў з горада на канікулы, назбіраў, і я высушыла. А цяпер хачу перадаць нашаму Сцяпану Іванавічу, як хто будзе ісці ў той бок.

Яго хата непадалёку ад магазіна, так што людзі туды ходзяць часта.

Я маўчала, бо выпытваць у незнаёмай бабулькі пра чалавека, для якога яна хоча перадаць ліпавы цвет, было няёмка, яле яна загаварыла сама:

— Вось раскажу вам пра нашага Сцяпана Іванавіча. Свет прайдзіце, а такога добрага і спагадлівага чалавека не знойдзеце, — бабулька лацвей абаперлася на кіёк, паправіла на галаве сінюю хустку і працягвала далей: — Шмат гадоў таму назад яго прыслалі ў нашу школу дырэктарам. Сам, жонка Кацярына Лукінічна, таксама настаўніца, і маленькі сынок Славік. Працавалі, дом пабудавалі, хлопчыка свайго гадавалі.

Неяк неўпрыкмет ён вырас, школу скончыў, а потым універсітэт. Як надумаўся жаніцца, то вяселле бацькі спраўлялі ў нашых Калінніках, хоць маладая, кажуць, і не хацела, бо яна гарадская, вёскай пагарджала.

Неяк незадоўга пасля вяселля Кацярына Лукінічна і занемагла. З год які прамучылася і пайшла з жыцця. Сцяпан Іванавіч ажно пасівеў ад гора, цяжка было на яго глядзець. Але нічога не зробіш, з лёсам не паспрачаешся…

З таго часу стаў занемагаць наш дырэктар. Дапрацаваўшы да пенсіі, пакінуў школу. Летам займаўся садам і кветнікам, у яго вельмі прыгожыя кветкі былі, як ні ў каго ў вёсцы, а зімой сталярнічаў у сваёй майстэрні. Словам, не мог ся­дзець склаўшы рукі, хоць і дакучалі хваробы. А сёлета на згон зімы здарылася вялікая бяда. Калі вечарам ішоў па вуліцы, яго збіў на машыне Казік Буянок, хлопец наш вясковы. П`яны быў, як балота…

Усё б нічога, але правая нага ў Сцяпана Іванавіча была моцна пабіта, і дактарам прыйшлося яе адрэзаць. Ды так шмат, ажно вышэй калена… Ну, Казіка хацелі пасадзіць у турму, але Сцяпан Іванавіч заступіўся, маўляў, сам вінаваты, быў неасцярожны. Пашкадаваў і яго самога, і мацеру, што адна гадавала сына.

Здарылася так, што ў той самы дзень, як Казік прыйшоў на свет, яго бацька Віталік пайшоў з жыцця. Раптам, ад цяжкага інсульту. «Святы чалавек Сцяпан Іванавіч, заступнік наш! — казала Тамара Буянок усім, каго ні стрэне. — Я за яго кожную нядзельку свечку ў царкве стаўлю».

Бабулька памаўчала, узіраючыся ўдалечыню, потым загаварыла зноў:

— Калі выпісалі Сцяпана Іванавіча з бальніцы, то прывезлі дадому. А як ён будзе і страву варыць, і ў хаце прыбіраць? На мыліцах жа ходзіць… Пазванілі ў Мінск сыну. Ён прыехаў праз пару дзён разам з жонкай і з парога заявіў:

— Трэба цябе, бацька, у дом састарэлых афармляць, бо забіраць нам не выпадае…

— Ну як мы забяром, калі абое працуем?! — выказалася і нявестка. — Пойдзем на работу, а ты як?

— То я ж не зусім бездапаможны… Пакуль вернецеся, і адзін пабуду…

— Не і не!

— Выкінь такую думку з галавы!

Яны так адпіхвалі хворага бацьку, так грэбавалі ім, што ў яго на вачах выступілі слёзы.

Словам, пабылі дзеткі якую гадзіну і паехалі назад, а нашы вяскоўцы вырашылі так: шмат дабра зрабіў для людзей Сцяпан Іванавіч, то хіба дапусцім, каб дажываў ён свой век у казённым доме?.. Ён адзін, а нас шмат, то хіба не дагледзім? І ніякага сацыяльнага работніка не трэба, самі справімся. Будзем па чарзе да яго хадзіць, па дні. Вёска вялікая, людзей шмат.

— Я першая! — сказала Люба Свірская. — Ён жа мне так памог у цяжкую гадзіну, так памог!

Усе ведалі, чым памог. Любіна дачка Сняжана зацяжарала ў адзінаццатым класе. Хто-ніхто з вучняў ды і некаторыя настаўнікі сталі з яе насміхацца, папракаць. Дзяўчыне было хоць на вуліцу не выходзь. Сцяпан Іванавіч хутка спыніў балбатню, розныя плёткі па вёсцы. Сняжана скончыла школу, гандлёвае вучылішча ў Мінску. У сталіцы выйшла замуж, нара­дзіла яшчэ адно дзіцятка.

У нашай вёсцы быў такі хлопец — Віцька Коўшык. Такі ўжо неслух, што не перадаць словамі. Бацькі не маглі дачакацца, каб яго хутчэй у якое ПТВ сплавіць.

Аднойчы Сцяпан Іванавіч пайшоў да іх дадому пагутарыць.

— Ваш сын здольны на большае, чым быць слесарам, вучыцца можа, але не хоча. Я ведаю, што Віця марыць стаць лётчыкам. Дзясяты і адзінаццаты клас будзеце з ім займацца як след. І іншых настаўнікаў папрашу, а вы дысцыпліну трымайце.

Віця скончыў школу, лётнае вучылішча. І толькі Сцяпан Іванавіч накіраваў яго ў неба. Ды такіх прыкладаў мноства. Лю­дзі не забылі яго дабрыню, дагля­даюць як самага роднага чалавека. А я хоць ліпавага цвету перадам, з яго вельмі карысны і смачны напой будзе…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание