
Малюнак Яўгена Іванова
Худая як рыбін хвост Маня Кашулька не хадзіла, а лётала па сваіх Забэцьках: нарэшце яе дачка Ядзя сабралася замуж. Яна-то ўжо даўно была сабраўшыся, бо пераваліла за трыццаць, але жаніхі хату абміналі, каб яны долі не пазналі. І вось нарэшце Манін брат Сымон выпараў з халасцяцкай бярлогі Віцьку Шкіпідара з суседніх Ягнатцаў:
— Ледзь уламаў! — хваліўся сястры. — Кажу: колькі ўжо будзеш боўтацца як трэска ў палонцы? Пара сям`ю заводзіць. Як у прымы пойдзеш, то станеш бабамі камандаваць нібы які генерал. Так што ў суботу прывяду ў сваты, рыхтуйцеся.
Не паспела Ядзя прыйсці з работы з калгаснай канторы, як маці з запечку радаснай весткай аглушыла:
— У суботу сваты будуць! Віцька Шкіпідар згадзіўся ўзяць цябе замуж. Ведаеш такога?
— Што?! Ведаю Віцьку і замуж за яго не пайду нават пад пісталетам! Брыдкі надта. Тоўсты як камбайн, рыжы і рабаціністы, увесь твар нібы грэчкай абсыпаны.
— Авохці! А ты, канечне, прыгажуня, што там казаць. Худая нібы аглобля, твар пляскаты, нос шырокі, а на галаве валасоў усё адно як хто сеяў ды кінуў, не дасеяўшы. Для мяне ты, вядома, прыгожая, але ж у людзей свае вочы ёсць.
— Не пайду я жыць у Ягнятцы, бо гэна вёска задрыпаная! Адтуль людзі нават парасят не купляюць.
— Дома будзеш жыць, Віцька прымаком стане.
— Ну калі так, то добра, на прымака я згодна. Толькі слухай, каб вяселле было як належыць: з вэлюмам, з машынамі, з лялькамі на капоце.
Маці ўмовы прыняла, і было ўсё: і вэлюм, і машыны, і лялькі. Жаніх быў у новым касцюме, які Маня купіла ў райцэнтры, бо свайго ён не меў, амаль да сарака гадоў дажыўшы.
— Яно, канечне, шкада грошы на пустадомка аддаваць, — казала Ядзі, — але нічога, як будзе тут жыць, то адробіць у дзесяць столак.
Кабета ні на кроплю не сумнявалася, што зяць, прыйшоўшы ў прымы, стане ёй падпарадкоўвацца, бо, так бы мовіць, жыцьме на чужой тэрыторыі, есці хлеб з чужога стала.
Ды абманулася. У панядзелак пасля вяселля Ядзя пайшла на работу, а Віцька ўсё хроп, ажно шыбы ў вокнах звінелі. Ледзь успарола, каб паснедаў ды падаўся ў калгасную майстэрню слясарыць.
Адслясарыўшы, вярнуўся, паеў і зноў плюхнуўся на ложак. Узяў пульт ад тэлевізара і нібы пісталет нацэліў яго на экран.
— Чаго, зяцёк, разваліўся? Атаву на аселіцы трэба касіць, ужо ўсе людзі даўно пакасіўшы, у куратніку страха цячэ, варотцы ў агарод паламаліся, а ты вылежвацца будзеш? Не, галубок, так не будзе!
— Што ты скрыпіш, старая? Я ў тваёй хаце і абагрэцца не паспеў, а ты ўжо ў работу ўпрагаеш. Дай прывыкнуць!
— І доўга будзеш прывыкаць?
— Мо тыдзень, мо два…
Маня бразнула дзвярамі, узяла ў пуні касу і сама пайшла касіць атаву. Яна і не бачыла, як вярнулася з работы дачка, паела і таксама ўзвалілася на ложак. Убачыла толькі вечарам.
— Уселіся на мой карак і будзеце ехаць?!
— Мама, не ўмешвайся ў наша сямейнае жыццё! Мы лепш за цябе ведаем, што трэба рабіць!
Маня ноччу не змружыла вачэй, а раніцай зноў накінулася на зяця, папракала гультайствам.
— А чаго ты, цешча, уласна кажучы, ад мяне хочаш? Гэта атава, варотцы, страха і ўсё астатняе — яно маё? Не маё. То чаму я павінен клапаціцца?
Маня зноў усю ноч круцілася на мулкай пасцелі, яе галаву распіралі думкі:
— А і праўда, трэба перапісаць на Віцю гаспадарку, тады яму ахвотней будзе даглядаць усё і берагчы.
Праз тры дні яны з зяцем накіраваліся ў райцэнтр да натарыуса і зрабілі патрэбныя паперы. Дадому ён вярнуўся сапраўдным гаспадаром усяго рухомага і нерухомага дабра.
— Ну вось, няхай гаспадарыць, няхай кіруе, а я хоць адпачну, — думала Маня з палёгкай.
Але дарэмна радавалася. Назаўтра, прыйшоўшы з работы, Віцька зноў заняў назіральны пункт на ложку, па-ранейшаму ўзброіўшыся пультам. Цешча вачам сваім не паверыла. Яна-то думала, што зяць паесць ды возьмецца зграбаць і насіць з аселіцы сена, якое яна высушыла. Вечар жа вялікі, то потым можна і варотцы ў агарод паправіць, і страху ў куратніку залатаць.
На гэты раз не сварылася і не папракала, думала, што
зяць яшчэ не ўвайшоў у ролю гаспадара, яшчэ не ўсвядоміў, якая на ім ляжыць адказнасць за ўсё-ўсякае.
Так мінуў тыдзень. Маня маўчала, толькі злосна зыркала спадылба, калола Віцьку поглядам як кінжалам. Але на яго гэта не дзейнічала, усё адно як і на Ядзю. Яны былі задаволены жыццём і не абцяжарвалі сябе ні турботамі, ні работай.
Нарэшце старая не вытрымала:
— Гультаіна, заваліна! — накінулася на зяця. — Ляжыш, каб ты каменем лёг, а ў гаспадарцы столькі работы, куды ні кінь — усюды клін! І ў хляве, і ў агародзе, і склеп трэба рамантаваць. Адна не паспяваю…
— А яно тваё? — раўнадушна мовіў Віцька. — Чаго ты так клапоцішся пра чужое дабро? Твайго, цешчачка, тут ужо нічога няма, так што сядзі ціхенька, як мыш пад венікам…
Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь