Наверх
EUR 2.2714
USD 2.047
RUB(100) 3.1033
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Сто рублёў у чаравіку

11 августа 2019 9:51
125
Поделиться:

Малюнак Яўгена Іванова

Верасень ужо страшыў марозікамі, а Тамара Грак толькі цяпер спахапілася, што ёй няма чаго абуваць, як халады стануць яшчэ большыя, таму вырашыла ясным ранкам з`ез­дзіць у Маладзечна і купіць якія чаравікі. Не зімовыя боты, а менавіта чаравікі на восень. Хуценька паснедаўшы, накіравалася на аўтобусны прыпынак, што быў акурат пасярэдзіне іхніх Суханаўцаў. Было холадна, на траве блішчаў іней.

— Тамара Сідараўна, вы, мабыць, у горад сабраліся? — прыпынілася побач машына старшыні калгаса. За рулём быў сам Станіслаў Ігаравіч.

— Ага, на кірмаш хачу…

— То сядайце, — сказаў старшыня, выйшаў і адчыніў пярэднія дзверцы.

— Дзякуй! — мовіла, прымастакаваўшыся на зручным сядзенні, Тамара. — Не раз думаю, які ж вы добры і культурны чалавек. Усіх нас ведаеце па імені і па бацьку, з усякім стараецеся павітацца першым. Добра выхавалі бацькі, тут нічога не скажаш.

— Я дзетдомаўскі, бацькоў сваіх нават не памятаю…

— Ой, прабачце, што разверадзіла рану…

— Нічога, гэта рана зажыла праз столькі гадоў. Амаль зажыла…

Тамара па жаночай цікаўнасці хацела распытаць, што ж здарылася з ягонымі бацькамі, ды своечасова спахапілася: нельга лезці чалавеку ў душу, калі ён не просіць. Збоку крадком назірала за старшынёй.

«Які ж ён прыгожы! Крыху кучаравыя светлыя валасы, роўны нос, радзімка на верхняй губе. А як усміхаецца, то на шчоках выцінаюцца невялічкія ямачкі. І такі душэўны… Усяго паўгода працавала яна на ферме перад самай пенсіяй, а запомніў, як завуць, — думала з замілаваннем. — Шкада, што не жэніцца, у мясцовых дзевак проста эпідэмія, так сохнуць па ім».

Старшыня давёз яе да самага рынку, а сам паехаў па справах. Тамара адразу пашыбавала да палаткі Ніны Часноўскай, якая тут гандлявала мо гадоў з дваццаць. Ніна была з іхняй вёскі, але, выйшаўшы замуж за гарадскога хлопца, даўно перасялілася ў Маладзечна. Мела ў сваёй палатцы не толькі абутак, але і розную вопратку. Абжылася на гэтым гандлі як мае быць. Іхнія вясковыя кабеты нават ёй зайздросцілі. Старая, ужо на пенсію пара, а ўсё не кідае свайго прадпрымальніцтва, тырчыць тут, як таполя на Плюшчысе, у любую пару года. Мажная, чырванашчокая, высокага росту.

— Стаіць наша Нінка на кірмашы, нібы прывязаная, ні свят ёй няма, ні прысвяткаў, — казалі вясковыя бабы.

— Ага, кажуць сыну кватэру купіла, дачцэ хату пабудавала.

— Ой, больш слухайце, — заўсёды казала на гэта Тамара. — Аформіце дакументы, закупіце тавар і самі станьце побач. Я б не хацела такой работы. Яна гадоў з дваццаць не ведае, што такое водпуск. Нават на Каляды і на Вялікдзень, не кажучы ўжо пра іншыя святы, са сваёй палаткі не вылазіць. Затані яно, такое багацце!

Тамара таксама ў глыбіні душы Ніне зайздросціла, усё ж жаночая натура, але віду не падавала, бо тая была ёй сваячкай, іншы раз нават тавар адпускала са скідкай.

— Ой, Ніначка, стаяць яшчэ тыя чаравічкі, што я ў мінулы раз аблюбавала! – пасля прывітання прамовіла з радасцю. — Вунь тыя, чорненькія, са шнурочкамі.

— Стаяць, дзе іх халера дзене! Столькі прыперла з Масквы, што ніяк прадаць не магу, хоць цяпер і сезон.

— То я куплю, калі ёсць размер.

Размер быў. Ён знайшоўся адразу, бо стаяў на відавоку.

Тамара нацягнула на тоўстую нагу цёплую шкарпэтку, што брала з сабой, і, стаўшы ў палатцы на кардонку, скінула туфлі, пачала абуваць чаравікі. Раптам у левым нешта стала замінаць. Зняла, засунула ў сярэдзіну руку, выцягнула зялёныя паперкі.

«Грошы! Два разы па пяць­дзясят рублёў!» — пранеслася ў галаве. Хуценька ўперла руку назад.

Ніна нічога не бачыла, бо ўжо размаўляла з другой кабетай, якая мерала куртку.

«Разява! — у думках пакпіла са сваячкі Тамара. — Спяша­лася, на аўтамаце ўсунула грошы не ў кашалёк, а ў чаравік. Усунула і забылася».

Кабету ажно пот праняў: і аддаць трэба знаходку, і шкада. Зноў абула чаравік, патупала, лацвей уладкоўваючы нагу.

— Што, падышлі? — пацікавілася Ніна.

— Ага, акурат! — сказала радасна. — Нага, як у печцы. Бяру, Ніначка, нават разувацца не буду, так у іх добра.

— Ну і не разувайся. Восем­дзесят рублёў як з цябе, са сваячкі, а так іх па восемдзесят пяць прадаю. Насі здаровая.

— То дзякуй! Удачы табе ў гандлі!— Тамара паклала свае туфлі ў цэлафанавы пакет, аддала грошы. — Не буду перашкаджаць, бо пакупнікоў сёння шмат.

Яны развіталіся, і Тамара пайшла, адчуваючы пад пальцамі левай нагі тыя зялёненькія паперкі. Зайшла ў сквер, зняла чаравік і дастала купюры:

«Ну трэба ж быць такой разявай! — у думках дакарала Ніну. — Уперла абы куды. Ды такія грошы!» — паклала купюры ў кашалёк, дзе мела дзвесце рублёў — доўг брату, які цягнуўся яшчэ з лета. Цяпер хацела аддаць, бо ён ужо напамінаў.

Дзве зялёненькія пяцідзясяткі не давалі спакою, пяклі душу.

«Мо вярнуцца і аддаць? — разважала. — А што скажу? У чаравіку знайшла. То чаму не аддала адразу? Украла ды апомнілася? Нінка ўсёй радні раскажа. Во тады будзе! Мяне стануць папракаць, адвернуцца ад зладзейкі…»

«Ат, не надта яна пацела, тыя грошы зарабляючы! — вырашыла нарэшце. — У адным месцы купіла, у другім прадала. Калі крыху і страціць, то неўзабаве нажыве».

Адагнала сумненні, пайшла на прыпынак гарадскога аўтобуса, каб ехаць да брата і вяр­нуць доўг. Людзей было шмат, вядома ж, ля кірмашу, і яна
ледзь усунулася. Ціснулі з усіх бакоў.

Калі праз некалькі прыпынкаў падышла кандуктар браць за праезд і Тамара памкнулася да сумкі, каб дастаць кашалёк, то яе ледзь Кандрацій не абняў: сумка расшпілена, а кашалька не было! І тых ста рублёў, і двухсот, што брату, і тых, што былі адкладзены на дарогу дадому…

Наш канал в Telegram Прислать свою новость на Viber
Читайте также
Обратите внимание