Наверх
Слоним
небольшой дождь
12 °C
Зельва
небольшой дождь
12 °C
Волковыск
пасмурно
12 °C
Мосты
пасмурно
12 °C
Дятлово
пасмурно
12 °C
Барановичи
небольшой дождь
11 °C
EUR 2.2626
USD 2.0556
RUB(100) 3.1987
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Тры ружы

18 августа 2019 9:41
Поделиться:

Малюнак Яўгена Іванова

— Што будзем рабіць з бабкай Антонаўнай? — спытала старшая медсястра хірургічнага аддзялення Вера ў загадчыцы Лі­дзіі Аляксееўны. — Цяпер ля­жыць пасля складанай аперацыі на назе, а ніхто не наведвае, не дапамагае. Санітарак у нас мала, цяжка спраўляцца. Яе ж дзве дачкі ў Маладзечне жывуць, але вачэй не паказваюць.

— То пазваніце ім, паўшчувайце. Думаю, падзейнічае.

— Ды званіла я. Ніякай рэакцыі.

— Што тут зробіш, калі ў кабет няма душы. З міліцыяй жа іх сюды не прывядзём. Як-небудзь трэба самім спраўляцца.

Дочкі старой бабкі Антонаўны нібы пачулі гэту размову, бо на другі дзень абедзве з`явіліся ў бальніцы. Ды толькі не для таго, каб даглядаць маму.

— Што ты на нас жалішся кожнаму стрэчнаму-папярэчнаму?! — ледзь пераступіўшы парог, пачала тоўстая, як капа, Зіна. — Мы хоць і на пенсіі, але розных клопатаў хапае. Асабліва ў мяне.

— Авохці, толькі ў цябе? — узвілася крыху старэйшая і ху­дзейшая Ядзя. — Адзін у цябе клопат — доўга спаць ды шмат есці. А як маці ў пазамінулым годзе карову прадала, то ты першая па грошы паехала, нават мне нічога не сказала. Каб стрыечная сястра Лёдзя не пазваніла, то я, мабыць, і зусім нічога не ведала б.

— Я табе сама пазваніла б, дачушка, але ж тая пляткарка Лё­дзя апярэдзіла. Ёй абы агонь у чужую хату ўкінуць, — слабым голасам мовіла старэнькая. — Бывала, калі парсюка закалю ці авечку зарэжу, то абедзвюм жа давала, не было ў мяне ні горшай, ні лепшай дачкі…

— Урэшце рэшт тут ёсць абслугоўваючы персанал, мы не павінны з-пад цябе гаршчкі выносіць! — Зіна павалюхалася да парога. За ёй, злосна зыркнуўшы на маці, падалася і сястра.

Худзенькая Антонаўна адвярнулася да сцяны, каб ніхто не бачыў яе слёз, якія градам каціліся з упалых вачэй. Старэнькай было і крыўдна, і сорамна перад кабетамі з палаты за такіх няўдалых дачок.

— Толькі і чакаюць, каб хутчэй адправілася на той свет ды ім кватэру аслабаніла… — прарваўся скрозь слёзы балючы шэпт. Але яго пачулі.

— От жа ты скажы, нелюдзі! — абурылася суседка па палаце бабка Кацярына. — У мяне хоць дзеці і загінулі ў аўтакатастрофе, затое які слаўны ўнук ёсць. Ён таксама ездзіць у Маладзечна, кожны дзень на электрычцы ездзіць у Мінск, бо вучыцца там ва ўніверсітэце. Як вернецца, то адразу да мяне бяжыць. І ўсё нейкія гасцінцы нясе, клапоціцца, каб хутчэй паправілася.

— То ці ж не відно? А як ласкава абыходзіцца: усё бабулечка ды бабулечка, не тое, што мае. Слова добрага ад іх не пачуеш, — Антонаўна ўжо не хавала слёз. Крыху супакоіўшыся, сказала:

— Бачу, учора ён вам такі прыгожы букет васількоў прынёс! Нібы кавалачак неба ў палату ўпаў.

— Ага, ведае Андрэйка, што гэта мае любімыя кветкі. Не якія там ружы ці ліліі, а менавіта васількі…

— А мае любімыя — ружы, ды толькі ніхто ніколі іх не дарыў…

Назаўтра бабку Антонаўну павезлі на перавязку, і якраз у гэты час да Кацярыны прыехаў Андрэй.

— Унучак, вазьмі дома грошай і як будзеш ехаць да мяне, купі тры ружы для маёй суседкі. Яна такая адзінокая і няшчасная… Казала, любіць ружы, але ніхто ніколі ёй не дарыў.

— Будзе зроблена, бабулька! — правёў рукой па русай чупрыне высокі відны хлопец. — А што яна любіць есці? Я куплю і ёй, і табе, бо сёння стыпендыю атрымаў, так што і дома браць грошай не трэба. Мая павышаная стыпендыя — ого! Немалыя грошы!

… Бабулька Кацярына сканала ноччу. Без скаргаў, без стогну. Заснула і не прачнулася. Андрэй пад вечар зайшоў у палату і ўбачыў, што яе ложак пусты. Ён паклаў на тумбачку тры ружы для Антонаўны і, глытаючы слёзы, моўчкі выйшаў.

— Трымайся, унучак… І чаму гэта добрым людзям так не шанцуе ў жыцці? — мовіла ўслед бабка Антонаўна.

Старэнькая не спала ўсю ноч. Ёй так было шкада добрую і спагадлівую Кацярыну, так бедавала па Андрэю, што застаўся на свеце адзін-адзінюткі.

— Які ж слаўны хлопец! — шаптала сама сабе. — Бывала, прыйдзе і мне то соку прынясе, то пернікаў. І пасцель папраўляў…

Мінуў тыдзень, і Андрэй зноў прыйшоў у палату. Ён пахудзеў, пад прыгожымі сінімі вачамі заляглі кругі.

— Ну, як тут маецеся, Антонаўна? Вось прынёс вам дамашняй яды…

— Ах ты, маё дзіцятка! — праслязілася бабулька. — Во дзе залатое сэрца ў чалавека!

Андрэй прыходзіў да яе кожны дзень, і яны падоўгу размаўлялі. Аднойчы бабулька падала яму нейкія паперы:

— Унучак, я тут папрасіла добрых людзей, яны прывялі натарыуса, і ён аформіў усё, як належыць. Словам, я дару табе сваю трохпакаёвую кватэру.

— Навошта?! Мне ж ёсць дзе жыць…

— А я хітрая: дару табе кватэру, каб ты мяне да смерці дагледзеў, бо надта ж не хачу ў дом саста­рэлых. Я ужо не такая бездапаможная, як была раней: магу і хадзіць па хаце, і якую кольвечы ежу згатаваць. Не адмаўляйся, унучак, вазьмі, бо пры такіх дочках мне не мінуць дома састарэлых…

— Я і так буду вас дагля­даць. І не трэба гаварыць пра смерць. Май на двары, такая ўсюды прыгажосць, усё зацвітае! Доктар сказаў, што вас ужо выпішуць праз тыдзень, то паедзем жыць да мяне.

Усяго паўгода пражыла ў Андрэя бабка Антонаўна. У ласцы і дабрыні пражыла. А пасля пахавання хлопец даведаўся адрас яе дачок, паехаў і прапанаваў перапісаць на іх мацерыну кватэру…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание