Наверх
Слоним
облачно с прояснениями
14 °C
Зельва
облачно с прояснениями
14 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
13 °C
Мосты
пасмурно
13 °C
Дятлово
пасмурно
13 °C
Барановичи
пасмурно
13 °C
EUR 2.2609
USD 2.0494
RUB(100) 3.2096
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Вядро чарніц

4 августа 2019 9:32
Поделиться:

Малюнак Яўгена Іванова

Вёска Сіняя Гара прачынаецца рана, а Клаўдзя Дымік раней за ўсіх. Не паспее сонца ўзысці, як яна ўжо на нагах. Вось і ў гэтую раніцу сабралася ісці ў агарод нарваць свінням травы і з-за плоту ўбачыла, што на падворку суседкі нямоглай Андрэеўны, паціху адчыніўшы брамку, ідуць дзве кабеты. Гэта былі Вера Кругліца і Адэля Варапайка з другога канца вёскі. У Адэліных руках было вядро, абвязанае нечым белым. Кабеты размаўлялі ціха, відаць, каб не патрывожыць Андрэеўну, якая, акрамя розных хваробаў, пакутавала яшчэ і ад бяссонніцы.

— Эй, вы што там прывалаклі? — таксама нямоцным голасам спытала Клаўдзя.

— Ціха! — прыклала палец да губ Вера. — Хацелі зрабіць тайна, ды хіба ў вёсцы што ўтоіш? Пачакай, зараз раскажам.

Паставіўшы вядро на ганак, Адэля з Верай выйшлі на вуліцу, спыніліся насупроць Клаў­дзінага агарода.

— Хочаш ведаць, дык ведай, але сама нікому не кажы, — мовіла Вера. — Гэта ж мы вядро чарніц прынеслі нашай Андрэеўне, бо сама яна назбіраць не можа.

— Не тое што назбіраць, да лесу не дойдзе… — голас у Адэлі быў сумны. — А некалі ж такая жвавая была, такая спрытная, можа, у ваколіцы такой не было. І колькі дабра людзям зрабіла, не перадаць словамі.

— Зрабіла, бо прафесія ў яе такая — дабро рабіць. Фельчаркай на ФАПе была, — абапёршыся аб плот, сказала Клаўдзя.

— Ат, не скажы, і фельчары ўсякія бываюць. Вунь у Абрамейках, што пад Маладзечнам, дзе мая сястра жыве, як рабочы дзень закончыцца, фельчарка дзверы ФАПа на замок, і з дома яе ўжо ніякімі пернікамі не выманіш. Раптам захварэе чалавек, папросяць, каб паглядзела, а яна адно: «Выклікайце хуткую дапамогу, бо я ўжо адпачываю». А хіба ад Андрэеўны хто калі чуў такія словы? Ніхто і ніколі!

— Ага, летась было сорак тры гады, як яна маладой дзяўчынай прыехала на наш ФАП. Тут і замуж выйшла, тут і аўдавела. Шкада, што Бог дзетак не даў, а так ужо і ўнукі дарослыя ў яе былі б…

— А памятаеце, як яна хадзіла ў Башлыкі за чатыры кіламетры бабцы Антонісе ўколы да­ваць? — Вера зірнула на вокны яшчэ дабротнай Андрэеўнінай хаты, у якіх залатым бляскам гарэла сонца. — Тры разы ў дзень за чатыры кіламетры! Пешшу, бо зіма была, на ровары ж не пае­дзеш. Усе тады думалі, што бабка не ачуняе, ажно выжыла, вясной ужо ў агародзе калупалася.

— Ну то чаго яе ў бальніцу не завезлі, тую Антоніху? — разважала Клаўдзя.

— Надта не хацела старая, слёзна прасіла Андрэеўну: «Міленькая, родненькая, палячы мяне тут! У цябе і рукі ласкавыя, і голас нейкі гаючы, здаецца, ён таксама лечыць. А ўрэшце рэшт, калі ўжо і суджана памерці, то каб у сваёй хаце…»

— Усё так, бабачкі. А прыгадайце, як аднойчы зімой наша Андрэеўна вярталася з выкліку з Дуброўнікаў і ўбачыла, што на возеры тоне хлопчык Захудоўскіх. Маленькі такі, усяго ў першы клас хадзіў. Пайшоў на каньках пакатацца і ўваліўся ў палонку. Андрэеўна якраз надышла. Скінула з сябе паліто, адарвала прасла ад бліжэйшага плоту — і адкуль толькі сілы ўзя­ліся — і папаўзла з ім па лёдзе. Выцягнула-такі малога… Праўда, ён потым у бальніцы доўгі час ляжаў, бо захварэў на запаленне лёгкіх. А цяпер вунь які хлопец вырас, ужо ў арміі адслужыў, у Мінску вучыцца… Бацькі тады
ледзь не рукі цалавалі Андрэеўне, так дзякавалі.

— Дзіва што! Яна і сама тады моцна прастудзілася, у бальніцы ра­зам з хлопчыкам ляжала. Усе казалі, што і дзетак нара­дзіць не можа таму, што моцна застудзілася…

— Ага, то з таго часу Ва­дзім Захудоўскі мамай Лідай яе называе, як прыедзе з горада, то адразу да яе бяжыць з пачастункамі.

Некалі, як была здаровая, Андрэеўна чарніц назбірвала многа. Вядома ж, ля лесу жывём. Як вольная хвіліна, то і бяжыць са збанком. І чарніцы тыя раздавала больш, чым сама ела. Асабліва шмат перападала Кацярыне Змітраковай, што жыве непадалёку ад возера. У Кацярыны тады былі малыя дзеці, трое, як кажуць, адно пад адным. Хіба ад іх адхілішся?

— Затое потым Кацярынін Васіль у хаце ў Андрэеўны такі цудоўны рамонт зрабіў. Гэта калі яна ўжо аўдавела. Грошы давала — не ўзяў. Дык яна дзецям абноўкі пакупляла ў райцэнтраўскім універмагу. Дабротныя такія палітончыкі ўсім траім. Бацькі браць не хацелі, а яна ўсміхаецца: «То што, я сама цяпер іх буду насіць?»

— Ой, загаварыліся мы з табой, Клаўдзечка, — Вера рушыла ісці, — а дома работы процьма.

— Нічога, пра добрага чалавека і пагаварыць хочацца, а работу век не пераробіш, — мовіла Клаўдзя. — Пачакайце, а як Андрэеўна тыя чарніцы ў хату ўнясе? Ёй жа цяжка.

— Сёння сацыяльная работніца да яе якраз прыйдзе, вось яна і ўнясе. І ўпарадкаваць паможа, варэнне, напрыклад, зварыць ды кампот паставіць. Словам, да­дуць рады.

Яны пайшлі, а Клаўдзя памыла ля калодзежа рукі, выцерла ручнічком, што заўсёды вісеў тут, і пайшла ў хату. Узяла ў кладоўцы літровы слоік малінавага варэння, паклала ў карзінку дваццаць яек і падалася да Андрэеўны, бо тая ўжо ўстала, адчыніла акно, каб упусціць ранішняй прахалоды. Клаўдзя ўспомніла, як Андрэеўна лячыла яе Сымона, як старалася хоць на дзянёк працягнуць яму жыццё. Толькі ад злой хваробы не было паратунку…

— Андрэеўна, адчыніце! — гукнула ў акно.

Яна ўзяла на ганку вядро чарніц, не чакаючы, пакуль сацыяльная работніца прыйдзе, і панесла ў хату.

— Гэта ад Веры і Адэлі, яны нядаўна паставілі, а гэта — ад мяне. — Паставіла на стол варэнне і пачала выкладваць яйкі. — І давайце падумаем, што з гэтых чарніц зробім?

Прыгожая з твару, але залішне поўная Андрэеўна, убачыўшы пачастункі вясковых кабет, праслязілася:

— Усе вы так клапоціцеся пра мяне, так дбаеце… Не толькі цяпер, а і пастаянна…

— Даўгі аддаём, Андрэеўна, адплачваем за вашу бязмерную дабрату…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание