
З калекцыяй

Слонімскія працаўніцы
На мінулым тыдні наша чытачка Лілія Мандрыкевіч адгукнулася на здымак «За самаварам», надрукаваны ў №28 «ГС».
— Гэта касцянёўскія жанчыны. Ведаю іх, бо мой муж родам з Касцянёў. Злева направа сядзіць Мялешка (імя не помню), далей стаіць Раіса Барысаўна Мароз, якая працавала піянерважатай і настаўніцай Касцянёўскай школы. Наступныя двое — гэта нейкія прыезджыя артысты. За імі стаіць Наталля Кніга, яна працавала на чыгунцы і жыве ў хаце каля чыгуначнага пераезда ля Касцянёў. Белая жанчына за ёй — гэта Марыя Пятроўна Картовіч, якая працавала паштальёнам у Касцянях і яна нядаўна памерла. Крайніх дваіх справа не пазнаю, — расказала Лілія Дзмітрыеўна.
Слонімскіх працаўніц колішняга льнозавода на фотаздымку з мінулага нумара газеты першым пазнаў Віктар Фёдаравіч Давыдзенка.
— Мая маці працавала на Слонімскім ільнозаводзе, я там часта бываў у дзяцінстве, нават мыўся ў іх лазні, таму ведаю жанчын на гэтым здымку. Першая злева стаіць Ірына Лупячэнка, другую не помню, як завуць, трэцяя — Ганна Канашонак, а чацвёртую, помню, звалі Ядзя, — распавёў Віктар Фёдаравіч.
Патэлефанавала нам і адна з гераінь гэтага здымка, Ірына Мікалаеўна Лупячэнка, якая назвала сябе, сваіх калег Валянціну Дрозд з Пятралевічаў (другая справа, няма ўжо сярод жывых), Ганну Іванаўну Канашонак (брыгадзір) і Ядвігу Зігмундаўну Бандарэнка.
Фота з архіва «ГС»